Законапраект аб зменах у Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях прынялі ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытанні. Асноўнае новаўвядзенне – прапісалі парадак ліквідацыі рэлігійных установаў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Улады проста зачышчаюць усё поле непадкантрольных грамадскіх арганізацый. У прынцыпе няважна, па якім напрамку яны працуюць, чым займаюцца, наколькі гэта бяспечна, небяспечна для палітычнага строю – проста зачышчай усіх», – кажа рэдактар беларускага штогодніка Вадзім Мажэйка.
Цяпер рэлігійнымі арганізацыямі прызнаюць толькі тыя, што маюць юрыдычныя асобы і статут. Цягам года рэлігійныя структуры абавязаныя перарэгістравацца. Тыя, што не здолеюць, будуць зліквідаваныя. Падставамі для гэтага могуць стацца, напрыклад, дыскрэдытацыя дзяржавы і дзейнасць супраць асноўных кірункаў унутранай і вонкавай палітыкі. Фармулёўкі, якія ў сённяшняй Беларусі могуць трактавацца максімальна шырока.
«Уводзіцца такое разуменне, што рэлігія не проста не павінная быць у палітыцы, яна павінная падтрымліваць палітыку рэжыму. І гэты закон дае нават падставу для таго, каб пераследаваць па ідэалагічных прычынах», – упэўнены праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.
Ідэалагічных аспектаў у новым законе сапраўды шмат. Гэтак, кіраўнікі рэлігійных арганізацыяў мусяць быць грамадзянамі Беларусі і стала жыць у Беларусі. Яны не павінныя значыцца ў шэрагах экстрэмістаў і тэрарыстаў. То бок у тых спісах, куды сілавікі актыўна залучаюць дзясяткі палітычных вязняў. Таксама рэлігійным установам забаранілі ў месцы службаў выкарыстоўваць нерэлігійную сімволіку.
Прыняццю новага закону папярэднічалі змены ў кіраўніцтве Каталіцкага касцёлу ў Беларусі, забарона на карыстанне святынямі, арышты каталіцкіх і праваслаўных святароў. Паводле вядомых праекту «Хрысціянская візія» фактаў, з 2020-га года праз рэпрэсіі прайшлі 19 праваслаўных, 22 каталіцкія, 5 грэка-каталіцкіх і 14 святароў евангельскіх цэркваў.
«На некаторых заведзена там крымінальная справа, яна вісіць пакуль што. Ну, гэта як звычайна. Таталітарныя рэжымы заўсёды трымаюць чалавека на такім кручку, каб, калі што, адразу ўсё ўключылася. І калі яны будуць сядзець там ціха, то можа іх і не тронуць», – дадае айцец Аляксандр Шрамко.
Вымаюцца нават ідэалагічна няправільныя – з гледзішча рэжыму – абразы. Гэтак, на мінулым тыдні з Пакроўскага кафедральнага сабору ў Горадні прыбралі два з васьмі абразоў новапакутнікаў. На іх былі сцэны арышту і забойства камуністамі праваслаўных дзеячаў. Паводле Гарадзенскага аблвыканкаму, усё гэта праз тое, што на абразах былі «непрымальныя ў богаўгодным месцы сцэны ґвалту і варожасці».
«У цяперашняй Беларусі надта шырока ўспрымаецца, што такое палітызацыя.Таму, адпаведна, і нейкія непажаданыя згадкі пра савецкую гісторыю, выкарыстанне беларускай мовы – усе гэта само па сабе можа лічыцца ўладай палітычнай дзейнасцю, якая, адпаведна, не дазволеная для рэлігійных арганізацый у цяперашняй Беларусі», – кажа Вадзім Мажэйка.
Моўнае пытанне ў набажэнствах днямі ўзняў старшыня Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Веньямін на сінадальнай сустрэчы.
«Тэндэнцыя пэўная ёсць, і мітрапаліт на ўзроўні інтуіцыі яе вельмі добра адчувае. Проста закарцела спытаць у бацюшак, паглядзець настроі. Большая частка святароў, якія выказаліся па гэтым пытанні, – яны былі за захаванне беларускай мовы, – упэўненая тэолаг, прадстаўніца праекту «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч.
Агулам нашыя суразмоўцы сведчаць: нягледзячы на жорсткае заканадаўства, рэжыму не ўдасца цалкам кантраляваць сумленных святароў ды іхнае ўзаемадзеянне з вернікамі. Ліквідаваныя ж у выніку перарэгістрацыі рэлігійныя арганізацыі працягнуць існаваць падпольна.
Уладзіслаў Корсак, «Белсат»