Баі за Салядар. Што адбываецца?

Горад Салядар паў. Пра гэта ўвечары 11 студзеня паведаміў правадыр расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын. Паводле яго, увесь горад усеяны трупамі ўкраінскіх салдатаў і байцы ягонай ПВК прыступілі да зачысткі шахтаў. Украінскае кіраўніцтва зняпраўджвае гэтую інфармацыю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер дзяржава-тэрарыст і прапагандысты спрабуюць зрабіць выгляд, быццам нейкая частка нашага гораду Салядар практычна цалкам знішчаная акупантамі, як быццам бы гэта нейкае дасягненне Расеі. Яны будуць падаваць і ўжо падаюць гэта свайму грамадству так, каб падтрымліваць мабілізацыю. Каб даваць надзею тым, хто за агрэсію. Але баі працягваюцца. Данецкі кірунак трымаецца. І мы бесперапынна робім усё, каб узмацніць украінскую абарону», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Разам з тым, уплывовыя амерыканскія медыі ды вайсковыя эксперты гавораць пра вялікія страты з абодвух бакоў.

«Проста ва ўкраінскай арміі страты ў асноўным – гэта параненыя. У нас вельмі добрая медыцынская сістэма, якая працуе на лініі фронту. Колькасць стратаў параненых украінскіх салдат прыкладна супастаўна са стратамі беззваротных, забітых расейцаў», – патлумачыў палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Паводле ацэнак амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны, расейскія сілы не захапілі Салядару, а іх наступальныя аперацыі для захопу Бахмуту дасягнулі кульмінацыі з прычыны пагаршэння аператыўнай здольнасці.

Адно з падраздзяленняў брыгады спецназу імя Івана Багуна, дзе служыць прэс-афіцэр ЗСУ Тарас Беразавец, размешчанае наўпрост каля Салядару. Вайсковец распавёў нам пра сітуацыю ў горадзе, як яна ёсць.

«Факт, што ўкраінская армія працягвае ўтрымліваць пазіцыі. Ніякага катла, ніякага акружэння там цяпер няма. Зразумела, праз тое, што мы маем цяпер сітуацыю аля Сталінград нумар два, многія будынкі пераходзяць з рук у рукі шмат разоў на працягу дня. І нельга сфармаваць цэласнай карціны», – распавёў прэс-афіцэр брыгады спецназу імя Івана Багуна Тарас Беразавец

І ўсё ж што дакладна кантралююць расейскія войскі ў Салядары?

«Праўда заключаецца ў тым, што яны кантралююць індустрыяльную забудову і, сапраўды, частку саляных шахтаў. У самым горадзе знаходзяцца 5 саляных шахтаў буйных. Яны сапраўды частку з іх кантралююць. У іншых вядуцца зараз жорсткія баі. Вы павінныя разумець, што баі вядуцца на адлегласці ад 10 да 30 метраў вельмі часта. Яны ідуць хвалямі, не лічацца са стратамі, проста кладуць сваіх салдатаў і афіцэраў штабялямі. Кожны дзень у горадзе Салядары гіне некалькі сотняў расейскіх дэсантнікаў і наймітаў «Вагнэра», – дадаў Тарас Беразавец.

Паводле ацэнак вайсковых экспертаў, з пачатку баёў за Бахмут і Салядар расейскае войска страціла дзясяткі тысяч салдатаў. Тым часам саюзнікі Украіны прынялі канчатковае рашэнне, што для патрэбаў ЗСУ перададуць перадавую наступальную зброю. 11 студзеня ў Львове пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«У апошні час мы вырашылі, што надышоў момант для Польшчы рашуча падтрымаць Украіну. У рамках пабудовы кааліцыі будзе перададзеная рота танкаў “Леапард”. Мы хочам, каб гэта была міжнародная кааліцыя. І мы як частка гэтай кааліцыі вырашылі перадаць першы пакет танкаў. Гэтая рота, я спадзяюся, разам з іншымі танкавымі ротамі “Леапард” і многімі іншымі танкамі, якія будуць дастаўленыя, умацуюць абараназдольнасць Украіны. Мы прынялі такое рашэнне ў Польшчы», – заявіў Анджэй Дуда.

Яшчэ некалькі месяцаў таму ні пра якія танкі для Украіны размовы не было. Але цяпер усё інакш.

«Гэта канчатковая пераацэнка каштоўнасцяў і больш глыбокае разуменне сітуацыі. Ужо ўсе вызначыліся са сваёй пазіцыяй. І ўсе вызначыліся з мэтамі і задачамі гэтай вайны. І ролі Украіны ў гэтай вайне. Гэта значыць, стаўка зроблена на перамогу Украіны», – мяркуе ўкраінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Палкоўнік запасу ЗСУ распавёў нам, што танк, як правіла, працуе заўсёды ў пары з БМП. А ўжо за імі ідзе пяхота. Краіны Захаду акрамя «Леапардаў-2» перададуць Украіне ў дастатковай колькасці і такую зброю. Гаворка ідзе пра БМП «Мардэр» і «Брэдлі». Вядома, што за дзве ваенныя кампаніі ў Іраку «Брэдлі» знішчылі больш бранятэхнікі Садама Хусэйна, чым танкі «Абрамс».

«Цяжкі танк “Абрамс!, дапусцім, або “Леапард”, не важна, ён уступае ў бой з танкам суперніка, у двубоі з танкам праціўніка. А ў гэты час Брэдлі сваімі ракетамі знішчае гэты танк, які ўступіў у бой са сваім галаўным танкам. Гэта значыць вось у такой пары даволі-такі нядрэнна працуюць гэтыя БМП. І менавіта ў такіх умовах і менавіта так былі знішчаныя большасць танкаў у той жа “Буры ў пустыні”», –, патлумачыў палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Наступная, восьмая сустрэча кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн», адбудзецца 20 студзеня 2023 года. Вайсковыя эксперты не выключаюць, што менавіта там заявяць пра перадачу Украіне тых самых «Абрамсаў» і нават сучасных знішчальнікаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама