Праз паўгода пачнуць дзейнічаць новыя абмежаванні выезду беларусаў за мяжу

Закон аб парадку выезду грамадзянаў Беларусі з краіны – зменены. Праз паўгода выехаць не змогуць асобы, над якімі ідзе адміністратыўны працэс за парушэнне парадку. Гэта, напрыклад, непадпарадкаванне службовай асобе, правядзенне масавых мерапрыемстваў ды іншае. А таксама ўвялі абмежаванні для асобаў, выезд якіх супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асаблівасць такіх зменаў у тым, што фармулёўкі, якія ўносяцца ў закон, адразу кажуць пра ўсё і ні пра што. Калі гаворыцца, што вы супярэчыце інтарэсам нацыянальнай бяспекі, і пры гэтым не даецца ніякіх тлумачэнняў – гэтыя словы можна трактаваць як заўгодна. Такія шырокія фармулёўкі даюць магчымасць чыноўнікам для поўнай свабоды, і рашэнні ў такім выпадку з іхнага боку могуць прымацца зусім абсурдныя», – лічыць палітычны аглядальнік Таццяна Ашуркевіч.

Але закон закранае і чыноўнікаў. Высокапасадныя змогуць выехаць толькі са згоды Лукашэнкі. У гэтым спісе, сярод іншых, старшыні абласных выканкамаў, міністры замежных і ўнутраных справаў. Забаронены выезд без згоды ўраду і для працаўнікоў дзяржаўных арганізацыяў, калі яны абслугоўваюць органы, што маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў.

А вайскоўцы, сілавікі, працаўнікі і нават персанал вайсковых фармаванняў мусяць атрымаць згоду ад кіраўніцтва.

«Гэта падкрэслівае чыноўнікам і сілавікам, што вось, за вамі сочаць. І калі будуць нейкія спробы выйсці на кантакты з нейкімі людзьмі, якіх рэжым можа палічыць варожымі, небяспечнымі для сябе, – будуць пэўныя наступствы», – упэўненая Таццяна Ашуркевіч.

Змены зазнаў і Закон аб вайсковай службе. Цяпер беларускім студэнтам, якія хочуць вучыцца за мяжой, не дадуць адтэрмінавання ад войска. Яно застанецца толькі для тых, хто будзе атрымліваць замежную адукацыю праз накіраванне дзяржаўных органаў Беларусі. Але ў студэнтаў, якія ўжо вучацца ў замежжы, адтэрмінаванне застанецца.

«Тэндэнцыя на гэта прасочвалася прынамсі пару гадоў. Гэта ўсё – выказванні пра тое, што на Захадзе рыхтуецца агентура. Што ўсіх гэтых студэнтаў, якія там навучаюцца, вярбуюць польскія спецслужбы, літоўскія спецслужбы, амерыканскія спецслужбы», – каментуе Максім Кавалёў з юрыдычнай службы Задзіночання беларускіх студэнтаў.

Хвалюе ўрад і ўцяканне спецыялістаў з краіны ды мабілізацыйны патэнцыял. Службы можна пазбегчы і праз афармленне выезду на сталае пражыванне. Але гэта значыць, што маладзён ужо мусіць мець від на жыхарства ў іншай краіне, што здараецца нячаста. Як жа адрэагуюць абітурыенты на новыя абмежаванні?

«Тут пытанне прыярытэтаў, пытанне наяўнасці грошай і волі бацькоў. Цяпер мы кажам пра хлопцаў. Як шмат з іх гатовыя ў 18 гадоў з’ехаць за мяжу і яшчэ не вяртацца шмат-шмат гадоў? Таму думаю, што большая частка будзе абіраць усё ж навучальныя ўстановы ў Беларусі», – тлумачыць Максім Кавалёў.

Яшчэ адзін варыянт адмовіцца ад службы – адпрацаваць у органах накшталт Міністэрства надзвычайных сітуацыяў або Следчага камітэту. Але калі раней гэта трывала б два гады, то пасля зменаў у законе спатрэбіцца пяць гадоў такой працы.

Яна Шэк, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама