100 гадоў назад, 27 лістапада 1920 года, на Случчыне адбылося ўзброенае паўстанне за незалежнасць Беларусі і супраць бальшавіцкай навалы з усходу. Амаль месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна са слаба ўзброеных мясцовых сялянаў, змагаліся з загартаванымі ў баях чырвонымі войскамі.
1920 год. Пасля дзвюх спусташальных войнаў – Першай сусветнай ды Польска-савецкай, якія цягнуліся амаль 6 гадоў, – 21 кастрычніка ў Рызе Польшча ды Савецкая Расея падпісалі дамову. Пагадненне, між іншага, прадугледжвала падзел беларускіх земляў. Беларускую дэлегацыю на перамовы не запрасілі.
«Фактычна было вызначана, што Беларусь будзе падзелена, і мяжа якраз будзе праходзіць па Случчыне», – адзначае гісторык Алесь Смалянчук.
Навіна выклікала хвалю абурэння. Ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі аб незалежнасці ахапілі грамадства. На Случчыне, якая часова апынулася ў нейтральнай паласе, аднавіў дзейнасць Беларускі Нацыянальны Камітэт. Да аддзелаў самаабароны масава далучаліся сяляне. Пачалося ўзброенае паўстанне.
«Лепш казаць не паўстанне, а збройны чын. Гэта ад двух да чатырох тысячаў жаўнераў у Слуцкай брыгадзе. Там два палкі былі. З іх хіба палова не мела зброю», – падкрэслівае Смалянчук.
Першыя сутыкненні з добра ўзброенымі аддзеламі Чырвонай Арміі адбыліся ўжо 26–27 лістапада. І хаця беларускае войска цягам месяца зрабіла шэраг паспяховых атак, вызваліла некалькі вёсак і змусіла чырвоных адступаць, шанцаў на перамогу амаль не было. Ужо напрыканцы снежня было вырашана спыніць ваенныя дзеянні. Больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў сышлі ў Польшчу. Тыя ж, хто застаўся, трапілі ў бальшавіцкія лагеры, дзе большасць з іх загінула.
Гісторык Алесь Смалянчук адзначае: «Праблема ў тым, што ў савецкія часы гісторыкі, ідучы на павадку партыйных ідэолагаў, сцвярджалі, што паўстання не было. Ну, былі там, нехта пайшоў у лес, але змагання ніякага не было».
Камуністычная прапаганда дала свой плён. Толькі палова апытаных намі пінчукоў здолела ўзгадаць, што такое Слуцкі збройны чын.
Гераічную гісторыю Слуцкага паўстання пачалі актыўна даследаваць толькі ў 90-я. У вёсках, дзе адбываліся галоўныя падзеі, Грозава, Семежава і Чырвоная Слабада ўсталявалі памятныя крыжы. Тады ж рэжысёр Валер Панамароў зняў мастацкі фільм паводле твораў і сцэнары Васіля Быкава – «На чорных лядах».
Ігар Станкевіч, «Белсат»
Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Бахвалава («Белсат»), Дар’я Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY). Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх. Куды пісаць:
Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!