Кувалда ПВК Вагнэра ўжо ў Беларусі

Кувалда ПВК Вагнэра ўжо ў Беларусі! Сімвал пазасудовых расправаў, забойстваў і катаванняў з‘явіўся ў музеі паветрана-дэсантных войскаў пры Рэчыцкай раённай гімназіі. Гэтым у сваім блогу ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» пахваліўся беларускі актывіст прарасейскіх поглядаў Уладзімір Габроў.

Глядзіце ў відэа наступныя сюжэты:

Выданне reform.by прааналізавала відэа з Рэчыцы і прыйшло да высновы, што кувалду ў рэчыцкую гімназію прывёз Мікалай Будзько. Подпісы на кувалдзе і ягонай анкеце для ПВК Вагнэра – супадаюць.

Будзько – нарадзінец Беларусі і камандзір 4-га штурмавога атраду ПВК Вагнэра, які, паводле расследавання журналістаў «Дасье», загадаў закатаваць і забіць да смерці кувалдай сірыйца.

Навошта ў школьным музеі такі экспанат? Мы пацікавіліся ў дырэктара ўстановы:

– Чаму ў нашай школе, у музеі знаходзіцца кавадла ПВК Вагнера?

– Ведаеце, мне пра гэта нічога невядома. Набярыце Габрова, добра?

– Проста глядзіце, у нас жа музей у школе знаходзіцца на базе гімназіі. Правільна? І вы дырэктар, вы за гэта адказваеце.

– Музей пад сігналізацыяй. Мы ж туды не ўваходзім…

Дырэктарка гімназіі Святлана Сурта, якая не ведае, што адбываецца ў музеі пры навучальнай установе, да таго ж ёсць дэпутаткай Рэчыцкага раённага Савету дэпутатаў. Яна дала нам мабільны нумар Уладзіміра Габрова – актывіста, што апублікаваў відэа кувалды. «Белсат» патэлефанаваў мужчыну пад выглядам бацькі дзіцяці, якое нібыта вучыцца ў гэтай гімназіі:

Але!

– Але, добры дзень!

– Добры!

– Мне ваш нумар дала Святлана Мікалаеўна Сурта. Дырэктар нашай гімназіі. Мяне проста абурыла навіна, не ведаю, гэта праўда ці не, што ў нас у музеі з‘явілася кавадла ПВК Вагнера.

– А што вас так абурае, раскажыце мне?

– Мяне абурае, што ПВК Вагнера дадзенымі кавадламі, у Інтэрнэце ёсць куча відэа, забіваюць людзей.

– Па-першае, глядзіце. У нас у музеі яшчэ шмат экспанатаў узбраення, якімі забіваюць не людзей, а ворагаў. І чаго вы не тэлефануеце, калі ў нас, напрыклад, вісіць навучальная зброя? І гэтак далей. Таксама ворагаў знішчаюць. Ну. Што вас абурае? І ці мала хто тамака нешта напісаў? Я проста гавару да нас у наш музей проста прыбыў чарговы экспанат. Ніхто нікога нікуды не агітуе. Не гаворыць, што яны дрэнныя ці добрыя. Што за буча? Я не зразумеў бл… Што за кіпіш такі, раскажыце мне, тата? Проста ў музеі з’явіўся чарговы экспанат, якіх шмат. Чаго вы даматаліся дой гэтай бл.. кувадлы?

А ці бачаць пагрозу для вучняў у з‘яўленні кувалды ПВК Вагнэра ў гімназіі структуры КДБ?

– Там сапраўды ляжыць кавадла ПВК Вагнэра з гравіроўкай. А на дзяржальні ёсць аўтограф нейкага чалавека. Як напісана сузаснавальніка дадзенай арганізацыі.

– У музеі дадзенай установы адукацыі так?

– Так!

– Гэта вы сёння там былі так?

– Так!

– Добра, мы ўдакладнім гэтае пытанне!

У КДБ удакладнілі, што цяпер гэтаму інцыдэнту яны не могуць даць прававой ацэнкі. Таксама мы патэлефанавалі ў гомельскі Следчы камітэт, адкуль нас перанакіравалі ў Рэчыцу:

Звярніцеся ў аператыўна-дзяжурную частку. На супрацоўніках міліцыі ляжыць функцыя аб разбіральніцтвах. Калі палічаць то адправяць туды ўчастковага інспектара і калі той палічыць, што там ёсць нешта супрацьзаконнае, туды будзе накіравана следча-аператыўная група.

– Гэта значыць, вось майго званка аб тым, што такое вось адбылося і мае месца быць, не дастаткова для таго, каб вы пачалі нейкую праверку. Я правільна разумею?

– Я ўдакладню, што там да чаго, а потым мы будзем прымаць рашэнне ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

Чаму праваахоўныя органы так дзіўна рэагуюць на гэтую сітуацыю і адпраўляюць грамадзяніна Беларусі адно да аднаго?

«Усе гэтыя людзі адчуваюць, вось паводле іх усведамлення, што гэтае пытанне не юрыдычнае. Увогуле. Вось цяпер у Беларусі гэтае пытанне не юрыдычнае. Гэтае пытанне палітычнае. А як бы лезці ў палітыку, дапусціць палітычную памылку яны ўсе баяцца», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода».

У свой час журналіст цэнтру «Дасье» тэлефанаваў і пісаў запыт у беларускі КДБ, каб высветліць лес Мікалая Будзька ды іншых беларусаў, датычных да забойства сірыйца ў 2017 годзе. Тэлефанавалі тады ў КДБ і мы. Але беларускія сілавікі не захацелі разабрацца ў гэтых злачынствах. Не расследавалі справу і ў Расеі.

Цікавасці так званых праваахоўнікаў мы не заўважылі і да асобы актывіста Уладзіміра Габрова – верагодна, сябра Мікалая Будзька. Ёсць кадры дзе Уладзімір Габроў п’е гарэлку за свайго сябра Колю, які атрымаў узнагароду героя Расеі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама