COVID-19 – штодня новыя антырэкорды

Новы рэкорд ад Міністэрства аховы здароўя. Паводле афіцыйных звестак, цягам содняў у краіне зафіксавалі дзве тысячы 38 новых выпадкаў каронавіруса. 15 чалавек памерлі, 1534 ачунялі.

«Гэта быў нейкі псіхалагічны парог для статыстыкі нашай сістэмы, і яны ўсё ж зрабілі гэты крок. Але мы можам казаць з упэўненасцю, што гэтыя лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці. Захворвальнасць вышэйшая, і людзей, што хварэюць, нашмат больш за дзве тысячы», – лічыць лекар-рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Гэтае меркаванне пацвярджаюць і атрыманыя журналістамі Zerkalo.io адрозныя ад афіцыйных лічбы пацверджаных выпадкаў каронавіруса. Паводле іхных звестак, што пацвярджаюцца некалькімі медыкамі з розных арганізацыяў, колькасць новых выпадкаў за 12 дзён толькі ў Менску (23 625 выпадкаў) была амаль такой жа, як Міністэрства аховы здароўя давала па ўсёй краіне за гэты ж тэрмін – 23 688 чалавек.

Нашыя гледачы рэгулярна паведамляюць пра адсутнасць месцаў у шпіталях, чэргі і нястачу медыкаў, такой жа інфармацыяй напоўненыя сацыяльныя сеткі. Кажуць і пра тое, што масава хварэюць дзеці ў школах.

«Шмат дзяцей хварэла, з асабістых назіранняў, напрыканцы верасня – на пачатку кастрычніка. Цяпер хварэюць настаўнікі. Настаўнікі хварэюць падоўгу, два-тры тыдні».

«Дзеці хварэюць масава. Насмарк і горла, кашаль. Пры гэтым дома не ўсе застаюцца (усё праз даведку, якая патрэбная пасля трох дзён адсутнасці). Шмат у каго хварэюць бацькі».

«Бацькі вучняў хварэюць, але ж дзеці ўсё адно наведваюць школу. Больш за тое, некаторыя бацькі забараняюць дзецям казаць пра сваё захворванне», – пішуць гледачы «Белсату».

Пры гэтым, паводле інфармацыі ад нашых гледачоў, у суботы дзяцей змушаюць хадзіць на экскурсіі, у тэатры, на сустрэчы аб прафесійнай арыентацыі, не выконваючы пры гэтым нормаў сацыяльнага дыстанцыявання.

Між тым, «за парушэнне захадаў у папярэджанні распаўсюду каронавіруса» ўлады плануюць увесці адказнасць. Вядзецца і пра сацыяльную дыстанцыю, і пра ўведзены днямі абавязковы масачны рэжым. Паводле тэлеграм-каналу Менскага гарвыканкаму, выкананне захадаў мусяць забяспечыць кіраўнікі прадпрыемстваў, а праверкі будуць ладзіцца між іншага з удзелам міліцыі.

Аддзяленні ў шпіталях па ўсёй краіне перапрафілююць для хворых на каронавірус, кіроўцаў грамадскага транспарту ў Менску пераводзяць на хуткія дапамогі праз рост выклікаў да хворых. Адзінае ў Беларусі прадпрыемства вытворчасці медычнага кіслароду працуе цэлыя содні. А чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў спрабуюць вакцынаваць людзей сілком.

«Дырэктарка школы на нарадзе крычала на ўсіх працаўнікоў наконт вакцынацыі. Яна склала спіс усіх, хто не прышчапіўся, і будзе кожнага асабіста пытацца. «Хто не прышчэпіцца, знойдзем за што звольніць», – сказала яна».

«Сёння ў РУП «Менскэнерга», філіял «Менскія цеплавыя сеткі», паступіла наступная інфармацыя: з сёння сацыяльныя адпачынкі будуць давацца толькі персаналу, што прайшоў вакцынацыю ад COVID-19», – пішуць гледачы «Белсату».

Вакцынацыя і сапраўды ёсць адзіным сродкам ад цяжкага працякання хваробы, не перастаюць паўтараць медыкі. Любая прышчэпка лепш за ніякую. Да канца года Сусветная арганізацыя здароўя можа ўхваліць і расейскую вакцыну «Спутник V».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама