Летняе надвор’е прыйшло на травеньскія канікулы

Некаторыя святы ў траўні сёлета выпалі на выходныя. Гэтак, Дзень працы – 1-га траўня – быў у суботу, адразу за ім, у нядзелю, праваслаўны Вялікдзень. Тым не менш, беларусы цяпер на травеньскіх канікулах.

Пасля пяцідзённага працоўнага тыдня – адразу чатыры выходныя. Сёлета 9-га мая – Дзень Перамогі – выпаў на нядзелю. А ўжо ў аўторак, 11-га, беларусы адзначаць Радаўніцу. Таму вольным зрабілі яшчэ і сёння. Праўда, яго прыйдзецца адпрацаваць – у суботу, 15-га траўня. Жыхары Менску радуюцца выходным:

«Выходныя даўгія, трэба адпачыць, а то школу заканчваем. Таму трэба перад экзаменам набрацца сілаў».

«Хаджу, гуляю, адпачываю! Да канца выходных! І ўвогуле ўсё ў нас у Беларусі супер!»

«Была на Менскім моры, атрымлівала асалоду ад лебедзяў, прыроды, блакітнага неба!».

«Я пенсіянер! У мяне свята вечнае, ха-ха».

«Надвор‘е дазваляе! Развеемся!».

Чатыры выходныя запар ды ў цёплае надвор’е – грэх заставацца ўдома. Адныя смажаць шашлыкі на прыродзе, іншыя садзяць гароды. Планы на выходныя менчукоў:

«Заўтра, вядома ж, ушануем памяць нашых продкаў – паедзем на могілкі».

«Я ўчора ездзіў роварам за горад. Ездзіў у Сулу. Вельмі файнае месца, сапраўды. Так шмат людзей. Ёсць там што паглядзець».

«Я толькі вярнулася ў Беларусь – была ў Адэсе. Літаральна першыя гадзіны ў Беларусі – тут выдатна, цёпла. Цяпер едзем за горад».

«Не ведаю, чым займацца, таму што я працую, а ў выходныя дні не ведаю, куды сябе дзець».

«Першы выходны, 8-га, прыйшла з начной змены, адпачывала цэлы дзень. 9-га, учора, гулялі цэлы дзень у горадзе. Сёння паход па крамах, заўтра наведванне могілак».

«Мы займаемся тым, чым звычайна. Ніякіх адрозненняў увогуле! А чым мы займаемся звычайна, я змоўчу».

«Рыхтаванне да вучобы, сесія, не больш за тое».

«Шашлыкі, рыбалка і гуляць – усё!»

«Заняцца спортам на ровары жадаю, потым пойдзем гуляць па горадзе. Дыхаць свежым паветрам, глядзець на горад, атрымліваць асалоду ад жыцця!».

Заўтра Радаўніца – дзень памінання памерлых. Адзначаецца яна заўжды ў другі аўторак пасля Вялікадня.

Каця Малей, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама