Дзе хаваюць «экстрэмісцкую літаратуру»?

Да спальвання яшчэ не дайшло, але ўпарадкаваць чытанне так званай «экстрэмісцкай літаратуры» ўжо спрабуюць. У Нацыянальнай бібліятэцы разлічваюць, што парадак выдачы забароненых кніг вызначаць законам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Будзем спадзявацца, што найбліжэйшым часам гэты заканадаўчы прабел будзе ўдакладнены. Тэарэтычна абмежаванаму колу карыстальнікаў пры наяўнасці спецыяльнага дазволу можна будзе гэтымі дакументамі скарыстацца», – гаворыць у сюжэце на тэлеканале «Беларусь-1» намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка.

У сюжэце прызналі, што ўсе кнігі, прызнаныя экстрэмісцкімі, знішчыць складана, да таго ж адмыслоўцам яны могуць спатрэбіцца для навуковых працаў ці расследаванняў. Гэтак было і ў Савецкім Саюзе, нагадвае палітолаг Валер Карбалевіч:

«Так званы “спецхран”, дзе таксама ў бібліятэках былі забароненыя кнігі, якія можна было чытаць паводле спецыяльнага дазволу, паводле спецыяльных дакументаў. Цяпер Беларусь вяртаецца ў Савецкі Саюз, прычым у Савецкі Саюз найбольш змрочных часоў – перыяд сталінізму».

Кнігі ў Беларусі прызнаюцца экстрэмісцкімі рашэннем суда і заносяцца ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі. Першы запіс у ім датаваны 2008 годам, і да 2020-га ён займаў 70 старонак электроннага тэкставага дакументу. Цягам трох апошніх гадоў пералік павялічыўся ў дзесяць разоў. Кніг і брашураў у ім – ужо больш за сотню. І калі раней гэта былі пераважна тэксты, прысвечаныя тэме анархізму, джыхаду, усясветнай змовы, то апошнім часам шмат увагі надаецца гістарычнай літаратуры. Шукаюць забароненыя і патэнцыйна небяспечныя кнігі нават адмысловымі рэйдамі ў крамах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія кнігі. Фота: Белсат

«Вядома, першачарговую ўвагу надаем гістарычнай літаратуры, бо цяпер такія тэмы на вастрыі, значныя. Гэта рэабілітацыя нацызму, якая часам сустракаецца ў друкаванай прадукцыі. Таму менавіта на такую літаратуру мы звяртаем увагу», – кажа ў сюжэце начальніца аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Марына Запрудская.

З дваццаці трох кніг, прызнаных экстрэмісцкімі толькі сёлета, паўтара дзясятка закранаюць тэму гісторыі або нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Падобнымі забаронамі рэжым спрабуе стварыць новую ідэнтычнасць беларусаў, тлумачыць кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін:

«Каб у беларусаў было іншае ўяўленне пра сваю гісторыю, пра сваю нацыю, пра сябе. І праз гэта маніпуляваць будучыняй беларусаў, каб яны паверылі ў тое, што будзе даводзіцца праз афіцыйныя медыі і праз кнігі, што атрымаюць дазвол на шырокі доступ да чытача».

Доступ жа да літаратуры, прызнанай экстрэмісцкай, атрымае вузкае кола – тыя, хто акурат і будзе перапісваць гісторыю так, як гэтага патрабуе лукашэнкаўскі рэжым. Ці выкрываць так званых ворагаў, то бок нязгодных з уладамі. Але шараговы чытач ад гэтага не моцна пацярпіць, кажуць нашыя суразмоўцы.

«Цяперашняя літаратура, якая аб’яўленая экстрэмісцкай, я думаю, уся ёсць у інтэрнэце. Таму ўсе гэтыя захады дарэмныя, калі ставяць задачу адсекчы беларускае грамадства ад знаёмства з гэтай літаратурай», – кажа Яўген Красулін.

Часу ж на тое, каб стварыць новую ідэнтычнасць беларусаў, у рэжыму не хопіць, падкрэслівае гісторык:

«Можа, хопіць часу напісаць эрзацлітаратуру для пабудовы новых ідэнтычнасцяў, але не хопіць часу давесці яе да людзей, каб яна ўспрымалася сапраўды як праўда».

Забаронены плод – салодкі. А таму выняцце з крамаў і абмежаванне ў бібліятэках літаратуры можа толькі падвысіць цікаўнасць да яе.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама