Беларуская эканоміка вырасла. Але ці надоўга?

Каб зарабіць мільён долараў, атрымліваючы сярэднестатыстычны заробак у краіне, беларусу трэба пражыць 150 гадоў. Такія разлікі апублікаваў партал Picodi.com. Для параўнання: жыхару Швейцарыі спатрэбіцца ў дзесяць разоў менш часу. Зрэшты, у беларускай эканоміцы, пасля спаду мінулага года, абазначыўся рост. Пра гэта распавялі працаўнікі цэнтру «BEROC». Аналітыкі таксама апрылюднілі сваё даследаванне, якое паказвае, што і простыя беларусы і бізнес глядзяць на свае эканамічныя перспектывы з аптымізмам. Ці азначае гэта, што беларуская эканоміка пераадолела эфект заходніх санкцыяў? І ці чакаць беларусам росту рэальных даходаў? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У эканоміцы назіраецца аднаўленчы рост пасля леташняга падзення, адзначае «BEROC». Гэтаму, у прыватнасці, паспрыяла аднаўленне нафтавага экспарту, павелічэнне экспарту ў Расею і стварэнне новых лагістычных ланцужкоў. А Міжнародны валютны фонд прагназуе, што беларускі валавы ўнутраны прадукт вырасце. Ці азначае гэта, што эканоміка пераадолела эфект санкцыяў?

«Доўгатэрміновыя страты, якія нясе і будзе працягваць несці беларуская эканоміка, нікуды не знікнуць. І галоўныя эфекты, якія мы цяпер назіраем, – гэта архаізацыя эканомікі, эрозія бізнес-асяроддзя і наймагутнейшая залежнасць ад Расеі. Яна заўсёды была вялікая, а цяпер, можна сказаць, зашкальвае», – кажа навуковы працаўнік «BEROC» Зміцер Крук.

Паводле прагнозу «BEROC», сёлета беларуская эканоміка можа вагацца паміж падзеннем на 3 адсоткі і ростам на гэткія ж значэнні. Гэта залежыць ад шэрагу ўмоваў. Сярод фактараў рызыкі – схільнасць уладаў да ручнога рэгулявання эканамічных працэсаў.

«У нас шмат спробаў дзяржавы ўмешвацца ў эканоміку. А гэта можа прывесці да сур’ёзных праблемаў. Як прыклад – рэгуляванне цэнаў, якое ўвялі 6 кастрычніка», – кажа Леў Львоўскі, старэйшы навуковы працаўнік «BEROC».

Дырэктыўнае, а не рынкавае рэгуляванне цэнаў, часам вымушала бізнес працаваць у мінус, кажуць аўтары даследавання. Кантроль над цэнаўтварэннем змякчылі, але няма пэўнасці, што ўлады не прыдумаюць чагосьці новага. Падзенне эканомікі магчымае і калі знікнуць спрыяльныя вонкавыя фактары.

«Напрыклад, экспарт нафтапрадуктаў або значнае пагаршэнне сітуацыі ў Расеі – і сцэнар прынцыпова мяняецца. Так, пакуль мы, эканамісты, кажам аб аднаўленчым росце, але ён надта ненадзейны і няўстойлівы», – кажа Зміцер Крук.

Не ўсё так радасна і ў плане экспарту. Рэжым, напрыклад, навучыўся абыходзіць санкцыі на драўніну, прадаючы яе праз трэція краіны. Пра гэта дазнаўся Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Пацвердзіла інфармацыю і літоўская мытня. Ды застаецца праблема з продажам калійных угнаенняў. Экспартаваць чыгункай у Кітай увесь абʼём, які раней ішоў морам, фізічна немагчыма. Беларускі калій гатовыя купляць Бразілія і Індыя. Але Літва не пускае яго праз свае парты.

«Мы карыстаемся магутнасцямі расейскіх партоў. Але, падобна, паводле нейкага рэшткавага прынцыпу. Таму ў нас экспарт калію ўсё яшчэ складаюць 50–60 адсоткаў ад даваенных абʼёмаў. Мы фізічна не можам перавезці ўсе гэтыя тавары», – тлумачыць Леў Львоўскі.

Варта ўлічваць і страчаныя магчымасці. Беларусь магла б зарабіць на посткавідным аднаўленні міжнароднай эканомікі – за кошт лагістычных паслугаў і экспарту сваіх тавараў на Захад.

«Быў эканамічна сурʼёзны шанец. Яго страцілі. Гісторыя стала развівацца па-іншаму. У сувязі з вайной ва Украіне гэтыя лагістычныя плыні так перафарматаваныя, каб выключыць з іх Расею і Беларусь», – разважае эканаміст Аляксей Харкевіч.

Аднак бізнес і простыя беларусы глядзяць на свае эканамічныя перспектывы больш аптымістычна, чым год таму, адзначае «BEROC». Хоць 40 адсоткаў хатніх гаспадарак кажуць пра падзенне сваіх даходаў. Аптымізм тлумачыцца тым, што эканоміка адштурхнулася ад дна, кажа Аляксей Харкевіч. І людзі чакалі горшага.

«Калі шклянка пачаткова была пустая, і мы налілі ў яе да паловы вады, то мы скажам, што яна напалову поўная. А калі яна была поўная, і мы выпілі палову, то яна будзе напалову пустой», – тлумачыць эканаміст.

Дзяржава падтрымлівала ўзровень даходаў насельніцтва, у тым ліку дырэктыўнымі метадамі. А бізнес стараўся не знізіць заробкаў сваім працаўнікам, каб утрымаць спецыялістаў на фоне эміграцыі. Аднак, на думку аналітыкаў «BEROC», патэнцыял для павелічэння заробкаў ужо вычэрпваецца.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама