Суды над памерлымі: каму гэта трэба і навошта?

Генпракуратура Беларусі дамаглася свайго: так званы парламент зацвердзіў закон, які дазваляе судзіць памерлых. Калі гаворка ідзе пра генацыд ды ваенныя злачынствы. У першую чаргу – каб прыцягнуць да суда вінаватых у генацыдзе беларусаў падчас нямецкай акупацыі ў гады вайны. Прычым плануецца расшукваць сваякоў і выклікаць у суд у якасці прадстаўнікоў памерлых абвінавачаных. Навошта гэта спатрэбілася рэжыму? І якія ў гэтым рашэнні ёсць нечаканыя пазітыўныя моманты?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі будуць судзіць мёртвых – ужо дакладна. Адпаведны закон сёння прыняла Палата прадстаўнікоў. Гэта дазваляе судзіць фігурантаў справы пра генацыд беларускага народу падчас Другой сусветнай вайны.

Ідэя не новая. Гэтак, у дзявятым стагоддзі судзілі за вераломства труп Папы Рымскага Фармоза. У Беларусі ж маюць прыцягваць да суда нябожчыкаў за агрэсіўную вайну, міжнародны тэрарызм, генацыд, экацыд і шэраг ваенных злачынстваў.

«І тады, і цяпер асноўнай прычынай гэтага працэсу было імкненне данесці палітычны мэсідж да нейкай аўдыторыі», – кажа юрыст Міхаіл Кірылюк, прававы дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Генпракуратура, з чыёй падачы прынялі закон, палітычнай матывацыі не ўтойвае. У 2020 годзе ў першых шэрагах пратэстоўцаў былі неанацысты, як заяўляў генпракурор Швед у інтэрв’ю тэлекампаніі «Мір».

«Таму паўстала рубам пытанне пра неабходнасць зрабіць жорсткія эфектыўныя захады, каб паставіць надзейную заслону ў гэтым плане, супрацьдзейнічаць экспансіі неанацысцкай, фашысцкай ідэалогіі сюды, на Усход, да нас у Беларусь. Прэзідэнт нашай краіны… агучыў прапановы ўзбудзіць крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народу. Неабходна сказаць людзям усю праўду без купюраў», – казаў Андрэй Швед.

Але шэрагу нязручных тэмаў з гісторыі Другой сусветнай рэжым Лукашэнкі ўнікае.

«Гэта і дзейнасць беларускай калабарацыі, але адначасова і дзейнасць савецкіх партызанаў адносна цывільнага насельніцтва. І ўдзел розных пластоў мясцовага насельніцтва ў пераследзе і знішчэнні яўрэяў», – распавядае гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Феміда на фасадзе дома правасуддзя ў Берасці. Фота: Белсат

Пракуроры падчас сваіх паходаў па школах і працоўных калектывах распавядаюць афіцыёзную версію тагачасных падзеяў. Адметна, што гэтую місію рэжым даручыў не прафесійным гісторыкам, а людзям у пагонах. Якія нават выпусцілі кнігу, дзе поруч з фота нямецкіх нацыстаў 40-х – сучасныя беларускія пратэстоўцы.

«Хочаш абразіць свайго палітычнага ворага – не трэба пераймацца ягонымі аргументамі. Проста назаві яго нацыстам. Так працуе расейская прапаганда, так працуе беларуская прапаганда», – тлумачыць Аляксандр Фрыдман.

Судзіць будуць у тым ліку беларускіх дзеячаў мінулага, што супрацоўнічалі з немцамі, мяркуе Аляксандр Фрыдман. Каб дыскрэдытаваць нацыянальны рух.

«Адзіны пазітыў: людзі будуць занятыя пераследам нейкіх фігураў з мінулага. І гэта лепей, чым штодня лавіць жывых невінаватых беларусаў і садзіць іх у турму», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Паспела Палата прадстаўнікоў падумаць і пра жывых: зацвердзіла Закон аб народным апалчэнні. Сярод цікавостак – яго ўдзельнікам дазволілі трымаць у хаце зброю. Нібыта рыхтуюцца да імавернай новай вайны.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама