Што будзе з ядравым парытэтам? «Белсат» 2 дні працаваў на сустрэчы міністраў абароны NATO

Краіны NATO узгаднілі новую ратацыйную мадэль паветранай абароны, ужо вылучылі паўмільярда еўраў у межах комплекснага пакету дапамогі Украіне – дапамога працягнецца і далей – ды дамовіліся адсочваць ядравую актыўнасць Расеі ў Беларусі. Але рэакцыя на магчымыя спецбоепрыпасы да «Іскандэраў» і Су-25 на нашай тэрыторыі застаецца стрыманай і спакойнай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Злучаныя Штаты, як і іншыя саюзнікі па блоку NATO, не будуць карэктаваць сваю ядравую палітыку і нарошчваць ядравую прысутнасцю ў Еўропе ў адказ на пагрозы Пуціна аб нібыта пастаўленай ядравай зброі ў Беларусі. Але сочаць за дзеяннямі Масквы.

«Што да Беларусі, то гэта яшчэ адзін прыклад, як Лукашэнка робіць безадказны і правакацыйны выбар, саступаючы Крамлю яшчэ больш кантролю над Беларуссю, насуперак волі беларускага народу. А для Расеі гэта – чарговы безадказны крок Крамля», – заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер.

Але прэзідэнт ЗША гатовы паскорыць уваход Украіны ў NATO, мінуўшы адзін з этапаў уступлення. Пра гэта паведамляюць амерыканскія медыі са спасылкай на ўласныя крыніцы. Усе рыхтуюцца да будучага саміту ў Літве.

«Мы прыкладаем усе неабходныя намаганні, каб Швецыя стала паўнавартасным чальцом Альянсу да саміту NATO у Вільні», – падкрэсліў міністр абароны Швецыі Поль Юнсан.

Прарыўная навіна: Швецыя будзе вучыць украінскіх пілотаў ваяваць на знішчальніках «Jas 39 Gripen».

«Крэмль можа нават не думаць, што заходні свет пакіне Украіну. Не, мы працягнем падтрымліваць Украіну, будзем замяшчаць тыя страты, што яна нясе. Але цяпер мы бачым, што масаваны контрнаступ яшчэ не пачаўся», – заявіў міністр абароны Эстоніі Ханна Пэўкур.

На іншых знішчальніках таго ж класу – F-16 – украінскія пілоты ўжо трэніруюцца. У гэтай справе рэй вядуць Нідэрланды і Данія, а Злучаныя Штаты толькі дапамагаюць.

Паседжанне Камісіі NATO-Украіна сумесна са Швецыяй падчас сустрэчы міністраў абароны краінаў NATO у штаб-кватэры Паўночнаатлантычнага саюзу ў Бруселі, Бельгія, 15 чэрвеня 2023 г. Фота: YVES HERMAN / Reuters / Forum

«Агулам міжнародная супольнасць навучыла 57 тысячаў украінскіх вайскоўцаў, перадала самыя розныя навыкі. Манеўры аб’яднаных радоў войскаў, лёгкая пяхота, механізаваная пяхота, штабныя трэнінгі ўзроўню ад роты да брыгады», – распавёў «Белсату» Марцін ОʼДонэл, палкоўнік арміі ЗША, PR-дырэктар вайсковай базы ў Вісбадэне.

Саюзнікі вельмі ўражаныя хуткасцю і сэнсоўнасцю, з якой украінцы асвойваюць натаўскую тэхніку на палігонах, і іх эфектыўнасцю на полі бою.

«Мы асабліва добра бачым гэта ў выпадку паветранай абароны, а гэта тэхнічна складаныя сістэмы ўзбраення, як украінцы робяць каласальную працу з сістэмамі “Patriot”, з інтэграцыяй усёй сістэмы паветранай абароны, каб адбіць расейскую агрэсію», – адзначае палкоўнік Марцін ОʼДонэл.

Расейскае ўварванне ва Украіну прымусіла блок NATO скаардынаваць планы калектыўнай абароны з абʼяднаным планаваннем узброеных сілаў, іх магчымасцяў і іх камандавання – упершыню з часоў халоднай вайны, заявіў сёння генеральны сакратар Альянсу:

«Мы сур’ёзна паставіліся да абвяшчэння, што Расея паставіць ядравую зброю ў Беларусь. Мы бачылі пэўнае рыхтаванне. Мы будзем уважліва адсочваць, што яны робяць. Мы будзем пільныя».

Як патлумачыў Енс Стольтэнбэрг, ядравыя пагрозы ў Беларусі – гэта частка агульнай мадэлі дзеяння Расеі, якая нарошчвае ядравыя сілы і перакідвае іх на новыя тэрыторыі, у тым ліку на крайнюю Поўнач.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама