Столь коштаў на нафту цісне на Расею

Кошт на расейскую нафту сапраўды ўпаў, паведамляе міжнароднае цэнавае агенцтва Argus. Паводле яго, да пачатку гэтага месяца барэль патанеў да 38-мі долараў. Але аналітыкі расейскага «Промсвязьбанка» назвалі цану 58 долараў за барэль. Абгрунтавалі тым, што Argus не ўлічыў кошту страхавання, ладавання і перавозу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Эксперты Цэнтру даследаванняў энергетыкі і чыстага паветра ў Фінляндыі не пагодзяцца. Яны падлічылі, што столь на цэны ўжо пазбаўляе Расею 170-ці мільёнаў долараў штодня. А з 5-га лютага пачне дзеяць і столь цэнаў на нафтапрадукты, і гэтая сума павялічыцца да трохсот мільёнаў, то бок агульная страта за год – каля ста мільярдаў долараў. Гэта трэцяя частка таго, што зарабіла Расея на нафце летась.

«Павінен павялічыцца дэфіцыт бюджэту. Пакуль сказаць дакладна, колькі гэта будзе, я не магу, бо кошты будуць, хутчэй за ўсё, змяняцца. І, хутчэй за ўсё, дзяржава будзе нейкім чынам намагацца з гэтым змагацца, таму пакуль можна толькі сказаць, што грошай у бюджэце будзе нашмат менш», – прагназуе кандыдат эканамічных навук Мікалай Кулбаха.

А цэны могуць змяняцца не на карысць Расеі. Столь на кошт Еўразвяз будзе пераглядаць кожныя 2 месяцы, каб падагульніць працу схемы і рэагаваць на змены рынку. З 5-га лютага запрацуе абмежаванне коштаў на нафтапрадукты. Могуць усталяваць дзве столі: адну – для дарагіх, другую – для больш танных.

«Цяпер Расея намагаецца ліхаманкава нейкім чынам гэтаму супрацьстаяць, але сур’ёзных спосабаў перашкодзіць гэтаму практычна няма», – лічыць Мікалай Кулбаха.

Пастаўкі нафтапрадуктаў пераарыентаваць цяжэй, чымся сыравіну, бо такія буйныя пакупнікі расейскай нафты, як Кітай ды Індыя, самі перапрацоўваюць нафту. Ці зможа Беларусь перацягнуць пастаўкі нафтапрадуктаў на сябе? Эканамістка Аліса Рыжычэнка лічыць, што не:

«Беларускія нафтапрадукты пад забаронай у Еўразвязе. Таму, колькі б ні каштавала расейская нафта, як бы нам ні зыскоўна было яе пераапрацоўваць, прадаваць у Еўрапейскі Звяз мы не можам нафтапрадуктаў. Што датычыць рынку СНД – тут вялікае пытанне з лагістыкай. Як туды дастаўляць, калі ўвесь гэты тавар ідзе праз Расею?»

Таму пакуль беларускія нафтапрадукты ў большасці будуць прадавацца ў Расею. Але ці не чакаць прыбытку ад сырой нафты? «Беларусьнафта» сёлета яшчэ актыўней плануе шукаць радовішча.

«Гэта пытанне мільярдаў долараў інвестыцыяў, якіх няма цяпер ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Дакладней, яны ёсць у Расеі, але яна мае патрэбу ў зусім іншым – ёй трэба падтрымліваць сваю ўнутраную эканоміку, якая таксама ў дастаткова вялікім крызісе цяпер. Натуральна, ніхто інвеставаць у такія праекты цяпер не будзе», – упэўненая Аліса Рыжычэнка.

Магчыма, да нафтавай канкурэнцыі далучыцца Казахстан, які паставіць Нямеччыне 300 тысяч тонаў нафты. Гэта пробная партыя ў межах дамоўленасці з Расеяй – нафта будзе пракачвацца праз яе газаправод «Дружба». Пакуль Казахстан плануе паставіць паўтара мільёна тонаў нафты Нямеччыне, у перспектыве – 6 мільёнаў.

«У “КазМунайГаза” застаюцца свабоднымі не больш за 6-7, паводле самых аптымістычных прагнозаў – 8 мільёнаў тонаў нафты. То бок хопіць літаральна на адну Нямеччыну. Таму, вядома, ні пра якое поўнае замяшчэнне расейскай долі рынку ў Еўропе Казахстанам гаворкі пакуль, на жаль, не ідзе», – падлічыў нафтагазавы аналітык з Казахстану Алег Чарвінскі.

Велічыня паставак у Нямеччыну будзе залежаць і ад Расеі, якая ўжо 4 разы раптоўна абмяжоўвала экспарт казахскай нафты. Тым больш дамоўленасць з ёю пакуль вусная. Эксперт жа мяркуе, што ў Расеі будзе з гэтага свой зыск: атрымае аплату за выкарыстанне трубы, а залежнасць Казахстану толькі павялічыцца.

Яна Шэк, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама