Еўразвяз рыхтуецца да абароны

Краіны Еўразвязу рыхтуюць Сілы хуткага рэагавання. Бо Расея, а разам з ёй і войска Лукашэнкі бачацца як пагроза. Дзяржаўная прапаганда страшыць танкамі NATO, але факты паказваюць агрэсію з іншага боку. У Бруселі ізноў гучыць пра Беларусь. Але – як рэжым, які атрымае па лапах, калі перакрочыць пэўныя лініі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Бруселі саміт міністраў дзяржаваў Еўразвязу сёння працягнуўся на ўзроўні міністраў абароны, з запрашэннем генеральнага сакратара NATO і кіраўніка ўкраінскага ведамства Аляксея Рэзнікава па відэасувязі. Як паведаміў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль, да наступнага году будуць гатовыя Сілы хуткага рэагавання Еўразвязу – EUFOR. Гэтыя ўзброеныя сілы падпарадкоўваюцца Вайсковаму штабу Еўразвязу, а не блоку NATO, хаця і яны і ўзаемадзеюць між сабой. Прычына патрэбы разгортвання сілаў ЕЗ – расейская агрэсія ва Украіне.

«Мы працягнем міжнародную ізаляцыю Расеі. Мы працягнем уводзіць санкцыі супраць расейскай эканомікі. Мы гатовыя ўзмацніць абмежавальныя дзеянні і ўдарыць па трэціх краінах, асабліва па тых, хто дапамагае Расеі ў пытаннях узбраенняў і войскаў – гэта Іран і Беларусь», – пацвердзіў Жузэп Бурэль.

Сёння ж Еўразвяз афіцыйна абвесціў аб пачатку працы місіі вайсковай дапамогі Украіне. У яе межах пройдзе навучанне 15 тысячаў украінскіх жаўнераў на сродкі Еўразвязу.

«Мы вельмі радыя, што Еўразвяз нарэшце пагадзіўся ў справе навучальнай місіі для Украіны, бо Латвія казала пра неабходнасць гэтых трэнінгаў яшчэ 2 гады таму. Мы пабачылі, што гэта патрэбна. Цяпер, на дзявяты месяц вайны, ёсць рашэнне», – заявіў міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс.

Нямеччына плануе да канца вясны скончыць навучанне 5 тысячаў украінскіх вайскоўцаў, а таксама створыць сэрвісны цэнтр для ўкраінскай бранятэхнікі і артылерыі.

«Мы створым рамонтны цэнтр у Славаччыне. Ужо дасягнутыя дамоўленасці, і праца можа пачацца неадкладна, так што ўсю тэхніку можна будзе адрамантаваць пасля выхаду з бою. Мы працягнем падтрымліваць Украіну ўсімі сіламі», – паведаміла міністр абароны Нямеччыны Крыстынэ Лямбрэхт.

Міністры абароны дамовіліся, што Еўразвяз будзе супольна ўзнаўляць свае аб’ёмы ўзбраенняў, адначасова працягваючы пастаўкі сваёй зброі ва Украіну.

«Гэтай тэхнікі не вырабляюць на месцы, яе ўзялі са складоў, так што склады трэба напоўніць. Што яшчэ важна – гэта дзеяць разам, каб пазбегчы падзелу рынку ўзбраенняў, пазбегчы канкурэнцыі», – патлумачыў Жузэп Бурэль.

Генсек NATO Енс Стольтэнбэрг прывітаў гэтае рашэнне Еўразвязу. Абʼяднаная Еўропа не абмяжуецца падрыхтоўкай украінскіх спецыялістаў, а дашле ва Украіну сваіх вайскоўцаў – але пасля сканчэння баявых дзеянняў, каб пазбегнуць непасрэдных боесутыкненняў з Расеяй.

«Місія Еўразвязу, у якой Латвія гатовая ўдзельнічаць, будзе займацца размініраваннем, займацца рыхтаваннем украінскага насельніцтва да пасляваенных сітуацыяў. Бо мы бачым, як расейцы пакідаюць за сабою варварскія разбурэнні. Інфраструктура разбураная, зямля замініраваная, і хтосьці мусіць дапамагчы прыбраць гэта ўсё як мага хутчэй», – заявіў Артыс Пабрыкс.

Расейскія прапагандысты апошнія некалькі гадоў транслююць тэзіс, што Крэмль заўжды праводзіць складаныя шматхадовыя камбінацыі. І таму любая страта – гэта частка хітрага плану «Пуцін усіх перайграў». Але хітры план атакаваць Украіну, каб спыніць пашырэнне блоку NATO, прывёў да таго, што NATO пашыраецца на скандынаўскія краіны, а чыноўнікі Еўразвязу нарэшце дзейнічаюць у справе разгортвання ўзброеных сілаў Абʼяднанай Еўропы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама