Беларусь чакае чарговая дэвальвацыя?

Санкцыі працуюць! Расея вымушана прыпыніць біржавы гандаль валютай. А яе грамадзяне выстройваюцца ў чэргі каля абменнікаў. Эксперты бачаць наступствы для Беларусі і звяртаюць увагу на чыннікі магчымай значнай дэвальвацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З самай раніцы чэргі ў пунктах абмену валютаў у буйных гарадах Расеі. Долар і еўра ў абменніках прадавалі на 10, а то і на 20 рублёў большы за курс Цэнтрабанку.

Прычына ў тым, што найбуйнейшая пляцоўка па гандлі валютай у Расеі – Маскоўская біржа – патрапіла пад санкцыі ЗША, а пасля і Вялікай Брытаніі, таму вымушана спыніць гандляванні доларам і еўра. Такая сітуацыя адаб’ецца на курсе не толькі расейскага рубля, зазначыла ў эфіры 6TV Biełaruś эканамістка Аліса Рыжычэнка.

«Змяненне курсу будзе. Я мяркую, што расейскі курс можа змяніцца да 105-107 рублёў. Гэта ўмоўна дадасць там 10 %. І тое самае адбудзецца і з беларускім рублём», – мяркуе эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Сёння ж эксперты заўважылі незвычайную сітуацыю з гандлем доларамі на Беларускай валютна-фондавай біржы. За 40 хвілінаў з адкрыцця там набылі ўсяго 100 тысяч долараў. Адно з меркаванняў такога малога аб’ёму гандлю – што заяўкі на набыццё валюты штучна абмяжоўваюць. Але па выніках дзённых таргоў сітуацыя засталася ў межах нормы.

«Беларускі рубель залежыць ад расейскага. Але наўрад ці вось гэтыя змены, гэтыя абмежаванні, гэтыя санкцыі, яны сурʼёзна так, прывядуць да нейкіх сурʼёзных ваганняў. Такім, напрыклад, якія мы назіралі, калі пачалася вайна ва Ўкраіне», – зазначае экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года. Фота: Белсат

Па выніках сённяшніх гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы долар і еўра зноў падаражэлі, але не крытычна.

«Дэвальвацыя прысутнічае. Яна праходзіць. То бок гэта абясцэненне валюты. Яно праходзіць увесь час. І вось мы зараз, калі паглядзім з пачатку года, беларускі рубель крыху знізіўся і да кошыка валют, і да долара ЗША, і да расейскага рубля», – зазначае Настасся Лузгіна.

Беларускіх рублёў у эканоміцы становіцца ўсё больш, адбываецца гэта праз рост заробкаў і павелічэнне крэдытавання. Як зазначае вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч, цяпер бачныя ўсе чыннікі будучай значнай дэвальвацыі:

«Але гэтыя рублі незабяспечаныя беларускімі таварамі і паслугамі. Гэта мусіла б выклікаць інфляцыю, інфляцыю значна вышэйшую за сённяшнюю. Але цэнам не даюць адрэагаваць натуральным чынам. І таму падае прыбытак прадпрыемстваў, а імпарт расце хутчэй за экспарт».

Да таго ж у траўні золатавалютныя рэзервы ў Беларусі скараціліся на $ 30,1 млн долараў. Еўразійскі банк развіцця зазначае, што адбылося гэта праз значнае перавышэнне пакупкі валюты над яе продажам з боку прадпрыемстваў і банкаў.

«Тое, што сённяшні рост і эканомікі, і даходаў насельніцтва – нездаровы, ён мусіць скончыцца дэвальвацыяй, можна сцвярджаць адназначна. Бо тармазіць ніхто ж не збіраецца дзеля вось гэтых лічбачак у справаздачах. Грошы ў беларускіх банках пад 13 % я ўсё ж не трымаў бы», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

За апошнія дваццаць гадоў беларускі рубель патаннеў адносна долара ў пятнаццаць разоў, то бок дэвальвацыя склала 1500 %.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама