Вадзім Кабанчук пра ціск на каліноўцаў: «Гэта звычайная работа карных органаў яны нас баяцца»

«Выношваюць планы па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі», – гэтак дзейнасць палка імя Кастуся Каліноўскага, а таксама «іншых узброеных фармаванняў», акрэсліў начальнік Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Андрэй Ананенка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нагадваем, што ўсе сувязі беларускіх наймітаў, якія ваююць на тэрыторыі Украіны ў складзе незаконных узброеных фармаванняў, зафіксаваныя і сістэмна адпрацоўваюцца на прадмет падрыўной дзейнасці ўнутры краіны і аказання садзейнічання замежным радыкальным ініцыятывам. Праца ў гэтым кірунку ўсіх падраздзяленняў органаў унутраных справаў працягваецца», – заявіў Андрэй Ананенка.

Гэтае «сістэмнае адпрацоўванне» палягае на тым, што ГУБАЗіК учыняе налёты на сваякоў і знаёмых байцоў палка Каліноўскага, якія, паводле сілавікоў, аб’ядноўваюцца ў таемныя ячэйкі. Ператрусы і затрыманні ў родных каліноўцаў і не толькі ў іх рэзка актывізаваліся пасля таго, як на аэрадроме ў Мачулішчах быў пашкоджаны расейскі самалёт А-50, што каардынаваў ракетныя атакі на Украіну.

Мэта новага ўзмацнення рэпрэсіяў – застрашванне, але Лукашэнка сам баіцца каліноўцаў, кажа аглядальнік Віталь Цыганкоў, прычым баіцца не толькі як структуру, але і як сімвал сілы, што можа знішчыць рэжым.

«Полк Каліноўскага як засяроджанне ўсіх гэтых патэнцыйных сілаў патэнцыйных людзей уяўляе пагрозу і як практычная ваенная адзінка, і як сімвал таго, што ў пэўны момант гэтых людзей можа стаць намнога больш – і полк Каліноўскага можа вырасці і набыць зусім іншыя маштабы», – кажа Віталь Цыганкоў.

Лукашэнка сапраўды даволі часта ўзгадвае «каліноўцаў» падчас сваіх нарадаў. Напрыклад, летась у кастрычніку чарговы раз заяўляў, што яны ставяць перад сабою за мэту дэстабілізаваць абставіны ў нашай краіне найперш праз дыверсійна-падрыўную дзейнасць. А сёлета ў студзені казаў:

«Усе гэтыя “каліноўцы”, “харугвы” і іншыя будуць адказваць не проста паводле закону. З імі будзе размова адна – на знішчэнне».

Полк Каліноўскага не мае інфармацыі пра тое, што да родных байцоў фармавання прыходзілі сілавікі.

«Гэта звычайная работа карных органаў яны нас баяцца, гэта для нас – знак якасці, значыць, мы робім слушную справу. І гэта ніякім чынам не ўплывае на нашую рашучасць працягваць тое, чым мы займаемся. Развязка набліжаецца, вось чаму яны перажываюць. Яны гэта адчуваюць, і рэжым гэта адчувае. І мы гэта зробім», – перакананы намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Узмацненне ціску не міне бясследна, перакананы Віталь Цыганкоў. Відавочнага супраціву дзеям рэжыму ўнутры краіны няма, бо ніякая публічная актыўнасць сёння немагчымая. Але гэта не азначае, што беларусы пагадзіліся з тым, што адбываецца.

«Гэтыя рэпрэсіі нараджаюць, скажам мякка, неабыякавасць да дзеянняў улады, а дакладней – жаданне адпомсціць, жаданне адказаць, жаданне дабіцца справядлівасці. Калі б дзеянні ўлады былі больш мяккія, гэта жаданне не было б такім вострым. Але цяперашнія рэпрэсіі гэтае жаданне абвастраюць і робяць яго ў пэўным сэнсе непазбежным», – лічыць Віталь Цыганкоў.

На мінулым тыдні каліноўцы адзначылі гадавіну ўтварэння фармавання. Паводле факту стварэння палка імя Каліноўскага рэжым завёў крымінальную справу і прызнаў полк «экстрэмісцкім фармаваннем».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама