Кіно і ўкраінцы: КДБ абвінавачвае Кіеў у падрыхтоўцы тэрактаў

Тэлекампанія КДБ у супрацы з «Журфак-прадакшн» прадстаўляе. Сілавікі Лукашэнкі абвінавацілі ўкраінскія ўлады ў падрыхтоўцы тэрактаў у Беларусі – якраз на свята 9 траўня. Абвінавачанне прагучала ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ. У рамках прапагандысцкага фільму «Забойная пасылка». Дарэчы, ва Украіне і фільм, і сам тэлеканал заблакаваныя на Ютубе за шматразовыя скаргі на парушэнне закону стваральнікамі відэа – прапагандыстамі Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэлеканал ОНТ, які абслугоўвае Аляксандра Лукашэнку, выпусціў у эфір чарговы псеўдадакументальны фільм аб працы КДБ. Псеўдадакументальны, бо ў ім рэальныя людзі, якім пагражае расстрэл, перамяшаныя з акторамі-непрафесіяналамі, якія граюць сцэнкі аб важнасці супрацы з КДБ. Аўтары фільму сцвярджаюць, што падначаленыя Івана Церцеля раскрылі дастаўку ў Беларусь кампанентаў для самаробных бомбаў. Затрыманыя прынамсі 4 асобы за нібыта супрацу з Галоўным упраўленнем выведкі Міністэрства абароны Украіны.

«Відавочна, мэтай было паказаць, наколькі эфектыўна працуюць беларускія спецслужбы, што ў іх усё атрымліваецца, яны перадухіляюць тэракты, што ў беларускім грамадстве яшчэ ёсць людзі, так сказаць, гатовыя супрацоўнічаць з тэрарыстамі, з украінскімі спецслужбамі, але іх няшмат, і беларускія спецслужбы з імі эфектыўна змагаюцца», – тлумачыць гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Паводле сюжэту, у Менск з Украіны ў пасылках выслалі дзве электрычныя пліткі, у якіх схаваная выбухоўка. Нібыта такім жа чынам ўкраінская выведка рабіла і дастаўкі бомбаў у Крым. Выбухоўка – амерыканская, Сі-4 – едзе звычайнаю поштаю з Украіны ў Італію. А гэта дзяржава NATO і Еўразвязу. А адтуль – на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюзу. Потым – у паштовае аддзяленне ў Менску.

«Выбухоўка, як вынікае з фільму, была дасланая поштай. На якіх ідыётаў гэта разлічана, што праз пошту можна атрымаць выбухоўку?» – здзіўляецца Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XII склікання, аглядальнік радыё «Свабода».

На відэа ОНТ дзве электрапліткі знаходзяць па-рознаму. Адну вяроўкаю выцягвае з зямлі сапёр, другую – проста дастаюць рукамі. У раскручаных плітках – нібыта кампаненты выбуховых прыладаў. Мы паказалі гэтыя кадры спецыялістам сапёрна-выбуховай справы.

«Чыста тэарэтычна кампаненты падобныя: дыстанцыйнае кіраванне, электрадэтанатары, выбуховае рэчыва. Але муляжы гэта ці не – як вызначыць? І калі не муляжы – ці не са складаў КДБ?» – кажуць крыніцы «Белсату» ў Інжынерных войсках.

КДБ сцвярджае, што 2 кг амерыканскай выбухоўкі хапіла б, каб пусціць пад адхон некалькі цягнікоў.

«Тут штосьці “Made in China”. Падобна на літыева-палімерныя батарэі. А потым на стале ў судмедэксперта гэтага няма. Нават калі на стале выбухоўка С-4, ніякай сувязі з пакетамі з нібыта “аператыўных здымкаў” правесці немагчыма», – тлумачаць адмыслоўцы, якія паглядзелі фільм ОНТ/КДБ.

Для пераканальнасці бомбу паказваюць у службовым кабінеце.

«На 21-й хвіліне фільму дэтанатары ЭДП – электрадэтанатары прамысловыя. А на стале ў судмедэксперта ЭДП-Р – прамысловыя разьбовыя. На стале нават электраплітка іншая. Не стараюцца нават з фальсіфікацыямі», – падкрэсліваюць крыніцы «Белсату» ў Інжынерных войсках.

Паводле сюжэту затрыманыя грамадзяне Беларусі, падазраваныя ў здрадзе дзяржаве, супрацоўнічалі з Валерыем Водзіным, байцом палка Кастуся Каліноўскага – беларускага падраздзялення ЗСУ. У палку «Белсату» паведамілі, што Валерый ужо больш за паўгода там не служыць.

У фільме паказваюць перапіску Валерыя з падазраванымі, але не вядома, ці ён гэта насамрэч.

Стваральнікі фільму робяць акцэнт на сексуальнай арыентацыі Валерыя і аднаго з падазраваных, нібыта абвінавачваюць іх у гомасексуальнасці.

«Гэтай тэмы – ЛГБТ – у Беларусі не было ў такой ступені, як у Расеі, дзе ЛГБТ – адна з галоўных у прапагандзе. Тэма ЛГБТ так не прысутнічала», – падкрэслівае Аляксандр Фрыдман.

У пастановачнай частцы фільму задзеяныя выкладчыкі ды студэнты журфаку БДУ. Іх пазнала газета «Наша Ніва». У ролях у КДБ: Аліцыя Пінюта, дацэнтка кафедры перыядычнага друку і ўэб-журналістыкі, Алеся Кузьмінава, загадчыца кафедры тэлерадыёвяшчання, студэнт Уладзіслаў Пералыгін, а ў галоўнай ролі – студэнт Ілля Міронаў. Напрыканцы фільму ён паказвае, што калі табе прапаноўваюць забраць пасылку з-за мяжы, то трэба ісці ў КДБ.

«Мне вельмі шкада гэтага студэнта журфаку. Ён пачаў свой прафесійны шлях з вялізарнай плямы на сабе самым. Потым, у свабоднай дэмакратычнай Беларусі яму будзе вельмі цяжка адмыцца. Яны хочуць паказаць, што закладваць людзей, “стучаць”, даносіць на сваіх сяброў – гэта нармальна. Не! Гэта ненармальна», – перакананы Сяргей Навумчык.

Эксперты мяркуюць, што фільм быў створаны загадзя, але яго адмыслова паказалі цяпер, каб адцягнуць увагу ад здароўя Лукашэнкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама