Апублікаванае відэа расправы выклікала шматлікія рэакцыі і спрэчкі

У сеціве з‘явілася чарговае відэа забойства палоннага жаўнера. Мы не можам паказаць яго праз празмерную жорсткасць, з якім гэта было зроблена. Калі і хто здзейсніў гэтыя злачынствы – пакуль невядома. Выканаўцы не з’яўляюцца ў кадры. Адзінае, чуваць, што размаўляюць яны па-расейску. Гэтаксама невядома, ці стаў ахвяраю ўкраінскі салдат, як тое сцвярджалася ў апісанні на тэлеграм-каналах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Па-першае, гэтыя выканаўцы былі ў масках – іх вельмі складана апазнаць. З іншага боку, ёсць вялікая верагоднасць, што яны ўжо нават не жывыя, паколькі мы бачым, што відэа было зробленае ў 2022 годзе, відавочна, у летні перыяд часу», – сказаў вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

У тэлеграм-канале баявога атраду расейскіх неанацыстаў дыверсійна-штурмавая выведная група «Русіч», якая прымае ўдзел у вайне з 2014 года, зʼявіўся скрыншот гэтага відэа з подпісам, з якога вынікае: гэта не апошні выпадак такіх катаванняў, што атрымаюць публічны розгалас.

У тэлеграм-канале «Зянон Пазняк» паведамляецца, што дачыненне да забойства можа мець заснавальнік атраду «Русіч» Аляксей Мільчакоў і ягоныя людзі. Мільчакоў – асоба вядомая, са схільнасцю да здзекаў і катаванняў:

  •  Аляксей Юр’евіч Мільчакоў, мянушкі Фрыц, Серб. Нарадзіўся 30 красавіка 1991 года ў Санкт-Пецярбурзе.
  •  У 2011 годзе ён выклаў у інтэрнэт фота, на якім зафіксавана жорсткае абыходжанне з жывёламі. А таксама, дзе ён стаіць са свастыкай.
  • У верасні 2014 года, падчас вайны на Данбасе, Мільчакоў здзекаваўся над загінулымі ўкраінскімі вайскоўцамі. Ды рабіў фота на фоне іхных трупаў, якія выкладаў у сацыяльныя сеткі.
  • У 2016 годзе ён разам з баевікамі групы «Русіч» праводзіў інструктажы для беларускіх дзяцей з Віцебску, Друцку і Талачына, якіх вывозілі ў Расею на вайсковыя зборы.
  • Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Мільчакоў удзельнічае ў вайне, узначальвае неанацысцкую дыверсійна-штурмавую выведную групу «Русіч».

«Расейскія войскі і найміты, якія знаходзяцца нават у іншых краінах, рэгулярна адзначаліся такімі жорсткімі ваеннымі злачынствамі. Непасрэдна адно з іх стварыла хвалю ў інфармацыйнай прасторы ў адносінах супраць палоннага сірыйца, аналагічныя злачынствы былі і ў Лівіі», – дадаў Аляксандр Каваленка.

І хоць на відэа не відаць, ці быў жаўнер са Збройных сілаў Украіны, афіцыйны Кіеў не пакінуў гэты выпадак без увагі.

«Гэта не выпадковасць, не эпізод. Так было раней, так было ў Бучы. Тысячы разоў. Кожны мусіць рэагаваць. Кожны лідар. Не чакайце, што гэта забудзецца, што пройдзе час. Мы нічога не збіраемся забываць і дараваць забойцам. Законная адказнасць будзе за ўсё. Патрэбная параза тэрору. Ніхто не зразумее, калі лідары не адрэагуюць. Цяпер трэба дзейнічаць!», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Служба бяспекі краіны пачала дасудовае расследаванне па факце жорсткага забойства ваеннапалоннага па крымінальным артыкуле за «парушэнне законаў і звычаяў вайны».

«Мы знойдзем гэтых вылюдкаў. Калі трэба будзе, дастанем адусюль, дзе б яны ні былі: з-пад зямлі ці з таго свету. Але за ўчыненае яны сапраўды панясуць пакаранне», – паведаміў кіраўнік СБУ Васіль Малюк.

Таксама прадстаўнікі краіны запатрабавалі выключыць Расею са складу Рады бяспекі ААН.

«Гэта абсурд, што Расея, якая горшая за “ДАІШ”, старшынюе ў Радзе бяспекі ААН. Расейскіх тэрарыстаў трэба выгнаць з Украіны і ААН і прыцягнуць да адказнасці за іхныя злачынствы», – адзначыў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба.

Зрэагавалі на гэты раз і ў Крамлі.

«Безумоўна, гэта жудасныя кадры. Трэба праверыць дакладнасць, а затым гэта можа стаць падставай для таго, каб праверыць, так гэта ці не так, ці мела гэта месца, дзе і з боку каго», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

А вось стваральнік ЧВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын пастараўся адразу запэўніць, што ні ён, ні ягоныя наёмнікі не маюць да гэтага забойства дачынення.

«Я не знайшоў доказаў таго, што гэта пад Бахмутам і што гэта байцы ЧКВ “Вагнэр”», – заявіў стваральнік ЧВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын.

Гэта не першы выпадак апублічвання жорсткай расправы над палоннымі. Раней было апублікаванае відэа расстрэлу ўкраінскага жаўнера Аляксандра Мацыеўскага за вокліч «Слава Украіне». Летась, у ліпені, у сеціва трапіла відэа, на якім палоннаму жаўнеру ва ўкраінскай форме канцылярскім нажом адрэзалі палавыя органы. А пасля забілі. Паводле прадстаўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэя Юсава, мэтаю зʼяўлення такога кшталту відэа можа быць спроба дэмаралізаваць і пасеяць паніку ва ўкраінскіх Сілах абароны.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама