Беларускія чыноўнікі ляцяць у Тэгеран

Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам прамысловасці Аляксандрам Рагожнікам ляціць у Іран. Паводле Міністэрства прамысловасці, на парадку дня – толькі пытанні эканамічнай супрацы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Застаецца толькі некалькі адыёзных краінаў, якія ў свеце ўспрымаюцца ці як краіны-тэрарысты, ці краіны, якія дапамагаюць тэрарызму. І таму мы бачым, што яны ездзяць адно да аднаго», – паведаміў чалец Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў.

Сёлета ў сакавіку Лукашэнка наведваў Іран асабіста, таксама з нібыта выключна эканамічнымі мэтамі. А ў траўні спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат заявіў пра планы рэжыму наладзіць вытворчасць іранскіх дронаў пад Гомлем.

«Хадзілі нейкія чуткі, размовы, намёкі, што ў Беларусі можна наладзіць зборку дронаў. Гэтая тэма магла быць тэмай абмеркавання ў тым ліку і міністра прамысловасці», – заявіў палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юры Дракахруст.

У межах візіту Рагожнік сустрэўся з першым віцэ-прэзідэнтам Ірану Магамадам Махбэрам. З ім у сакавіку сустракаўся і Лукашэнка. Летась агенцтва «Ройтэрз» са спасылкаю на іранскіх чыноўнікаў паведамляла, што менавіта Махбэр узгадняў у Маскве кантракт на пастаўку Расеі іранскай зброі: ракетаў і ўдарных дронаў.

Міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік. Фота: ММЗ / minprom.gov.by

«Іран і Беларусь спрабуюць зарабіць на расейскім уварванні ва Украіну. Ёсць патрэбы ў расейскай арміі і яны шукаюць шляхі, каб займаць нішы ў ваенна-прамысловым комплексе Расеі», – дадаў Рыгор Ніжнікаў.

Адметна, што візіт праходзіць на фоне абвінавачанняў, якія выстаўляюць Ірану ў рыхтаванні ды планаванні атакі баевікоў ХАМАС на Ізраіль. Іранскі духоўны лідар аятала Алі Хамэнэі датычнасць да нападу адмовіў, але вітаў «непапраўную вайсковую паразу Ізраілю і правал ягонай выведкі».

«У Ізраілю пазіцыя такая: Беларусь ніякі не сябра. Маецца на ўвазе афіцыйны Менск. Але каб ён не зрабіў нічога горшага, то з ім падтрымліваюць карэктныя прахалодныя стасункі», – лічыць Юры Дракахруст.

Афіцыйны Менск дагэтуль намагаўся падтрымоўваць адносіны з Ізраілем. Але вайна на Блізкім Усходзе можа паставіць Лукашэнку перад выбарам, і тады ўседзець на двух крэслах будзе складаней.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама