Беларусь і Расея не спяшаюцца эвакуяваць сваіх грамадзянаў з Ізраілю

Ужо некалькі дзён замежнікі пакідаюць Ізраіль і вяртаюцца дадому. Людзей вывозяць камерцыйнымі і вайскова-транспартнымі бартамі. Чэхія і Ісландыя, напрыклад, далі сваім грамадзянам урадавыя самалёты. Польшча – адная з першых пачала эвакуацыю. Прынамсі 700 асобаў ужо вярнуліся на Радзіму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У нас ёсць два напрамкі эвакуацыі, якая ажыццяўляецца паветраным транспартам. Першы – з Тэль-Авіву ў Варшаву, другі – з Тэль-Авіву на Крыт, у Ханью. У апошнім варыянце вядзе рэйс вайсковая авіяцыя. Яны ляцяць з Ізраілю на Крыт, а затым пасажыраў забірае самалёт польскіх авіялініяў», – заявіў міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў.

Па дапамогу ў эвакуацыі сваіх грамадзянаў да афіцыйнай Варшавы звярнуліся ўлады Літвы і Харватыі. Міністр замежных справаў Польшчы заявіў, што краіна дапаможа ім, але толькі пасля таго, калі ўсе ахвочыя палякі пакінуць Ізраіль. Такіх яшчэ каля двухсот пяцідзесяці асобаў. А вось расейскія ўлады не спяшаюцца з эвакуацыяй. Расейцам прапануюць пакінуць краіну самастойна.

«Любыя грамадзяне, якія цяпер застаюцца на тэрыторыі Ізраілю, у стане набыць білет і з’ехаць на Радзіму. Калі ўзнікнуць нейкія складанасці, мы гатовыя дапамагаць. Пакуль вывозіць нікога не збіраемся», – заявіў пасол Расеі ў Ізраілі Анатоль Віктараў.

Толькі вось кошты на авіябілеты моцна ўзляцелі. Сямʼя Праплеткіных з дваімі дзецьмі не можа зʼехаць з поўначы Ізраілю ў Расею менавіта з гэтае прычыны. Вярнуцца на Радзіму яны планавалі 7 лістапада, але ў сувязі з ваеннымі падзеямі пастанавілі зрабіць гэта як мага хутчэй. Абмяняць квіткі на ранейшую дату за першапачатковую цану авіякампанія ім адмаўляе. Купля новых будзе каштаваць больш чым 5000 долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт авіякампаніі «Wizz Air». Фота: wikimedia.org

«Я патэлефанаваў на гарачую лінію ў Міністэрства замежных справаў, я патэлефанаваў у консульства. Ніхто мне не даў ніякіх развязкаў. Усе казалі: чакайце. А чаго чакаць, уласна кажучы, калі не сёння-заўтра сюды могуць паляцець ракеты?» – распавядае расеец Дзяніс Праплеткін, які перабывае ў Ізраілі.

Практычна праз тыдзень з пачатку вайны ў Ізраілі рэжым Лукашэнкі так і не зрабіў нічога для выратавання беларусаў. Паводле прэсавага сакратара МЗС Беларусі, Менск нібыта дамовіўся з Масквой наконт эвакуацыі дзясяткаў грамадзянаў Беларусі з сектару Газа. Мы патэлефанавалі ў пасольства Расеі ў Ізраілі, але інфармацыю пра эвакуацыю нам не пацвердзілі:

«На тэлефон гарачай лініі, калі ласка, звяртайцеся. Яны ўпаўнаважаныя адказваць на ўсе гэтыя пытанні».

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі ні пра эвакуацыю з сектару Газа або Ізраілю, ні пра лічбы пацярпелых нам гэтак жа не сказалі ані слова:

«Ну, на гэты момант такія лічбы мы не можам абвясціць. Я вам раю набраць у пасольства ў Ізраілі. Яны вас проста, з улікам працы на месцы з кампетэнтнымі органамі, хутчэй зарыентуюць у гэтых пытаннях».

На гарачай лініі пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве заявілі, што эвакуацыя беларусаў з сектару Газа прапрацоўваецца. Калі менавіта вывезуць людзей – невядома. Эвакуяваць беларускіх грамадзянаў з Ізраілю не будуць. Прапануюць скарыстацца паслугамі авіякампаніяў, што здзяйсняюць рэйсы з Тэль-Авіву:

«Не ўсё залежыць ад беларускага боку. Беларускія самалёты не лятаюць у Ізраіль ужо амаль паўтара года, і не з нашай ініцыятывы. Мы спрабуем уладкаваць гэтую праблему, але на сённяшні дзень пакуль што пра гэта казаць рана».

Зрэшты, нетаропкасць дыпламатычнага корпусу кампенсуе простая людская дапамога. Блогерцы і палітычнай уцякачцы з Беларусі Аляксандры Ханевіч, якая апынулася ў Ізраілі з пілігрымкаю, дапамагла беларуская дыяспара ў Амерыцы. У Беларусь яна вярнуцца не можа, а таму прыляціць у Польшчу.

«На працягу пяці хвілін сказалі: усё, грошы будуць. Яны за свае грошы купілі мне білет нават», – кажа Аляксандра Ханевіч.

Народная ж амбасада Беларусі ў Ізраілі дае за мяжою інфармацыйнае падтрыманне. Больш за 10 семʼяў ужо звярнуліся да іх па дапамогу.

«Расказваем пра якія-небудзь шляхі магчымыя, што людзі могуць зʼехаць з Ізраілю ў гэты момант. Іншыя нашыя народныя амбасады ў Еўропе – на сувязі са сваімі МЗС. Мы спрабуем іх угаварыць, калі будуць эвакуацыйныя рэйсы ў Ізраіль ад іх, размясціць там дзве-тры беларускія сямʼі», – кажа прадстаўнік народнай амбасады Беларусі ў Ізраілі Аляксандр Фруман.

Беларусы, якія мусілі ўцякаць са сваёй краіны ад рэпрэсіяў, разлічваць на якую-небудзь дапамогу ад афіцыйных дыпламатычных прадстаўніцтваў не могуць. Дарога дадому ім пакуль зачыненая. Народная амбасада ў Ізраілі і дапамога неабыякавых – гэта адзінае выйсце для іх.

Паліна Шандрак, Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама