Судзяць Чыжа і Япрынцава. Працэс закрыты

Трэці раз судзяць буйнога беларускага бізнесоўца, былога «фінансіста Лукашэнкі» Юрыя Чыжа. Абвінавачанняў – два: махлярства і адмыванне грошай злачынным шляхам. Адказвае ў судзе таксама былы бізнес-партнёр Чыжа Уладзімір Япрынцаў. Паседжанне праходзіць у закрытым рэжыме, паколькі ў пастанове аб прыцягненні Чыжа ў якасці абвінавачанага і матэрыялах справы ёсць інфармацыя «толькі для службовага карыстання». Хто адказчыкі і ў чым справа?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кіраваў самым прыбытковым бізнесам Лукашэнкі – экспартам нафтапрадуктаў на Захад. Але цяпер кар’ерная дарога былога «гаманца Лукашэнкі» звузілася да судовага калідору і можа скончыцца ў калоніі. Перад пачаткам працэсу абвінавачаны ў махлярстве і адмыванні грошай Юрый Чыж дэманстраваў аптымізм і пракаментаваў «Народная Волі»:

«Маю намер ісці да канца, але чым усё скончыцца, не ведае ніхто. Трэба ўсё прайсці», – усміхнуўся Юрый Чыж.

Першапачаткова ў справе фігуравалі яшчэ два артыкулы: ухіленне ад выплаты падаткаў і злоўжыванне службовым становішчам. Па гэтых абвінавачаннях уладальніка групы кампаніяў «Трайпл» апраўдалі, паколькі ён кампенсаваў шкоду (прынамсі $ 12 млн) яшчэ на пачатку крымінальнага пераследу, у 2016-ым годзе. Але чаму дайшло да гэтага пераследу?

«Грошы, як Лукашэнка любіць казаць, любяць цішу. Калі стасункі ўнутры бізнесаў сталі абʼектам публічнага разбіральніцтва ды яшчэ яўна з удзелам расследавальнікаў тых органаў, якія не былі праінфармаваныя пра гэтыя схемы, канешне ж, гэта выклікала манаршы гнеў і на гэтым карʼера Чыжа скончылася», – канстатаваў эканаміст Сяргей Чалы.

Юры Чыж першым напісаў заяву на свайго партнёра Уладзіміра Япрынцава ў 2015-ым. Што прывяло да ланцугу судовых справаў, фігурантам якіх стаў сам Чыж. У 2016-ым годзе КДБ прыйшоў з ператрусамі ў офісы «Трайпл», і кіраўнік групы кампаніяў зрабіў няўдалую спробу ўцячы за мяжу. Пяццю ж гадамі раней бізнесовец яшчэ стаяў на чале развіцця прыхаванага нафтаэкспартнага напрамку.

Кампанія «Трайпл» пачала супрацу з літоўскім бізнесоўцам Вітольдам Тамашэўскім. Апроч здабывання карысных выкапняў, будаўніцтва, вырабу свініны праз афшорныя кампаніі Тамашэўскага прыдумалі зарабляць на экспарце з Беларусі нафтапрадуктаў – пад выглядам разбаўляльнікаў і распушчальнікаў. Бо з іх не трэба было плаціць Расеі экспартнага мыта.

«Гэтыя бізнесоўцы скарысталіся такою лазейкай. Яны закуплялі ў Расеі нафту, дадавалі ў яе спірт, пісалі, што гэта растваральнікі і распушчальнікі і прадавалі гэтыя прадукты ў розныя еўрапейскія краіны».

Па сутнасці, беларускія прадпрыемствы, як чыжоўскі «Трайпл», «Белнафтагаз» або «Трайпл-энерга» папросту займаліся рээкспартам расейскіх нафтапрадуктаў, абыходзячы экспартнае мыта. Калі бізнес дасягнуў нахабных маштабаў, Масква ўмяшалася і са скандалам прыкрыла гэтую схему.

Дзякуючы зліву дакументаў «Pandora Papers», беларускія расследвальнікі разам з калегамі літоўскага цэнтру «Sienа» напярэдадні сабралі доказы і амаль сінхронна апублікавалі расследаванні, што да прыбыткаў беларускага і літоўскага бізнесу з гэтай шэрай схемы.

«Знайшлі крыніцы. Людзей, якія былі блізкія да Юрыя Чыжа. Таксама людзей, блізкіх да мытні і гэтак далей. Яны нам пацвердзілі, што праз «SavOil» ішлі асноўныя пастаўкі растваральнікаў і распушчальнікаў. І назвалі нам шэраг іншых кампаніяў, якія ўдзельнічалі ў гэтых схемах.

Адна з іх – Літоўская «One enengy», у дакументацыі якой адкрыта фігуруюць закупы псеўдарастваральнікаў у беларускіх кампаніяў. У 12-ым годзе, калі Юрый Чыж са сваёй гаспадаркаю трапіў пад санкцыі, як «гаманец Лукашэнкі», продаж ішоў праз Сінгапурскую пракладку «SavOil». Апублікавалі расследаванне летась у лістападзе праз два месяцы пасля таго, як Чыжа выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе пасля арышту 2021-га года.

Эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што колішняя праца на рэжым сёння не ратуе нікога, хто раней часова распараджаўся блізкімі ўладзе бізнесамі:

«Кейс Чыжа цікавы тым, што вельмі добра бачна, што адбываецца з гэтымі прадпрымальнікамі, калі яны выпадаюць з абоймы. Знік плашч наяўнасці, які ў іх быў дзякуючы блізкасці да Лукашэнкі (бачылі па саўдзеле ва ўборцы ўраджаю, сумеснай касьбе травы). Калі гэта знікае – рэзка высвятляецца, што гэтыя “таленавітыя прадпрымальнікі” пачынаюць прайграваць усе суды».

Трапіць пад крымінальны пераслед можа і колішні літоўскі партнёр беларускіх нафтадылераў. Не на руку Вітольду Тамашэўскаму і абвастрэнне ў палітычных стасунках паміж краінамі, падчас якога прыпыненыя нават самыя прыбытковыя бізнесы Менску і Вільні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама