Сяргей Хлань: «Кожнае такое пацэльванне набліжае нашую перамогу»

З пачаткам контрнаступу Збройных сілаў Украіны велізарныя чэргі ўтварыліся на ўкраінскай мяжы. Адэпты так званага расейскага свету, сем’і прарасейскіх вайскоўцаў і калабаранты імкнуцца як найхутчэй уцячы ў Расею. А тыя, хто пастанавіў застацца, штохвіліны рызыкуюць атрымаць «палымянае прывітанне» ад украінскіх ваяроў альбо партызанаў. У Кіеве папярэджваюць: літасці здраднікам не будзе!

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У акупаваных Расеяй украінскіх гарадах тым часам раз-пораз гучаць выбухі.

16 верасня ў Бярдзянску Запарожскай вобласці забітыя намеснік гарадской акупацыйнай адміністрацыі ў пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Бойка і ягоная жонка Людміла, якая займалася рыхтаваннем так званага рэферэндуму аб далучэнні часткі Запарожжа да Расеі.

Выбухнуў таксама будынак Генеральнай пракуратуры так званай ЛНР у Луганску. Стала вядома пра смерць Сяргея Гарэнкі – калабаранта-генпракурора – і ягонай намесніцы. Паведамляецца, што бомба была закладзеная ў кабінеце кіраўніка Генпракуратуры.

А ў цэнтры Херсону выбух адбыўся падчас нарады з удзелам сфармаванай акупацыйнай адміністрацыі. Раненні атрымала кіраўніца аднаго з дэпартаментаў, а ейны кіроўца нібыта загінуў. У калабаранцкай «адміністрацыі» Херсонскай вобласці паведамілі, што сярод чальцоў ураду ахвяраў няма. Толькі пацярпелі як найменей тры асобы. Іх адправілі ў шпіталь з цяжкімі траўмамі.

Сяргей Хлань, дарадца кіраўніка Херсонскай вобласці Украіны, пракаментаваў сітуацыю так:

«У Херсоне прыляцела ў будынак суда, дзе размяшчаліся і так званы ўрад акупантаў, і “вайскова-цывільная адміністрацыя” здраднікаў. Кожнае такое пацэльванне набліжае нашую перамогу».

Пазней адзін з калабарантаў акупацыйнай улады паскардзіўся, што ў ягоны кабінет прыляцелі ажно пяць ракетаў з амерыканскай сістэмы залпавага агню HIMARS.

Вядома ж, здраднікам страшна жыць у любой краіне. А ў страху – вочы вялікія.

Марына Яновіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама