Беспілотнікі спрабавалі атакаваць Маскву?

Ізноў неспакойна ў Расеі. Паводле мэра Масквы Сабяніна, гэтай ноччу расейская супрацьпаветраная абарона збіла два беспілотнікі, цэллю якіх была расейская сталіца. Адзін – у Калужскай вобласці, другі – блізу маскоўскай кальцавой.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Моцныя выбухі відавочцы назіралі і ў падмаскоўным «Дамадзедава». Там на плошчы каля тысячы квадратных метраў гарэў будынак аўтасэрвісу. Прычыну высвятляюць. Таксама з прычыны атакі беспілотнікаў у аэрапортах «Унукава» і «Дамадзедава» адклалі дзясяткі рэйсаў.

У той жа час у расейскім Міністэрстве абароны паведамляюць: ім удалося нейтралізаваць яшчэ адзінаццаць паветраных дронаў, якія ўначы спрабавалі атакаваць Крым.

«Кожны аб’ект, на якім нешта адбываецца, нейкі інцыдэнт, ён уносіць свой уклад у вайну супраць Украіны. Робім выснову, што за абʼект, які ўклад ён уносіць, і такім чынам робім выснову: чаго не далічыць расейская армія ці якія ў іх узнікнуць праблемы фінансавыя, лагістычныя, тэхнічныя, рэсурсныя і гэтак далей і да таго падобнае», – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

На фронце ж расейскія войскі спрабуюць перахапіць у Збройных сілаў Украіны ініцыятыву. Паводле генерал-палкоўніка ЗСУ Аляксандра Сырскага, акупанты выбралі галоўны кірунак для наступу – Харкаўская вобласць у кірунку вызваленага ўвосень Купянску.

«Выбіўшы нашыя войскі з Купянску на поўдзень да Баравой, яны фактычна прыкрыюць свой фланг або лінію фронту паставяць па Аскольскім вадасховішчы, што будзе натуральнай перашкодай і засцеражэ іх ад магчымых контратак або наступальных дзеянняў нашых войскаў», – лічыць вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беспілотнік. Фота: Аappp/Shutterstock/Fotodom

Усяго ж, паводле ўкраінскага Генштабу, на Лімана-Купянскім кірунку сканцэнтравана больш за сто тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Аснова штурмавых атрадаў расейцаў тут – так званыя фармаванні «Шторм-Z». Складаюцца яны ў асноўным са зняволеных, якіх вярбуе ўжо не Вагнэр, а расейскае Мінабароны.

«Самую вялікую праблему там складаюць роты «Шторм-Z». Іх вельмі цяжка спыняць. Цяжка сказаць, пад уплывам чаго яны ідуць у атаку, але яны не спыняюцца. І колькасць стратаў у іх падраздзяленнях іх не хвалюе», – дадае Жданаў.

Сёння на неакупаваных і набліжаных да фронту тэрыторыях Купянскага раёну абвясцілі абавязковую эвакуацыю.

«У мяне ўзнікаюць сумненні, што яны змогуць дамагчыся нейкага тактычнага, не кажучы ўжо пра стратэгічны поспех. Але пагроза для цывільнага насельніцтва, безумоўна, ёсць. Паколькі, калі актывізуюцца наступальныя дзеянні ў расейцаў, яны ў абавязковым парадку пачынаюць атакаваць і цывільнае насельніцтва. Таму эвакуацыя неабходная», – упэўнены Аляксандр Каваленка.

У сваю чаргу ЗСУ працягваюць наступальную аперацыю на бахмуцкім, мэлітопальскім ды бярдзянскім кірунках. Асноўнымі перашкодамі для хуткага прасоўвання ўкраінскіх войскаў заставацца расейскія мінныя палі ды авіяцыя.

«Тым не менш прасоўванне працягваецца, прасоўванне ў раёне Работына і Вэрбовага. Выхад на другую лінію абароны ўжо заслупаваны. У раёне Старамлынаўкі цяпер вядуцца баявыя дзеянні за сяло Ураджайнае, вызваленне якога дае магчымасць беспасярэдняга выхаду на Старамлынаўку і павелічэнне на флангах адпаведнага ўплыву ў напрамку вёскі Кермэнчык», – кажа Аляксандр Каваленка.

Напярэдадні ж расейцы абстралялі ракетамі Запарожжа ды трапілі ў жылы комплекс. У выніку загінулі не менш як 3 чалавекі, 7 – параненыя. Выбуховаю хваляю пашкодзіла 13 шматпавярховікаў, царкву, дзіцячую пляцоўку, крамы. Таксама «Шагэдамі» ды ракетамі атакавалі Данеччыну – там загінулі тры чалавекі, параненыя 10.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама