Расея стварыла вайсковае следчае аддзяленне ў Беларусі

Вайсковае следчае аддзяленне Расеі паўстала ў Беларусі. Тлумачаць гэта размяшчэннем на тэрыторыі нашае краіны падраздзяленняў расейскага Міністэрства абароны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тут месцяцца расейскія вайскоўцы. Нельга выключаць, што былі выпадкі, калі яны парушалі заканадаўства, парушалі статут: і расейскае заканадаўства, і беларускае. Таму патрэбныя нейкія следчыя дзеянні», – лічыць палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Летась у кастрычніку Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра разгортванне супольнай з Расеяй групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі. Цяпер тут размешчаныя ад адной да чатырох тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Тое, што з’яўляецца следчае аддзяленне, – заканамерная для такой сітуацыі зʼява, тлумачыць юрыст, які супрацоўнічае з расейскай суполкай адвакатаў і праваабаронцаў «Первый отдел» Максім Аленічаў:

«За войскам заўсёды пачынаюць разгортваць аддзяленні дзяржаўных органаў улады для кантролю за вайскоўцамі. Вядома, што праз Рэспубліку Беларусь ёсць магчымасць трапіць у больш бяспечныя краіны, чымся Расея. І такія выпадкі ўжо былі, калі праходзілі дзяржаўныя межы і ратаваліся ў еўрапейскіх краінах».

Напрыклад, расейскія вайскоўцы збягалі з палігону ў Баранавіцкім раёне. Расейскія ўлады хочуць перадухіліць дэзерцірства і самаволкі, парушэнні статуту ды абразы вайсковага камандавання ў расейскім войску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ваенна-Касмічная Акадэмія імя А. Ф. Мажайскага, Расея. Фота: mod.mil.rus / Facebook

Дзе месціцца расейскае следчае аддзяленне ў Беларусі, невядома. Справамі беларускіх грамадзянаў гэтая ўстанова займацца не можа. Калі раптам паўстане патрэба адкрыць судовую справу з удзелам і расейца, і беларуса – следчыя аддзяленні абедзвюх краінаў будуць супрацоўнічаць.

«З удзелам грамадзянаў Беларусі ў Беларусі, вядома, расейскія суды выносіць ніякіх прысудаў не могуць. У гэтай частцы ёсць іншая схема, калі крымінальная справа з удзелам грамадзянаў Беларусі можа быць вылучаная ў асобнае вядзенне. І акурат самую гэтую справу з удзелам грамадзяніна Беларусі будуць расследаваць беларускія праваахоўныя органы», – распавядае Максім Аленічаў.

Тым часам амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой падпісаў з кіраўніком самаабвешчанай ДНР Дзянісам Пушыліным пагадненне пра пашырэнне супрацы. Яно будзе датычыць сельскай гаспадаркі, машынабудаўніцтва, вугальнай галіны і паставак харчовай прадукцыі.

«Дэ-юрэ Беларусь прызнае ДНР часткай расейскай тэрыторыі. Гэта новы крок да паглыблення інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй і новы крок ва ўсталяванні новага канфліктнага поля паміж Беларуссю і Украінай», – тлумачыць Валер Карбалевіч.

Прадстаўнік так званай ДНР Яўген Сонцаў паведаміў, што ў марыупальскім порце ўжо каля двух месяцаў працуе беларуская кампанія. Яна экспартуе сваё збожжа і тэхнічныя культуры.

Яна Шэк, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама