Захад дапаможа Украіне з контрнаступам

«Леапарды»-2 для Украіны будуць. Над пытаннямі паставак ужо працуе шэраг краінаў, сярод якіх Нямеччына, Польшча, Канада, Партугалія, Іспанія, Нарвегія, Данія да Нідэрланды. Дадатковае падтрыманне вайсковай тэхнікай акажуць ЗША і Чэхія. Гэта толькі папярэднія вынікі сённяшняга паседжання кантактнай групы ў справе абароне Украіны.

«Можна казаць пра тое, што літаральна праз месяц, можа паўтара-два, ва Украіне будуць сфармаваныя першыя батальённа-тактычныя групы, штурмавыя БТГ, якія будуць штатна ўкамплектаваныя выключна тэхнікай заходняга ўзору, практычна з кожнай пазіцыі, пачынаючы ад танкаў, заканчваючы артылерыяй і ББМ», – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

Ішла гаворка і пра знішчальнікі для Украіны. Краіны-партнёры не выключаюць паставак авіяцыі ўжо найбліжэйшым часам. Але больш важным называюць сінхранізацыю дапамогі ў цэлым, паляпшэнне лагістыкі ды перавод вайсковай прамысловасці саюзнікаў на бесперапыннае падтрыманне Украіне.

«Гэтая кантактная група – сведчанне нашага адзінства. Адзінства мэты, адзінства намаганняў і адзінства каштоўнасцяў. Ніхто з нас не змог бы дамагчыся такога на самоце», – распавёў міністр абароны ЗША Лойд Остын.

А вось у Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, куды ўваходзяць Расея, Беларусь, Арменія, Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан, такой еднасці не назіраецца. Паводле Аляксандра Каваленкі:

«Сярод тых, хто адгукнецца дапамагаць Расеі ў гэтым пытанні, не будзе нікога. Нават Беларусі. Нават Лукашэнкі. Казаць гэта адно, а рабіць – зусім іншае. Нават апошняя сустрэча, на якой прадстаўнік Арменіі, прэм’ер-міністр Нікол Пашыньян, паводзіўся досыць дзёрзка ў дачыненні сваіх калег, шмат пра што кажа. Няма адзінства, няма зладжанасці. А ёсць толькі ўзаемнае «кідалава».

Хоць на сітуацыю ў цэлым АДКБ рэагуе. Гэтак, сёння начальнік абʼяднанага штабу АДКБ абвінаваціў Захад у росце напружанасці ля межаў Беларусі і ва ўсім рэгіёне. Аднак водгуку на заклік Лукашэнкі да чальцоў арганізацыі вызначыцца наконт сітуацыі ва Украіне не прагучала. Фактычна ён адзіны, хто працягвае падтрымліваць Пуціна, прынамсі, на словах.

«У пэўным сэнсе АДКБ – гэта магчымасць прадэманстраваць сваю актыўнасць, быццам нейкія поспехі, быццам нейкую міжнароднасць сваёй працы. Трэба ж хоць нейкую мець. Ну і, вядома, таксама зрабіць прыемнае Пуціну. Бо гэта прасцей, гэта нічога не каштуе», – лічыць каардынатар экспертнай сеткі «Наша думка» Вадзім Мажэйкі.

Вайскова-палітычны саюз, створаны з падачы Масквы больш за трыццаць гадоў таму, на справе ні разу не выканаў сваіх заяўленых мэтаў. Гэтак, АДКБ адмовіла Арменіі ў дапамозе падчас цяжкіх баёў вакол Карабаху, кажа Вадзім Мажэйка:

«Фактычна я б цяпер АДКБ так і ўспрымаў бы, як арганізацыю эфектыўнай дапамогі дыктатарам, а не як інструмент вайсковай дапамогі – і тым больш здольнай на нейкае вайсковае супрацьстаянне NATO. Гэта хутчэй АДКБ хацела б так сябе пазіцыянаваць, як альтэрнатыву NATO».

Эксперты супадаюць у думцы, што калі аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы ў постсавецкіх краінах адыдуць у нябыт – амаль адразу за імі туды адправіцца і АДКБ.

Уладзіслаў Корсак, Белсат

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама