У Беларусі эканомяць на здароўі?

Бясплатнае лячэнне ў Беларусі плануюць абмежаваць для так званых дармаедаў. Такія ж абмежаванні закрануць і грамадзянаў краіны, якія стала жывуць за мяжою. У Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што прапрацоўваюць гэтыя пытанні. Ці значыць гэта, што бясплатная медыцына ўсё ж становіцца больш платнай?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прапагандысты абурыліся роўным доступам да бясплатнай медыцыны ў сацыяльнай дзяржаве. Гэтае пытанне ўзнялі ў эфіры тэлеканалу СТВ, дзе абмяркоўвалі, як заяўлена, усю праўду пра беларускую медыцыну.

«Адна справа, калі да нас прыязджаюць нашыя замежныя сябры, яны аплачваюць паслугі. А іншы момант, калі вельмі многія нашыя суайчыннікі, маючы беларускі пашпарт, жывучы ў іншай краіне, марнуючы грошы там, прыязджаюць у Беларусь, каб атрымаць медычную дапамогу бясплатна. Гэта значыць, сацыяльная дзяржава. Мы даем такую магчымасць любому грамадзяніну Беларусі. Можа, пара гэтую крамку прыкрываць?», – заявіла вядоўца Алена Сырава.

Адказ з боку Міністэрства аховы здароўя атрымаўся неадназначны. Першая намесніца міністра Алена Краткова нагадала, што дзяржава ўсё ж сацыяльная. Але магчыма зрабіць выключэнне для так званых дармаедаў. Пры тым, што незанятыя ў эканоміцы ўжо плацяць за камунальныя паслугі паводле павышаных тарыфаў.

«Размова пра сацыяльную дзяржаву – гэта пусты гук у Беларусі. Яны лічаць, што тыя паслугі, якія беларуская дзяржава дае фактычна за нізкі кошт (камунальныя ці паслугі па бясплатнаму лячэнню), гэтыя дармаеды павінныя аплочваць, бо яны не ўносяць падаткі ў дзяржаўны бюджэт. Але ва ўсім свеце прынцып іншы. Людзям, наадварот, павышаюць выплаты сацыяльныя, каб яны маглі плаціць», – патлумачыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Напэўна, сродкаў на «бясплатную» медыцыну не хапае. На думку эканаміста Алеся Чайчыца, у рэжыму сапраўды заканчваюцца грошы і таму ён шукае шляхі да эканоміі.

«Першыя на кім дзяржава можа адыгрывацца, каго яна хоць патроху можа спрабаваць выкарыстоўваць для крыніц сродкаў – людзі, якія не з’яўляюцца часткай канвенцыйнай эканомікі», – адзначыў Алесь Чайчыц.

Права на бясплатную медыцыну для беларусаў замацаванае ў Канстытуцыі. Пасля сёлетніх зменаў гэтага дакументу, ініцыяваных уладамі, адпаведнае права захавалася. Але з’явілася ўдакладненне, што бясплатнае лячэнне гарантуецца ў вызначаным законам парадку.

«Яны ўнеслі гэты дадатак у Канстытуцыю, паколькі, зразумела, “пасцялілі” сабе саломкі пад розныя дзеянні. Але больш з-за таго, што старая формула проста не адпавядала рэальнасці. Па-першае, існуе шмат прыватнай медыцыны. Па-другое, у дзяржаўнай медыцыне вялікі працэнт паслугаў платны афіцыйна. Я не кажу пра неафіцыйныя рэчы», – дадаў Віталь Цыганкоў.

Чыноўнікі скардзяцца, што выдаткі на ахову здароўя ў краіне вялікія. Сёлета яны склалі чатыры з паловаю адсоткі ад ВУП. У Еўразвязе, параўноўвае Алесь Чайчыц, гэты паказнік складае 10 адсоткаў.

«Гэта кажа пра тое, што ў Беларусі прыярытэтам не з’яўляецца ані медыцына, ані дабрабыт грамадзянаў. Прыярытэтам з’яўляецца захаванне ўлады і кантролю над гэтай тэрыторыяй і над гэтым падсправаздачным насельніцтвам», – распавёў Алесь Чайчыц.

Значна таннейшаю для дзяржавы магла б быць так званая страхавая медыцына, якае існуе ў Еўразвязе і ЗША. Тым больш летась Лукашэнка заяўляў, што ёсць прыхільнікам такой мадэлі.

«Страхавая медыцына не вельмі магчымая ў Беларусі, як па мне. Уявіце, які-небудзь работнік, які атрымлівае 500 рублёў, думае, а ці варта мне плаціць 50 рублёў у месяц за страхоўку, калі са мной нічога, як правіла, не адбываецца?» – лічыць анколаг Уладзіслаў Трафімчык.

Магчымы пераход да страхавой медыцыны, кажуць эксперты, павінен зрабіцца часткаю раздзяржаўлення эканомікі. То бок гэта пытанне дэлегавання функцыяў ад дзяржавы грамадству. Але ці пойдзе на гэта Лукашэнка?

Ірына Юрʼева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама