Мэта адрозніваецца ад мары тым, што робяцца крокі дзеля яе дасягнення. У беларускага незалежнага даследчага цэнтру BEROC – атрымалася! Разам са школаю IPM пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні адкрыты факультэт «Бізнес-эканоміка» з прысвойваннем ступені бакалаўра сацыяльных навук у эканоміцы. Чаму гэта падзея для беларускага грамадства, і як будзе арганізаванае навучанне?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Бізнес-эканоміка» – у сацыяльным кантэксце. Даследчы цэнтр BEROC адкрыў новы факультэт пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Тым самым, які рэжым Лукашэнкі пагражае прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй. Уступная кампанія пачнецца ў траўні, але пра навінку, створаную перадусім для беларусаў, паведамілі заранёў: вызначыцца з будучай прафесіяй – справа не аднаго дня.
«Праграма з аднаго боку заснаваная на вельмі моцным навуковым фундаменце. Мы будзем забяспечваць нашым студэнтам моцныя кампетэнцыі ў матэматыцы, статыстыцы, галіне сацыяльна-гуманітарных навук, высокіх тэхналогіяў і штучнага інтэлекту. Сэрца – эканамічныя і бізнес-дысцыпліны», – распавёў кіраўнік «BEROC-IPM School of Economic and Business» (BISEB) Дзмітрый Крук.
Эканоміка і бізнес датычныя кожнай сферы жыцця, і ў любой з іх змогуць уладкавацца выпускнікі факультэту. Праграма інавацыйная.
Выкладаць будуць вядомыя ў Беларусі эканамісты, а таксама замежнікі з найлепшых ВНУ розных краінаў. Стваральнікі вышэйшай школы – Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC супольна з даследніцкім цэнтрам IPM – бачаць пагрозу ў адтоку з Беларусі людскога капіталу і гатовыя згуртаваць яго частку.
«Гэта, як мне падаецца, адная з галоўных пагрозаў для краіны. І праз сваю праграму мы робім невялічкі ўнёсак, каб захаваць гэты чалавечы капітал. Каб беларускія студэнты змаглі навучацца на сапраўды якаснай праграме, якая адпавядае ўсім сусветным стандартам», – кажа Дзмітрый Крук.
У беларускай эканоміцы адмыслоўцы не бачаць тэхналагічных зрухаў, новых інавацыйных вытворчасцяў і структурных зменаў. Адпаведна слаба расце дабрабыт насельніцтва.
«Асноўныя праблемы беларускай эканомікі зараз палягаюць на ўзроўні некампетэнцыі, непрафесіяналізму і адсутнасці нармальнай чалавечай еўрапейскай адукацыі… Адукацыя ў так званай Акадэміі кіравання Беларусі не дацягвае не толькі да сусветных стандартаў, але і тых, што ёсць у рэгіёне», – лічыць эканаміст і фінансіст Віталь Алейнік.
У прыклад эканаміст прыводзіць досвед былога прэм’ера краіны Сяргея Румаса – выпускніка Акадэміі кіравання.
«На тле падзеяў 2020-га года ён са сваім досведам і адукацыяй пачаў мыкацца па Еўропе ў пошуках працы. Бачылі яго і ў Лондане, і ў Кіеве… Чалавек аказаўся цалкам незапатрабаваны. Неканкурэнтаздольным аказаўся ягоны досвед і ягоная адукацыя», – распавёў Віталь Алейнік.
Новы факультэт «Бізнес-эканоміка» будзе разлічаны на 60 месцаў. Навучанне – платнае для студэнтаў. Донарскае фінансаванне разлічанае на некалькі гадоў, пакуль ён не зробіцца самаакупляльным. Мова – расейская і беларуская ў першы год навучання. Потым ангельская, паколькі выпускаць будуць бакалаўраў-міжнароднікаў.
Юлія Цяльпук, «Белсат»