Як правільна ўтылізаваць ялінку?

Сёння адзначаюць гэтак званы Стары новы год. Звычайна пасля гэтага свята большасць беларусаў прыбірае ялінку. Калі яна штучная, то праблема развязваецца проста – каляднае дрэўца хаваюць да наступнага года, а вось што рабіць, калі ялінка была жывая? Камунальныя службы падрыхтавалі акцыі для збору дрэваў з іх наступнай утылізацыяй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Навагоднія святы скончыліся, а значыць, прыйшоў час экалагічна ўтылізаваць ялінку. Па-першае, з яе трэба зняць цацкі і мішуру. Калегі, дапамажыце, калі ласка!»

Пакінуць ялінку ачышчанай неабходна проста таму, што аздобы не перапрацоўваюцца. А яшчэ, у адрозненне ад жывой ялінкі, цацкі можна выкарыстаць паўторна.

А цяпер ялінку трэба аднесці на кантэйнерную пляцоўку або на пляцоўку для збору буйнагабарытнага смецця, адтуль яе забяруць арганізацыі, якія займаюцца ўтылізацыяй ялінак і смецця.

Не трэба пакаваць ялінкі ў поліэтылен або нечым яе перавязваць – дрэўца павінна застацца ў сваім натуральным выглядзе. У Менску акцыя ўтылізацыі навагодніх ялінак адбудзецца з 15-га да 22-га студзеня. Сярод арганізацыяў, што будуць збіраць дрэвы па горадзе, – «Remondis». Іх працаўнік паведаміў нам наступнае:

«У нас толькі раёны, дзе мы абслугоўваем, Фрунзенскі, Кастрычніцкі, Маскоўкі: там акцыі будуць праходзіць. Вам трэба ведаць, куды прывезці ялінку? Гэта пляцоўкі буйнагабарытных адкідаў у гэтых раёнах. Перапрацоўваем іх на палігоне, ідзе перапрацоўка, драбленне гэтых ялінак. Гэта не ўтылізацыя, як смецця, гэта як кампост, то бок біялагічная аснова глебы будзе ў далейшым, нейкая частка на шчапу пойдзе. Так, так, з карысцю здасце, канечне».

Кампанія «Remondisс» правільна ўтылізуе навагоднія ялінкі трэці год запар. На жаль, не ўсе арганізацыі – перавознікі адкідаў перапрацоўваюць святочныя дрэўцы. Большасць усё яшчэ адвозіць ялінкі на палігон, дзе тыя проста павялічваюць аб’ём смецця.

«Калі трапляе на палігон з агульным смеццем то вырабляецца як ад любога іншага смецця метан, што дрэнная для клімату, для асяроддзя, што прыводзіць да зменаў у клімаце», – тлумачыць менеджарка «Зялёнага тэлефону» (+375 29 1702670) Паліна Бурко.

Паводле «Greenpeace», дрэва вышынёю больш за два метры, раскладаючыся на палігоне, выкіне ў атмасферу каля 16-ці кілаграмаў вуглякіслага газу.

Здаць ялінку з карысцю раней можна было ў Менскі заапарк – там дрэўцы ішлі на аздабленне вальераў і для ўзбагачэння асяроддзя жывёлінаў. Цяпер жа Менскі заапарк не прымае ялінак ад насельніцтва, а толькі ад фірмаў, і тое, ужо скончыў гэта рабіць:

«Не прымаем ужо, бо, ведаеце, яны сыплюцца. Прымалі, магчыма, адразу: там была аб’ява, перад Новым годам або адразу пасля Новага года, хто не прадаў ад фірмы. А цяпер не прымаем».

Большасць нашых гледачоў, паводле апытання на Youtube-канале «Белсат life», абіраюць штучныя ялінкі, 14% апытаных выкідаюць жывыя ялінкі на сметніцу і толькі 4% высаджваюць іх у зямлю:

«Са сметніцы сухія ялінкі забірае трактар. Што робяць потым, не ведаю, але ўтылізуюць асобна ад смецця дакладна».

«У нас ёсць штучная ялінка, але ў гэтым годзе мае браты захацелі жывую. Жывую выкідаем на сметнік».

«Увогуле не аздабляла свой дом з салідарнасці. Не ўсе могуць радавацца ў гэтым годзе».

Што датычыць штучных ялінак, то, каб скараціць іх шкоду для экалогіі, адну і тую ж ялінку вы мусіце выкарыстоўваць цягам 15-ці – 20-ці гадоў. А раскладацца пластыкавае дрэва будзе прыблізна 200 гадоў.

Паводле эколагаў, найлепшая ўтылізацыя – гэта адсутнасць утылізацыі. Разам з тым экаактывіст Аляксей Аўчыннікаў кажа наступнае:

«Гэтую традыцыю – набываць ялінкі пад Новы год – нельга назваць экалагічнай. І першае, за што выступаюць эколагі, каб яны не набываліся: лепей зрабіць нейкую дэкаратыўную ялінку самому».

І ў гэтым выпадку гаворка не пра пластыкавую ялінку, а пра творчы выраб з падручных матэрыялаў: драўніны, паперы, фотаздымкаў, кніг, цацак, шышак і гірляндаў. Хаця ў наш час ёсць і цікавейшыя рашэнні.

«Ёсць яшчэ альтэрнатыва, калі можна замовіць яшчэ ўлетку ялінкі на Новы год, яны прастаяць з вамі ў гаршку ў кадцы. Вам распавядуць, як іх выкарыстоўваць, а потым – у пачатку студзеня – іх забяруць і высадзяць у лесе, гэта таксама добры падыход да ўтылізацыі», – прыводзіць прыклад экаактывіст Аляксей Аўчыннікаў.

Яшчэ як варыянт, раіць Аляксей Аўчыннікаў, – збірацца на святкаванне Новага года і Калядаў проста ў лесе, побач з елкамі. Такім чынам, і сімвал свята будзе побач, і ўтылізаваць пасля нічога не спатрэбіцца.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама