Доналд Трамп удзельнічае ў з’ездзе рэспубліканцаў

У амерыканскім горадзе Мілўокі ў штаце Ўісконсін пачаўся Нацыянальны з’езд Рэспубліканскай партыі. Чаканым вынікам чатырохдзённай сустрэчы будзе афіцыйнае вылучэнне Доналда Трампа кандыдатам на прэзідэнта ЗША. Сам палітык прыбыў у Мілўокі напярэдадні ўвечары. Амаль праз содні пасля замаху.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стрэлы прагучалі падчас перадвыбарчага сходу Доналда Трампа ў Пенсільваніі 13 ліпеня. Палітыка, які ў той момант выступаў з прамоваю, хутка затулілі супрацоўнікі Сакрэтнай службы і вывелі са сцэны. Куля закранула правае вуха экс-прэзідэнта ЗША.

У выніку страляніны загінуў адзін з удзельнікаў перадвыбарчай сустрэчы Трампа. Яшчэ дваіх з раненнямі шпіталізавалі. Самога стралка зліквідаваў снайпер. Паводле FBI, гэта быў 20-гадовы Томас Мэтʼю Крукс. Аднак матывы ягонага ўчынку пакуль невядомыя.

«Мы ясна бачылі яго з вінтоўкай, абсалютна дакладна. Мы паказалі на яго паліцыі, маўляў, тамака хлопец на даху з вінтоўкай. А паліцыя адрэагавала прыкладна так: «Га? Што?» Быццам яны не разумелі, што адбываецца», – распавёў відавочца Грэг Сміт.

Вядома, што Крукс быў зарэгістраваным рэспубліканцам, аднак у 2021 годзе ахвяраваў 15 долараў ліберальнай выбарчай групе «ActBlue», якая падтрымлівае дэмакратаў. Мясцовыя медыі паведамілі, што вінтоўка тыпу AR належыць бацьку Крукса. А ў аўтамабілі нападніка паліцыя знайшла падазроныя прылады, падобныя да выбухоўкі.

Замах на Доналда Трампа стаўся першым падобным інцыдэнтам у ЗША з 1981 года. Тады ў Вашынгтоне стралок параніў прэзідэнта Роналда Рэйгана і траіх ягоных суправаджальнікаў.

Пасля замаху на Трампа цяперашні амерыканскі лідар і галоўны апанент Трампа на будучых выбарах Джо Байдэн у звароце да нацыі заклікаў адмовіцца ад гвалту ў палітыцы.

«У Амерыцы няма месца такому гвалту і наогул любому гвалту. І кропка. Ніякіх выключэнняў. Мы не можам дапусціць, каб гэты гвалт зрабіўся нормаю. Ведаеце, палітычная рыторыка ў нашай краіне моцна абвастрылася. Надышоў час астыць. Мы ўсе абавязаныя гэта зрабіць. Так, у нас ёсць глыбокія рознагалоссі. Стаўкі на гэтых выбарах надзвычай высокія».

Доналд Трамп пасля замаху на перадвыбарчым мітынгу ў Батлеры, Пенсільванія. 13 ліпеня 2024 года. Фота: Brendan McDermid / Reuters / Forum

Палітычны гвалт пасля замаху на Трампа асудзілі шмат якія сусветныя лідары. Інцыдэнт з былым прэзідэнтам ЗША пракаментавалі і ў Крамлі.

«Мы не думаем і не лічым, што спроба ліквідацыі кандыдата ў прэзідэнты Трампа была арганізавана дзейнай адміністрацыяй. Але тая атмасфера, якая была створана гэтай адміністрацыяй падчас палітычнай барацьбы, атмасфера вакол кандыдата Трампа, менавіта яна справакавала тое, з чым зараз сутыкаецца Амерыка», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Трагічны эпізод у Пенсільваніі падчас перадвыбарчай гонкі можа згуляць на карысць Доналду Трампу, мяркуюць эксперты.

«На дадзены момант гэта падніме рэйтынг Доналда Трампа. Гэта павялічвае шанцы Доналда Трампа вярнуцца ў Белы дом. Але амерыканская палітыка робіць такія крутыя павароты, і вось мы толькі былі сведкамі аднаго з такіх паваротаў. Таму невядома, што мы яшчэ ўбачым да 5 лістапада. І нас могуць чакаць вельмі сурʼёзныя неспадзеўкі. Таму адназначна, на 100 % мы нічога казаць не можам», – патлумачыла амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

Пры гэтым Джо Байдэн цяпер чуе крытыку адносна свайго сталага ўзросту і кагнітыўных здольнасцяў нават з боку паплечнікаў. Пасля першых дэбатаў у канцы чэрвеня сярод прадстаўнікоў кіроўнай Дэмакратычнай партыі ўзмацніліся заклікі зняць дзейнага лідара з прэзідэнцкай гонкі.

«Тэхнічна гэта магчыма. Але, на жаль ёсць, іншая праблема – гэта адсутнасць моцнага запаснога кандыдата ў Дэмакратычнай партыі. На жаль, за 3,5 месяца амаль немагчыма правесці паўнавартасную выбарчую кампанію для новага кандыдата ад дэмакратаў», – адзначыў амерыканіст, эксперт у стратэгічных камунікацыях Антон Пянькоўскі.

Выбары прэзідэнта ЗША, прызначаныя сёлета на 5 лістапада, будуць шасцідзясятымі ў гісторыі краіны.

Ірына Юрʼева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама