Пра што можа сведчыць раптоўная праверка беларускага войска?

У Беларусі распачалася раптоўная праверка баявой гатоўнасці збройных сілаў па даручэнні Лукашэнкі. Яна пройдзе пад кіраўніцтвам сакратарыяту так званага Савету Бяспекі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З пункту гледжання вайсковых, падрыхтоўка да ўварвання, падрыхтоўка да вайны пачынаецца пад прыкрыццём правядзення буйнамаштабных вучэнняў. Вось і думайце, што хочаце, як гаворыцца», – кажа кіраўнік праграмаў бяспекі цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI» Паўло Лакійчук.

Міністэрства абароны Беларусі паказала фотаздымкі вайскоўцаў 38-й Берасцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, якая рушыла на мяжу з Украінай у раён населенага пункту Макраны. Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў складзе калоны былі заўважаныя:

Не менш за 25 БТР-80

Каля 30 грузавікоў

МАЗ з асабовым складам і маёмасцю

3-ы 120-мм мінамёта 2Б23 «Нона-М1»

2 палівазапраўшчыка

Камандна-штабная машына Р-145БМ

2 машыны сувязі

Не менш за 5 машын памежнай службы РБ

Машына хуткай дапамогі і 2 палявыя кухні

Наколькі такая групоўка стварае небяспеку для Украіны?

«Думаю, гэта батальённа-тактычная групоўка, якая была сфармаваная з гэтай брыгады дэсантнай. І якраз вырушыла да мяжы з Украінай. Я думаю, што гэта ўсё ж трэніроўка, адпрацоўка менавіта вылучэння. Гэта дэманстрацыя», – мяркуе вайсковы эксперт і дырэктар «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самусь.

Міністэрства абароны Беларусі заяўляе, што праверка баявой гатоўнасці арміі будзе мець комплексны характар:

«Войскам трэба будзе ў найкарацейшыя тэрміны вылучыцца ў прызначаныя раёны, ажыццявіць іх інжынернае абсталяванне, арганізаваць ахову і абарону, а таксама навесці маставыя пераправы праз рэкі Нёман і Бярэзіна».

У вайсковым ведамстве паведамілі, што выкананне задачаў пачалі і жаўнеры 7-га інжынернага палка, а таксама пантонна-маставы батальён 55-ай інжынернай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання. Варта адзначыць, што рэкі Нёман і Бярэзіна не цякуць паблізу ўкраінскай мяжы. Таксама стала вядома, што ў Берасцейскую вобласць перакідваюць 103-юю віцебскую брыгаду сілаў спецыяльных аперацыяў.

У інтэрнэце з’явіліся кадры наступстваў учарашняга прылёту па вайсковай частцы ў расейскім Клімаве Бранскай вобласці. Гэтая частка размяшчаецца за два дзясяткі кіламетраў ад беларускай мяжы. Можа, раптоўнае правяранне беларускага войска звязанае з гэтым выпадкам?

«Вядома ж, гэта мае сувязь. Паколькі тыя падраздзяленні і злучэнні, якія знаходзяцца і ў Бранскай вобласці, зараз могуць дзейнічаць за адзіным планам і задумай для падрыхтоўкі адзіных аперацый супраць Украіны. Таму беларускія ўзброеныя сілы таксама могуць падымацца па трывозе ў сувязі з тым, што ў Расеі вось такая сітуацыя з нанясеннем удараў па іх вайсковых частках», – кажа Самусь.

Украінская выведка неаднаразова заяўляла, што сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы кантралюецца і найбліжэйшым часам чакаць нападу з боку Беларусі не варта. Вайсковыя эксперты дзеянні Лукашэнкі называюць адмысловаю тактыкай.

«Нават вось такім пасіўным спосабам яны расцягваюць нашую абарону, вымушаюць утрымліваць значную частку сілаў на пагражальных напрамках з поўначы. Гэта таксама такая тактыка можа быць», – распавядае Лакійчук.

У сваю чаргу Міхайла Самусь мяркуе, што Лукашэнку даціснулі, а Расея для наступу з тэрыторыі Беларусі проста не мае неабходнага рэсурсу. Эксперт кажа, што пасля падпісання апошняга пагаднення паміж Міністэрствамі абароны Беларусі і Расеі, асобнага беларускага войска не існуе:

«Што асабліва ў гэтым пратаколе адзначана – гэта экстэрытарыяльны прынцып рэгіянальнай групы войскаў. Таму што раней група войскаў рэгіянальная вызначалася тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь і прылеглымі тэрыторыямі Расейскай федэрацыі. Цяпер гэты прынцып прыбралі. Такім чынам цяпер беларускія войскі могуць быць выкарыстаны ў любым месцы, дзе праводзіцца аперацыя расейскімі войскамі».

Удзень на ўсёй тэрыторыі Украіны абвесцілі паветраную трывогу. Прычынаю паслужылі тры расейскія самалёты МіГ-31 з ракетамі «Кінжал». Знішчальнікі ўвайшлі ў паветраную прастору Беларусі. Пускаў яны не ажыццяўлялі, а накіраваліся на вайсковы аэрадром у Мачулішчах.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама