Мінадукацыі будзе рыхтаваць блогераў

«Улады калісьці недаацанілі 2020 год, недаацанілі ролю блогераў, – разважае блогер, аўтар YouTube-каналу «Народны рэпарцёр» Аляксандр Кабанаў. – Улада думала, што яна кантралюе інфапрастору. Яна не разумела, што інтэрнэт кантраляваць немагчыма, блогераў кантраляваць немагчыма. Іх можна толькі толькі перасаджаць, што яны і зрабілі. У выніку сёння ўлада разумее, што трэба ў інтэрнэце займаць сваю нішу».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дапамагчы ў гэтым уладам мусіць маштабнае прадукаванне і навучанне ў ВНУ блогераў, якія будуць прасоўваць дзяржаўныя наратывы. Працэс пачнецца, як толькі прафесію блогера ўнясуць у Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасадаў службоўцаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб у нас было як мага больш запатрабаваных спецыяльнасцяў, каб прыцягваць абітурыентаў. Калі ёсць попыт у прадпрыемстваў, мы адкрываем новыя кірункі», – справаздачыцца намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Аляксандра Пятрова.

Якія менавіта прадпрыемствы могуць мець попыт на новых блогераў, не ўдакладняецца. Зрэшты Аляксандр Кабанаў заўважае, што працэс з’яўлення праўладных блогераў, прывязаных да органаў мясцовай улады, ідзе ўжо цяпер:

«Гэта ўжо адбываецца. Блогеры зʼяўляюцца ад раённых газет, заводзяць Telegram, YouTube-каналы. Гэта ўсё робіцца пад наглядам райвыканкамаў. Проста ўлады хочуць гэта ўжо зрабіць на заканадаўчым узроўні, неяк усё прывязаць, каб яны былі пад кантролем».

Магчыма, не ўсе з існых праўладных блогераў дастаткова эфектыўныя.

«Рэжым разумее, што ў лічбавую эру, у якую мы жывём, дзяржтэлебачанне не такое эфектыўнае, магчыма, не так шмат людзей яго глядзяць. Я думаю, яны прыйшлі да высновы, што неабходна выкарыстоўваць больш мяккія метады, больш мяккую прапаганду», – разважае дырэктарка Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік.

А да таго ж спрабуюць кантраляваць інфлюэнсераў і блогераў, якія засталіся ў Беларусі і пры гэтым не выказваюцца на палітычныя тэмы. Днямі стала вядома пра затрыманне інфлюэнсеркі Ганны Бонд ды медыяперсоны Ларысы Грыбалёвай. Праз пэўны час яны апынуліся на волі.

Блогерка і вядоўца Ганна Бонд. Фота: annabondarchuk

/ Instagram

belsat.eu/…/01-11-2023-larysa-grybalyova-ya-doma-usyo-dobra

«Сябры, паўза зацягнулася, таму выходжу ў эфір. Я жывая, здаровая, са мной усё добра», – кажа Ганна Бонд у сваім відэа.

Яшчэ раней у поле зроку прапагандыстаў і сілавікоў трапіў фуд-блогер Кокобай. А да таго – папулярны сярод дзяцей і падлеткаў блогер Дзім Дзімыч.

«Сёння я быў у міністэрстве культуры. Мы пагаварылі наконт майго кантэнту, унеслі правільныя змены, як і ў любой іншай працы. Што я магу сказаць? Я нармальны чалавек, прапагандую здаровы лад жыцця і правільныя каштоўнасці», – справаздачыцца Дзім Дзімыч.

Леся Руднік мае пэўнасць, што папулярных персонаў будуць прымушаць прасоўваць на іхных пляцоўках наратывы лукашэнкаўскай прапаганды:

«Ніхто не ведае дакладна, якія гэта фарматы могуць быць. Я б чакала больш актыўнага ўключэння блогераў, якія выказваліся раней на палітычныя тэмы ў падтрымку дэмакратычных сілаў. Іх папросту папросяць памяняць публічна пазіцыю».

Аляксандр Кабанаў зазначае, што самае цікавае ў гэтым працэсе, колькі менавіта вядомых асобаў і з якіх прычынаў мусіць пагадзіцца на такую супрацу з рэжымам Лукашэнкі.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама