Расейскія ракетныя ўдары назвалі дзяржаўным тэрарызмам

Малдова асудзіла расейскі ракетны ўдар па Украіне. Афіцыйны Кішынэў падкрэсліў, што выкарыстанне малдаўскай паветранай прасторы для пралёту расейскіх крылатых ракетаў абсалютна непрымальна. Еўрапейскія суседзі Украіны называюць дзеянні Масквы дзяржаўным тэрарызмам і рыхтуюць юрыдычнае афармленне тэрарыстычнага статусу для Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вось так, пасярод інтэрв’ю аб павелічэнні гуманітарнай і вайсковай дапамогі Украіне, парламенцкі сакратар Міністэрства абароны Латвіі была вымушаная хавацца ад расейскіх ракетаў. Амбасадарка Нямеччыны ў Кіеве Анка Фэльдгузэн падчас абстрэлу таксама хавалася ў адным бамбасховішчы з кіяўлянамі. У сховішчы гатэлю перачэкваў масіраваную атаку еўракамісар юстыцыі Дыд’е Рэндэрс. Пазіцыя Еўразвязу не змянілася: сённяшнія і папярэднія абстрэлы гарадоў – гэта варварскі і баязлівы напад расейскіх войскаў на мірных людзей.

«Гэтыя атакі толькі паказваюць, што Расея выбірае тактыку мэтанакіраваных бамбаванняў мірнага насельніцтва. Гэта якраз тое, што супярэчыць міжнароднаму гуманітарнаму праву, і гэтыя атакі на цывільных асобаў прыраўноўваюцца да ваенных злачынстваў», – заявіў прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі Еўразвязу Пэтэр Стана.

Кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу Жузэп Бурэль заявіў, што дадатковая вайсковая падтрымка для Украіны – ужо ў дарозе. А старшыня Еўракамісіі, якая сёння наведала Эстонію, заявіла, што шакаваная нападам на ўкраінскія гарады.

«Расея зноўку паказала свету, за што яна выступае: за жорсткасць і тэрарызм. Вінаватыя ў гэтым мусяць панесці адказнасць», – падкрэсліла Урзуля фон дэр Ляен.

Парламент Эстоніі тэрмінова рыхтуе прызнанне Расеі дзяржаваю-тэрарыстам.

«Мы стаім на ўсходняй мяжы Еўразвязу. Далей ужо Расея. І мы звяртаемся да ўкраінцаў: мы будзем падтрымліваць вас усімі сродкамі, якія маем. Што Еўразвяз мусіць зрабіць – гэта як найхутчэй перадаць Украіне сродкі паветранай абароны, якія змаглі б абараніць украінскае мірнае насельніцтва і гарады ад расейскіх атак», – звярнулася да ўкраінцаў прэмʼер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

Масіраваны абстрэл украінскіх гарадоў – гэта паказнік адчаю Масквы ад кепскай сітуацыі на фронце, заявіў сёння прэзідэнт Літвы. Гітанас Наўседа наведаў нямецкія падраздзяленні, дыслакаваныя ў Літве, і назіраў за інтэграцыйнымі вучэннямі «Хуткі грыфон».

«Мы мусім быць гатовыя, што крамлёўскі рэжым пабачыць, як вайна ідзе да ганебнай паразы, і паспрабуе максімальна дэстабілізаваць сітуацыю, будзе дзейнічаць у адчаі, а гэта павялічыць агульную пагрозу як ва Украіне, так і навокал», – мяркуе літоўскі прэзідэнт.

Нямеччына бліжэйшымі днямі паставіць ва Украіну першую з чатырох сучасных сістэмаў супрацьракетнай абароны IRIS-T, заявіла сёння міністарка абароны Крыстынэ Лямбрэхт. Таксама Берлін дапаможа ў аднаўленні разбуранай інфраструктуры.

«Заўтра адбудзецца паседжанне “Вялікай сямёркі” праз відэасувязь. Лідар Украіны Уладзімір Зяленскі праз відэасувязь будзе ўдзельнічаць у саміце напачатку», – распавёў у панядзелак прэс-сакратар канцлера Нямеччыны Штэфэн Гэбэштрайт.

Еўразвяз асуджае заявы Аляксандра Лукашэнкі, што Украіна нібыта пагражае нападам на Беларусь, і лічыць іх непрымальнымі.

«Украіна – ахвяра агрэсіі, а не агрэсар. І мы нагадваем рэжыму Лукашэнкі, што Украіна зазнае жорсткі, незаконны нападам, што ёсць парушэннем Статуту ААН і міжнароднага права. І мы заклікаем рэжым у Менску ўстрымлівацца ад любога ўдзелу Беларусі ў гэтым жорсткім, нелегітымным прадпрыемстве», – заявіў прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі Еўразвязу Пэтэр Стана.

Таксама Брусель заклікае рэжым у Менску тэрмінова спыніць выкарыстанне беларускай тэрыторыі і беларускай паветранай прасторы для ўдараў расейскіх войскаў па Украіне.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама