Сілавікі затрымалі дзяцей

Падтрымлівалі «Ісламскую дзяржаву», рыхтавалі тэракты і прытрымліваліся нацысцкай ідэалогіі – у гэтым вінавацяць падлеткаў, затрыманых у Магілёве і Віцебску. Самі ж дзеці кажуць, што ўзрывалі ў лесе «слоічкі з-пад ёду».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле сілавікоў, наводку на дзяцей дала «адна з заходніх спецслужбаў». Маўляў, на ўказку ўкраінскіх тэлеграм-каналаў падлеткі рабілі выбуховыя прылады. У тэлефонах арыштаваных знайшлі відэа такіх «падрываў».

«Гіперактыўныя дзеці схільныя на самой справе да зацікаўленасці ў гэтых экстрэмальных відах, скажам так, інтарэсаў і хобі. Яны нічога не парушылі, яны не ўзарвалі ніякую пабудову, ніякую машыну і ні на кога не напалі. Яны проста эксперыментавалі», – тлумачыць псіхолаг Ала Марціновіч.

Сілавікі расцанілі падлеткавае хуліганства як падрыхтоўку да тэрактаў, што рыхтавалі ў складзе арганізаванай групы. Агулам пад кантроль МУС трапіла больш за 10 юных грамадзянаў.

«На думку “BELPOL”, гэта такая страшылка рэжыму. І фактычна яна носіць прафілактычны характар. Магчыма, зараз уся вертыкаль пачне працаваць па прафілактыцы такога роду дзейнасці сярод дзяцей, падлеткаў», – кажа прадстаўнік«BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Гэта не першае затрыманне падлеткаў за апошні час. Паводле «Вясны», на канец траўня ў краіне было яшчэ двое непаўналетніх зняволеных, якія таксама сталі фігурантамі крымінальнай справы аб тэрарызме. Раней яшчэ чацвёра так званых экстрэмістаў сустрэлі сваё 18-годдзе за кратамі.

«Рэжыму трэба паказаць людзям у Беларусі, што яны за ўсім глядзяць, усё кантралююць і што сапраўды ёсць небяспека. І, бачыце, яны не могуць падабрацца да дарослых людзей, таму яны праз дзяцей спрабуюць заходзіць», – зазначае Уладзімір Жыгар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманыя падлеткі. Гомель, Беларусь. Крыніца: flagshtok / Telegram

Удакладняецца, што двум затрыманым падлеткам не пагражае юрыдычны пераслед: яны яшчэ не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці, але гэты досвед усё роўна не пройдзе для іх бясследна.

«Гэта псіхалагічная траўма і будзе нейкая кампенсацыя псіхалагічнай траўмы. Канешне, будуць і ўспаміны негатыўныя і нейкае застраванне, калі затарможваецца развіццё чалавека. Калі ён трапляе ў нейкую стрэсавую сітуацыю, то арганізм як бы замірае на гэтай сітуацыі, і далейшае развіццё ідзе з цяжкасцямі», – дадае Ала Марціновіч.

На іншага арыштаванага – дзесяцікласніка з Віцебску – завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў. Яму пагражае да 15-ці гадоў пазбаўлення волі.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама