Калі вы мужчына, вам ад 18 да 27-мі і няма падставаў на адтэрмінаванне – чакайце позвы. Лукашэнка падпісаў указ аб прызыве на тэрміновую вайсковую службу і ў рэзерв, што пройдзе ў лютым-траўні.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Не трапіць пад прызыў маладзёнам будзе яшчэ складаней, зазначае на ўмовах ананімнасці адмыслоўца ў галіне прызыву:
«Ужо год таму змянілі расклад хваробаў. І ніхто пры гэтым не аналізуе сапраўднага здароўя. Напрыклад, 2-3 гады таму чалавека прызналі непрыдатным з увагі на плоскаступнёвасць трэцяй ступені. А мы ведаем, што плоскаступнёвасць трэцяй ступені можна выправіць толькі хірургічным шляхам. Цяпер гэтых жа людзей клічуць ізноў, і аказваецца, што плоскаступнёвасць ужо другой ступені».
Перакрываюць легальныя шляхі ў пазбяганні вайсковай службы і праз ухваленыя Саветам Рэспублікі папраўкі ў закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Сярод іншага прадугледжаныя дасыланне позваў праз СМС, істотнае павелічэнне штрафаў за няяўку ў ваенкамат, крымінальная адказнасць за ўхіленне ад прызыву. Адтэрмінаванне ад службы паводле медычных паказнікаў маюць пацвярджаць медустановы вышэйшага рангу, а вайсковыя камісары надзяляюцца правам абмяжоўваць парушальнікам выезд за мяжу.
«Заўсёды той жа Лукашэнка падкрэслівае, што неабходна рыхтавацца да надзвычайных абставінаў. Гэта не значыць, што яны будуць, але гэтае ўяўленне, што яны магчымыя, прысутнічае. У такіх умовах ахапіць прызывам і ваеннай падрыхтоўкай як мага больш людзей – гэта абсалютна лагічны вынік», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Тых, хто з’ехаў з краіны, каб не трапіць у войска, пакаранне чакае па вяртанні. Гэтак, на паўгода «хіміі» асудзілі 25-гадовага жыхара Карэліцкага раёну, які выехаў з краіны падчас веснавога прызыву летась. Але ўвосень надумаў вярнуцца на радзіму… Цяпер жа ў вышук, у тым ліку ў Расеі, абвесцілі стрымэра Mellstroy за адмову служыць у беларускай арміі.
«Мы казалі, і праект новай Ваеннай дактрыны таму чарговы прыклад, што мы нікому не пагражаем. Мы мірныя людзі. Наш намер – абараніць нашую краіну», – заяўляе памочнік міністра абароны ў ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах Леанід Касінскі.
Падобныя заявы гучаць і ад іншых высокіх ваенных начальнікаў. Але дактрына не вырашае ні праблемаў з дзедаўшчынай, звесткі пра якія час ад часу выцякаюць з вайсковых частак, ні праблемаў з састарэлымі сістэмамі навучання ды абсталяваннем. Пра гэтыя праблемы добра ведаюць улады, перакананы Аляксандр Фрыдман:
«У тых канфліктах, у якія можа быць уцягнутая Беларусь, нягледзячы на ўсе заклікі беларускай дзяржаўнай прапаганды, моцы і якасці беларускага войска відавочна не хопіць».
Прызыў у Беларусі праводзіцца двойчы на год, апошнія гады кожны раз абвяшчаюць пра набор каля дзесяці тысяч асобаў.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»