Беларусы атрымалі паразу у дададзены час

Нацыянальная футбольная зборная Беларусі не здолела набраць пункты ў чарговым матчы адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы-2024. У гасцявым матчы, які адбыўся ў Тэль-Авіве, нашая дружына нарэшце паказала добры футбол, аднак у выніку саступіла ў дададзены арбітрам час 0:1. Беларусы на чале з Карласам Фэрэрам у двух праведзеных матчах кваліфікацыі засталіся без перамог і маюць прывідныя шанцы на выхад з групы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэль-авіўскі стадыён «Блумфілд». На ім футбольная зборная Ізраілю прыняла Нацыянальную каманду Беларусі. Перад пачаткам сустрэчы заўзятары маглі намаляваць на тварах сцяг роднай краіны. Скарысталася спартоваю падзеяй і беларуская дыяспара.

«Мы падрыхтавалі кароткую інфармацыю для ізраільцянаў аб тым, што робіцца ў Беларусі. Колькасць палітвязняў, колькасць арыштаў, пацярпелых. Каб яны зразумелі, супраць якой зборнай яны гулялі, каб даць ім матывацыю выгуляць супраць дыктатуры», – распавёў заўзятар Александр Фруман.

«Раздавалі флаеры, дзе напісана, якія падзеі цяпер адбываюцца ў Беларусі. У Ізраілі некаторыя нават не ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь», – дадала заўзятарка Лілія Паўлава.

Не абмінуў такой падзеі і старшыня Беларускай футбольнай асацыяцыі Мікалай Шарснёў, які прыбыў на матч са сваймі паплечнікамі ды, імаверна, з падарункамі для ізраільскага боку. Яшчэ да стартавага свістка, ужо на арэне, беларускія заўзятары зладзілі акцыю з бела-чырвона-белым сцягам і яскравым пасланнем. У матчы ж упершыню за доўгі час нашая зборная навязвала сваю барацьбу і мела галявыя моманты. Эфект ад гульні пазітыўны, але балаў не набралі, параза – 0:1. Відавочна, вынік не задаволіў і галоўнага трэнера Карласа Фэрэра.

«Нашы намаганні былі накіраваныя на дасягненне іншага выніку. Мы такой паразы не заслугоўвалі. На апошніх хвілінах гульцы крыху стаміліся, аднак зрабілі добрую працу. Я вельмі злы на вынік», – падкрэсліў галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Карлас Фэрэр.

Зборная Беларусі правяла матч з ізраільцянамі ў адборы да чэмпіянату Еўропы 2024 года. Фота: abff.by

«Матывацыя трохі ўзнялася, бо прыйшоў новы галоўны трэнер. Па сутнасці, нічога не змянілася, маглі быць безгалявыя нулі, магла быць перамога, аднак яна б нічога не змяніла ў глабальным плане. Ад гэтай зборнай я ўвогуле нічога звышнатуральнага не чакаю», – паведаміў былы футбаліст, трэнер Яўген Вяроўка.

Пасля таго, як саступілі зборнай Ізраілю, шанцаў на выхад з групы ў фінальны раўнд у беларусаў усе менш. Бо да гэтага была нічыя з Андорай ды чатыры паразы. Не верыць у такую магчымасць і майстар спорту Савецкага Саюзу, былы галоўны трэнер нашай моладзеўкі Людас Румбуціс:

«Шанцаў няма. Калі жадаем прэтэндаваць на фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, то мусім перамагаць Андору дзе заўгодна, хоць на Эвэрэсце. Але, з іншага боку, і нашая моладзеўка з Андораю двойчы згуляла ўнічыю. Час мяняецца».

«Пастаянна прыносіць зборную ў ахвяру нейкім будучым цыклам няма ніякага сэнсу. Неабходна рабіць тут і цяпер, а найлепшыя гульцы мусяць выклікацца ў зборную заўсёды, бо іхны век кароткі. Засталіся толькі тэарэтычныя магчымасці праходу на “Еўра”, рэальных шанцаў ужо няма», – распавёў Арцём Сізінцаў журналіст радыё «Свабода».

Ці атрымаецца ў іспанца Фэрэра зрабіць цуд і дасягнуць выніку хаця б у перспектыве?

«Сістэмна ў нас нічога няма ўжо дастаткова даўно. Тыя хлопцы, якія там гуляюць, нават улічваючы палітычную сітуацыю ў нашай краіне, калі яны сябе ніяк не праяўляюць у жыцці, то і на футбольным полі сябе ніяк не праявіш», – падвёў вынікі Яўген Вяроўка.

Пакуль жа ў турнірнай табліцы кваліфікацыі да «Еўра-2024» Беларусь правяла 6 матчаў і размяшчаецца на чацвёртым радку. У лідарах сэкстэту – Швейцарыя і Румынія, з якімі Фэрэру і кампаніі яшчэ гуляць. Найбліжэйшы двубой – 12-га кастрычніка, супраць румынаў.

Павел Алейнікаў, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама