Расея абстраляла Украіну «Кінжаламі»

Адная асоба загінула, дзевятнаццаць атрымалі раненні ў выніку ўдару па Запарожжы. Шокавыя кадры абстрэлу зняў мясцовы жыхар. Ракеты трапілі ў гатэль «Рэйкарц». У Міністэрстве абароны Украіны паведамілі, што там быў дзіцячы летнік. Амаль усіх паспелі забраць бацькі за гадзіну да абстрэлу. Таксама гэты гатэль выкарыстоўвалі працаўнікі ААН, якія аказваюць дапамогу мясцовым жыхарам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я ўзрушаная весткаю, што гатэль, які часта выкарыстоўвалі працаўнікі ААН і нашыя калегі з няўрадавых арганізацыяў для падтрымання пацярпелых ад вайны, толькі што трапіў пад расейскі ўдар у Запарожжы. Гэта абсалютна недапушчальна», – заявіла гуманітарная каардынатарка ААН ва Украіне Дэніз Браўн.

Раніцаю ў небе над Кіевам сілы супрацьпаветранай абароны збілі гіпергукавую ракету «Кінжал». Яе абломкі ўпалі ў трох розных месцах гораду. У тым ліку – на тэрыторыі адной з дзіцячых лякарняў. Мэр Кіева Віталій Клічко паведаміў, што пацярпелых няма.

«Галоўнай мэтай у Кіеве быў урадавы квартал. Бо якраз у гэты час збіраюцца чыноўнікі розных узроўняў, міністэрствы, спецслужбы, праваахоўныя органы. Магчыма, офіс прэзідэнта Украіны. Вось хутчэй за ўсё хацелі патрапіць у нейкае месца, дзе якраз праводзілася нарада», – тлумачыць экс-працаўнік СБУ Іван Ступак.

Таксама «Кінжаламі» ўдарылі і па Захадзе Украіны. Ракета коштам дзесяць мільёнаў долараў забрала жыццё дзіцяці ў Івана-Франкоўскай вобласці.

«Ёсць пацярпелыя. Сярод іх – дзіця, якое ў крытычным стане даставілі ў лякарню. Медыкі рабілі ўсё магчымае, але, на жаль, выратаваць жыццё дзіцяці не ўдалося», – заявіла кіраўніца Івана-Франкоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Святлана Анішчук.

У паветраных сілах Украіны патлумачылі, што ракеты ляцелі на вайсковы аэрадром у Каламыі, каб зліквідаваць пілотаў, якія неўзабаве адправяцца вучыцца лётаць на амерыканскіх знішчальніках F-16. Ёсць таксама версія, што мішэнню маглі быць самалёты СУ-24.

Абстраляны гатэль «Reikartz» у Запарожжы. Крыніца: / Telegram

«Яны б’юць па розных аэрадромах, імкнуцца стварыць праблемы тым самалётам, што могуць несці дальнабойныя ракеты. Тым больш што цяпер Нямеччына гатовая ўжо перадаваць крылатыя ракеты “Taurus”. Яны падобныя да “Storm Shadow” і “SCALP”. І носьбітамі гэтых ракетаў ізноў-ткі будуць СУ-24. Для расейцаў гэтыя самалёты ператвараюцца ў крытычна важную цэль», – кажа вайсковы эксперт і дырэктар «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самусь.

Тым часам Уладзімір Зяленскі правёў паседжанне Рады нацыянальнае бяспекі і абароны. На ёй былі прынятыя радыкальныя пастановы. Ва Украіне звальняюць абсалютна ўсіх абласных вайсковых камісараў. Іх заменяць людзьмі, якія прайшлі фронт, былі параненыя ці страцілі канцавіны.

«Адбываецца нармальны працэс, калі ідзе ачышчэнне ад тых людзей, якія не выконваюць эфектыўна сваіх заданняў. У час вайны, я думаю, гэты працэс мусіць ісці найбольш жорстка і хутка. Калі пачалі выяўляцца вельмі ганебныя выпадкі карупцыі ў тэрытарыяльных цэнтрах камплектавання (былыя ваенкаматы), то адразу прэзідэнтам Зяленскім была аддадзеная каманда праверыць усе. І вось калі праверылі, высветлілася, што значная частка гэтых цэнтраў была карумпаванаю, а іншая значная частка не выконвала свае заданні эфектыўна», – кажа Міхайла Самусь.

І чарговы раз прагрымелі магутныя выбухі ў расейскай сталіцы. Адзін з іх, як паведамляюць відавочцы, здарыўся ў раёне Маляўнічага моста на праспекце маршала Жукава, а іншы быў побач з Карамышаўскім гідравузлом. Да гэтага расейскія ўлады закрылі падмаскоўны аэрапорт «Унукава» і паветраную прастору над Калужскай вобласцю.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама