Падвялі вынікі ўступнай кампаніі

На дзевяцьсот меней. Міністэрства адукацыі Беларусі сёлета знізіла агульную колькасць месцаў ва ўніверсітэтах для студэнтаў-першакурснікаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пры гэтым павелічэнне бюджэтных месцаў склала крыху больш за 600 пры зніжэнні платных на 1500», – справаздачыцца першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Бахановіч.

Колькасць месцаў для студэнтаў-першакурснікаў зменшылі, нягледзячы на павелічэнне агульнай колькасці адзінаццацікласнікаў. Іх на шэсцьсот болей, чым летась.

«Зніжэнне тых, хто паступае ў беларускія навучальныя ўстановы, ёсць, мы бачым гэта. І яно будзе працягвацца з прычыны ўведзеных новых нормаў, згодна якім, трэба адпрацоўваць значна больш часу, чым раней. Да таго ж гэта павелічэнне колькасці так званых “мэтавікоў”, павелічэнне тэрмінаў адпрацоўкі ў бюджэтнікаў», – кажа эксперт у галіне адукацыі, навукі, інавацыяў Андрэй Лаўрухін.

На бюджэце ў дзяржаўных ВНУ сёлета – недабор. Залічылі амаль трыццаць тысяч асобаў. Гэткім чынам, на два адсоткі не дацягнулі да плану. Найбольшыя прахадныя балы сёлета – на спецыяльнасці «міжнароднае права» у БДУ: трыста дзевяноста восем.

Найвышэйшы конкурс – больш за васямнаццаць асобаў на месца – у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на «графічны дызайн і дызайн мультымедыя». І гэта пры сярэднім у краіне конкурсе – адна цэлая чатыры дзясятыя на месца.

Да таго ж сёлетнюю ўступную кампанію суправаджаў скандал. Непаразуменне выклікала сістэма падлікаў вынікаў цэнтралізаванага іспыту, што аб’яднаў школьны выпускны экзамен і цэнтралізаванае тэставанне. У сітуацыю ўмяшаўся Лукашэнка:

«Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы за цэнтралізаваны іспыт. Яны нейкія статыстычныя лічбы на камп’ютары пачалі выводзіць. Каму гэта трэба?»

«Змяненні працэдуры паступлення – гэта традыцыйная практыка міністэрства адукацыі. Замест таго, каб займацца развіццём, паглыбленнем зместу, рэфармаваннем, Міністэрства адукацыі заўсёды робіць акцэнт на кантролі», – упэўненая незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэту. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года. Фота: Белсат

Зрэшты, міністр адукацыі Андрэй Іванец станоўча ацэньвае як сістэму падліку вынікаў, так і цэнтралізаваны экзамен:

«Было пэўнае хваляванне з пункту гледжання складанасці выкарыстанай формулы. Мы яшчэ раз падкрэсліваем, што ўвесь падлік быў выкананы абсалютна карэктна. Сістэма правядзення цэнтралізаванага іспыту пераважнай большасцю ацэньваецца станоўча. І бацькі, і выкладчыкі падтрымліваюць працяг дадзенай траекторыі».

Відаць, падтрымліваюць не ўсе. Некаторыя абітурыенты галасуюць нагамі і зʼязджаюць з краіны.

«Нават не разглядалі паступлення ў беларускую ВНУ, бо адукацыя ў нашай краіне цяпер – бессэнсоўная і дрэннай якасці. Дачка паступіла ва ўніверсітэт адной з заходніх краінаў. Галоўным было знайсці патрэбную праграму навучання. Універсітэт надае добрую падтрымку абітурыентам, таму вялікіх цяжкасцяў не было», – дзеліцца глядач «Белсату» Аляксандр.

Андрэй Лаўрухін кажа, што агульная колькасць беларускіх студэнтаў у замежных універсітэтах цяпер – каля трыццаці тысячаў. Два асноўных кірункі – Расея і краіны Захаду. Ці зʼехалі яны назаўжды?

«Калі будзе змяняцца палітычная сітуацыя ў Беларусі, то большая частка студэнтаў можа вярнуцца з-за мяжы, – мяркуе Святлана Мацкевіч. – Але гэта залежыць ад палітычнага фактару, сітуацыі дэмакратызацыі ў краіне».

Што тычыцца вышэйшай адукацыі ўнутры Беларусі, то, на думку Андрэя Лаўрухіна, яна няўмольна дэградуе ва ўмовах ціску на студэнтаў ды выкладчыкаў з боку рэжыму Лукашэнкі. Звальненне нават аднаго значнага выкладчыка ўплывае на якасць выкладання ва ўніверсітэце:

«Дакладных дадзеных няма, але больш за сто выкладчыкаў сышлі. І сярод іх сапраўды ёсць тыя, хто мае вельмі высокі індэкс цытуемасці, у тым ліку, у дакладных навуках. І канешне, гэта не спрыяе таму, што якасць адукацыі павышаецца».

Пра гэта ў Міністэрстве адукацыі не кажуць. Затое анансуюць планы стварыць у Беларусі інжынерныя класы. Відаць, таму што ў ВНУ на інжынерных ды сельскагаспадарчых спецыяльнасцях сёлета засталіся вакантныя бюджэтныя месцы.

А вось на факультэце журналістыкі БДУ ўсе бюджэтныя месцы – занятыя. Затое там не будзе студэнтаў платнага аддзялення. А будучых журналістаў абяцаюць рыхтаваць для працы выключна ў дзяржаўных медыях.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама