Літва закрывае два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю

Літва скарачае колькасць пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю: з шасці застануцца працаваць толькі чатыры. На гэты крок Літва пайшла ў звязку з небяспекай, якая, на яе погляд, ідзе з нашай тэрыторыі – праз размяшчэнне баевікоў ПВК Вагнэра і нелегальную міграцыю.

Урад Літвы пастанавіў спыніць пропуск транспарту на мяжы з Беларуссю. Пакуль толькі ў двух пунктах: «Шумскас – Лоша» і «Твярачус – Відзы». Яны перастануць працаваць з пятніцы 18-га жніўня. Яшчэ напярэдадні Літва тлумачыла, як гэта будзе выглядаць:

«Усё абсталяванне прыбяруць на захоўванне, памяшканні будуць зачыненыя, сістэма відэаназірання правераная. Будуць паднятыя аўтаматычныя тумбы, запаленае чырвонае святло, апушчаныя шлагбаумы. У некаторых месцах мы зачынім вароты», – тлумачыў начальнік памежнага пункту пропуску «Твярачус» Марус Гаруцкас.

Міжнародныя памежныя пераходы «Твярачус – Відзы» і «Шумскас – Лоша» маюць прапускную здольнасць 50 і 250 легкавікоў за содні адпаведна. Асабліваю папулярнасцю гэтыя пераходы не карыстаюцца. Паводле Памежнага камітэту Беларусі, на 10-ую гадзіну на выезд праз Відзы было нуль аўтамабіляў, а праз Лошу – 50.

«Прычынаў для такога рашэння некалькі. Па-першае, геапалітычная абстаноўка стала больш пагрозлівай, а таксама ёсць магчымасці для пераносу сілаў на іншыя пераходы. Гэты крок скіраваны на зніжэнне кантрабанды за кошт перадачы транспарту на амаль дабудаваны і добра абсталяваны КПП «Мядзінінкай», дзе ёсць рэнтгенаўскі кантроль», – заявіла намесніца міністра транспарту Літвы Агне Вайцюкявічуце.

То бок транспартавую плынь скіруюць на астатнія чатыры пункты: «Мядзінінкай – Каменны Лог», «Лаворышкес – Катлоўка», «Райгардас – Прывалка» і «Шальчынінкай – Беняконі» – яны працягнуць працу ў звычайным рэжыме. Але беларускі Памежны камітэт пабачыў у рашэнні Літвы несяброўскія закіды.

«У рэчаіснасці, літоўскія ўлады выкарыстоўваюць любую падставу, каб перашкаджаць перамяшчэнню не толькі грузаў, але і паменшыць плынь літоўцаў, якія падарожнічаюць паводле бязвізу. Літоўскі бок, прымаючы такія рашэнні, мэтанакіравана і наўмысна стварае штучныя бар’еры на мяжы, каб дагадзіць палітычным амбіцыям», – напісаў у сваім тэлеграм-канале Памежны камітэт Беларусі.

Але разглядаць магчымасць закрыць пераходы Літва стала па абвастрэнні сітуацыі ў памежнай зоне з боку Беларусі.

«Тое, што Польшча, Літва і Латвія мелі такі намер, было чутна даўно, менавіта праз міграцыйны крызіс, які рэжым Лукашэнкі арганізаваў на мяжы з краінамі Еўразвязу. І тут мы таксама аддаем належнае таму, што ў гэтых краінах ёсць свае нацыянальныя інтарэсы, нацыянальная бяспека, і яны павінны прымаць усе меры, каб іх забяспечваць», – патлумачыў прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі.

Яшчэ адною прычынаю называюць прысутнасць ПВК Вагнэра ў Беларусі і высокую імавернасць правакацыяў з боку групоўкі. На што адрэагавалі Латвія і Польшча, узмацніўшы свае межы.

«Гаворка пра атакі на нашыя межы, і ў Польшчы ды Латвіі ёсць такая праблема, што мяжу гібрыдна атакуюць улады Беларусі. Безумоўна, мы не маем сумневаў, што гэта робіцца ў супрацы ў Расеяй», – агучыў сёння прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

На выпадак крытычнай сітуацыі краіны Балтыі і Польшча распрацавалі супольны механізм поўнага закрыцця межаў. Але ці дойдзе да гэтага?

«Я не бачу такой магчымасці, такога рашэння, я думаю, што трыгерам стане толькі істотнае пагаршэнне небяспекі з боку Расеі ці Вагнэра ў – адпаведна – Літве ці Польшчы», – мяркуе Фінскі інстытут міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў.

Аднак самое абмеркаванне гэткага пытання ўзняло хвалю абурэння ў тых, для каго жалезная заслона можа прыраўняцца да турэмнага тэрміну ў Беларусі. Але Валер Кавалеўскі запэўнівае: гуманітарныя калідоры для перамяшчэння фізічных асобаў праз мяжу з Еўразвязам застанецца нават пры найгоршым сцэнары.

«Любыя захады па абмежаванні гэтага трафіку праз мяжу, перасоўванне людзей тавараў і паслуг ні ў якім разе не павінны закранаць інтарэсы беларусаў, якія падарожнічаюць для розных мэтаў у Еўрапейскі Звяз і ў Беларусь, для нас гэта абсалютны прыярытэт, і мы будзем настойваць на тым, каб інтарэсы беларусаў былі забяспечаныя ў нармальным абʼёме», – зазначае Валер Кавалеўскі.

28-га жніўня тэму закрыцця мяжы з Беларуссю зноў абмяркуюць у Варшаве міністры ўнутраных справаў Літвы, Латвіі ды Польшчы.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама