Сілавікі збіраюць звесткі праз бот «Магнит»

Да беларусаў, якіх раней затрымлівалі за палітыку, пачалі масава прыходзіць сілавікі, паведамляюць крыніцы «Белсату». Апроч традыцыйнага правярання чатаў, яны запускаюць у «Тэлеграме» бот «Магніт», які аналізуе звесткі і можа іх збіраць. Расказвае, чым бот можа быць небяспечным і што рабіць, каб ад яго абараніцца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Бот «Магнит» апошнім часам усё больш папулярны сярод сілавікоў. Яго ўсталёўваюць затрыманым падчас гэтак званых прафілактычных гутарак і нават пры мінанні дзяржаўнай мяжы.

«Гэта вельмі яскрава сведчыць пра тое, што прагрэс можа працаваць як у плюс, гэтак і ў мінус. І тое, што цяпер у Беларусі адбываецца, – гэта яўны абмен досведам з іншымі лічбавымі дыктатурамі, як Кітайская Народная Рэспубліка», – распавядае кіраўнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Напярэдадні 9-га траўня да нашага гледача з Беларусі дадому прыйшоў участковы і запатрабаваў даць тэлефон на правяранне.

«Прыходзіў учора мент, сказаў даць яму тэлефон. Спрабаваў праверыць мяне праз бот, але ён у мяне, на шчасце, не спрацаваў, далей за слова “start” не пайшло. Вельмі здзівіўся, разоў пяць спрабавалі, ізноў з тым жа эфектам. Пасля плюнулі, напісалі паперу, што падпісак на дэструктыўныя каналы няма, папярэдзілі, што за знявагу супрацоўнікаў МУС – крымінальная адказнасць, і пайшлі», – кажа беларус.

Да гэтага моманту няма інфармацыі пра ўсе функцыі «Магнита», але вядома, што бот можа збіраць звесткі пра падпіскі карыстальніка, выдаваць ID і нумар тэлефона. Таксама «Магнит» умее знаходзіць суполкі, на якія чалавек быў раней падпісаны, але адпісаўся.

«Важна разумець, што ёсць яшчэ дадатковыя меры, якія робяць сілавікі для збору інфармацыі. Напрыклад, яны выпампоўваюць адрасную кнігу карыстальніка, выпампоўваюць перапіску і гэтак далей. Там ужо можа быць вялікі аб’ём інфармацыі, якую ўжо можна будзе аналізаваць у будучыні», – патлумачыў эксперт лічбавай бяспекі Мікалай Кванталіяні.

Адмыслоўцы ў IT-сферы раяць трымаць акаўнт «чыстым», то бок рэгулярна выдаляць ліставанне і чаты ўва ўсіх сацыяльных сетках і мэсэнджарах, не ўступаць у адкрытыя палітычныя групы ды чаты і не пакідаць там каментароў, не дасылаць і не захоўваць пратэставых фота ды відэа. А лепей – стварыць асобны акаўнт.

«Ідэальны варыянт, калі ў нас прыходзяць сілавікі, мы даем ім наш тэлефон. Там ёсць новы тэлеграм-акаўнт, які проста дазваляе нам размаўляць і рабіць усё, што дазволена заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», – параіў Кванталіяні.

Важна памятаць і пра тое, што глядзець змесціва тэлефона ці кампʼютара тыя ж сілавікі маюць права, толькі калі на гэта ёсць дазвол кампетэнтных органаў. Але, вядома, гэтак званыя праваахоўнікі часта не прытрымліваюцца нават сваіх жа прыдуманых законаў.

«Пры нармальнай уладзе, нармальнай краіне гэта было б падставай для вялікага скандалу, разбору ў парламенце, бо, безумоўна, такога кшталту сачэнне за людзьмі дапушчальнае толькі з санкцыі пракурора. Толькі калі гаворка ідзе пра нейкія рэальныя падставы, нейкія рэальныя крымінальныя справы», – лічыць Андрэй Стрыжак.

Апошнім часам зʼяўлялася інфармацыя пра тое, што сілавікі актыўна правяраюць тэлефоны ў тых, хто мінае дзяржаўную мяжу. Улады Латвіі і Літвы папярэдзілі сваіх грамадзянаў, якія збіраюцца ў Беларусь, пра рызыку ўсталявання шпіёнскай прылады на іхных смартфонах. А лепей увогуле не браць тэлефонаў у такое рызыкоўнае падарожжа – рэкамендуюць латвійскія спецслужбы.

Святлана Кубрак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама