Беларусь губляе ў экспарце ды імпарце

Эканоміка Беларусі жорстка пакутуе праз палітыку ўраду. Кола нашых гандлёвых партнёраў рэзка звужаецца да адной краіны – Расеі. Самае прыкрае – нават гэты так званы стратэгічны партнёр не заўжды надзейны. Гэта пагроза як самой эканоміцы, гэтак і дзяржаўнасці, мяркуюць эксперты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На 6,4 % за 11 месяцаў мінулага года знізіўся аб’ём замежнага гандлю таварамі, паведамляе Белстат. Пры гэтым экспарт упаў на 4,2 %, а імпарт – на 8,5 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

«Зразумела, што ёсць прычынаю негатыўных з’яваў у замежным гандлі. Гэта па факце антыдзяржаўная палітыка, праз якую ўвялі санкцыі супраць Беларусі і краіна страціла значныя рынкі з цвёрдаю валютаю. Напрыклад, такая наменклатура тавараў, як калійныя ўгнаенні, як нафтаперапрацоўчы сектар, як машынабудаванне, як лесанарыхтоўчы комплекс», – тлумачыць эканаміст Віталь Алейнік.

Вышэйназваныя галіны не здолелі аднавіць ранейшых абʼёмаў экспарту ў грашовым вымярэнні, нават улічваючы павелічэнне паставак у Расею ды іншыя краіны СНД. Другою прычынаю падзення экспарту эканаміст называе валютны чыннік, бо асноўным экспартным рынкам для нас стала ўсё тая ж Расея са сваім рублём, у той час як беларускі экспарт вылічваецца ў амерыканскіх доларах. Паводле Віталя Алейніка, урад робіць вялікую памылку, калі канцэнтруе гандлёвую плынь толькі на адной краіне.

«Я б сказаў, што гэта суцэльнае грэбаванне базавымі паняткамі менеджменту рызыкі, і гэта нават сапраўднае злачынства, калі Расейская Федэрацыя можа маніпуляваць усёй краінаю, Рэспублікаю Беларусь, ужо не толькі ў палітычным сэнсе, але і з пункту гледжання ўсёй эканомікі», – робіць вынік эканаміст Віталь Алейнік.

Паводле эканаміста, за 11 месяцаў мінулага года 70% беларускага экспарту прыходзіліся на краіны СНД, з якіх 90% складаў менавіта расейскі рынак. У цэлым Белстат не раскрывае звестак пра канкрэтныя таварныя пазіцыі ды краіны, задзеяныя ў імпарце ды экспарце. Хаваць інфармацыю ведамства пачало з 2021-га года: першыя зніклі звесткі якраз пра экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў.

«Статыстыка – гэта інструмент палітычны. Хто мае статыстыку, той можа маніпуляваць грамадскаю думкаю, маніпуляваць думкаю вонкава-палітычных, вонкава-эканамічных партнёраў. Таму, канечне, калі не выгадна публікаваць тую ці іншую інфармацыю, то яе выгадней схаваць альбо падаць яе ў нейкім выглядзе такім, каб яе было складана прааналізаваць», – зазначае публіцыст і эканаміст Алесь Чайчыц.

Часткова інфармацыю пра экспарт, якую немагчыма знайсці ў Беларусі, можна адшукаць у той жа Расеі. Гэтак, аналітычнае агенцтва «Автостат» паведамляе, што продаж беларускіх цяжкавікоў «МАЗ» за апошні год знізіўся на 20,6 %. Атрымоўваецца, што праблемы ў гандлі ўзнікаюць нават з амаль адзіным партнёрам. І гэта ўсё будзе весці да паступовага пагаршэння.

«Эканоміка завязаная на Расейскую Федэрацыю, а расейская эканоміка сама па сабе будзе падаць з улікам вайны, з улікам санкцыяў, з улікам знішчанай дзелавой рэпутацыі Расеі. Проста ніхто не захоча рабіць бізнесу з Расеяй і ніхто не захоча рабіць бізнесу з Беларуссю. Гэта ўсё будзе весці да паступовага пагаршэння», – робіць прагноз публіцыст і эканаміст Алесь Чайчыц.

Песімістычнага прагнозу адносна Беларусі прытрымліваецца і Сусветны банк. Першапачаткова ён чакаў падзення беларускай эканомікі сёлета толькі на 1,5 %, але цяпер пагоршыў свой прагноз.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама