Беларусь абмяркоўваюць у Еўразвязе

Беларусь зноў у еўрапавестцы, і зноў не так, як бы хацелася беларускім уладам. Сталы прадстаўнік злучаных штатаў пры АБСЕ Майкл Карпэнтэр чарговы раз заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення журналістаў, праваабаронцаў, дзеячаў палітычнай апазіцыі, а таксама больш за 1400 палітвязняў, якіх рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае за кратамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дэбаты, прысвечаныя рэпрэсіям у Беларусі, праходзяць сёння ў Еўрапарламенце. Яны маюць назву «Далейшыя рэпрэсіі супраць народу Беларусі, у прыватнасці справы Анджэя Пачобута і Алеся Бяляцкага». Сярод іншага падчас дэбатаў еўрадэпутаты маюць выпрацаваць далейшую стратэгію Еўразвязу ў дачыненні Беларусі.

«Таксама вынік – гэта выказванне нейкай еднасці ці адзінасці розных парламенцёраў па гэтым пытанні. Вядома, сітуацыя заўсёды дынамічная, і гэтыя перспектывы могуць мяняцца, то бок таксама функцыя гэтых дэбатаў – яшчэ раз паміж сабой пагаманіць, што сітуацыя не змяняецца, што ўсе ідуць адзіным фронтам», – кажа прафесар кафедры дзяржаўнага кіравання Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды, Паліна Прысмакова.

Напярэдадні Сенат Чэхіі прыняў пастанову адносна рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У рэзалюцыі канстатуецца што КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам для пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі. Згадваюцца таксама захоп рэжымам Лукашэнкі самалёту «Ryanair» у 2021 годзе і саўдзел у расейскім уварванні ва Украіну, судовы самачын і амаль паўтары тысячы палітвязняў, захаванне смяротнага пакарання ў краіне.

«Улічваючы вышэйсказанае, Сенат Чэхіі рэкамендуе ўраду краіны накласці санкцыі на супрацоўнікаў карных структураў, КДБ і ГУБАЗіК, і абвясціць іх арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Дзеля гэтага рашэння чэшскага Сенату некалькі месяцаў працавалі юрысты і дыпламаты Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі па транзіце ўлады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Грунтавалася прапанова на міжнародных дакументах.

«У аснове знаходзіцца аналіз адпаведных міжнародных канвенцыяў – канвенцыі савету Еўропы аб супрацьдзеянні тэрарызму, адпаведная рэзалюцыя савету бяспекі ААН 2004 году і ад адпаведнае рашэнне Еўрапейскага Савету 2017 году, дзе вельмі дакладна апісана што з’яўляецца актамі тэрарызму», – кажа прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Павел Латушка.

Апроч прызнання КДБ і ГУБАЗіКу арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм, у рэзалюцыі рэкамендуецца працягнуць на наступны перыяд візавую праграму «Грамадзянская супольнасць», забяспечыць новыя ўрадавыя стыпендыі для абраных студэнтаў і надаваць эфектыўную дапамогу грамадзянскай супольнасці, незалежным медыям і журналістам, як у Беларусі, так і за яе межамі.

Пастанова Сенату дае магчымасць ураду Чэхіі разгледзець пытанне аб прызнанні КДБ і ГУБАЗіКу тэрарыстычнымі, падкрэслівае Павел Латушка.

Канчатковая ж мэта і рашэння чэшскага Сенату, і рашэнняў Еўрапарламенту – скліканне трыбуналу ў беларускім пытанні, кажа палітолаг Паліна Прысмакова.

«Чым больш актораў міжнародных і на ўзроўні краінаў будуць гэта выказваць і прызнаваць тым прасцей будзе запусціць механізм адмысловага трыбуналу які будзе склікацца па разгледжванні беларускай справы», – адзначае Паліна Прысмакова.

Летась у снежні дакумент, падобны да рэзалюцыі чэшскага Сенату аб Беларусі, прынялі ў Сейме Літвы. Адпаведныя прапановы Абʼяднаны пераходны кабінет плануе накіраваць таксама ў парламенты Польшчы, Латвіі і Эстоніі.

«Мы таксама звернемся перадусім для тых краінаў якія таксама разумеюць ролю постсавецкіх, савецкіх спецслужбаў у часы калі яны знаходзіліся пад акупацыяй», – кажа Павел Латушка.

Наступны ж крок чэшскіх уладаў, на які разлічваюць прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінету, – нацыянальныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама