Чаму ўніверсальная юрысдыкцыя не дае вынік?

«Белсат» пабываў на закрытым паказе дакументальнага фільму «Беларускі працэс». Стужка асвятляе праблемы выкарыстання ўніверсальнай юрысдыкцыі на практыцы. Напрыклад, калі справы расследаваныя, але не ідуць у суд.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мне пазваніў былы вельмі высокапастаўлены літоўскі палітык раніцай і сказаў: “Я апускаю рукі, я не магу зразумець, чаму пракуратура не хоча заводзіць крымінальную справу”. І вось гэта пытанне да палітыкаў гэтых краінаў», – падзяліўся кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Цяпер расследуюць каля чатырох справаў супраць сілавікоў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Яны зборныя – то бок у іх фігуруюць па дзесяць-дваццаць асобаў. Перадусім над такімі справамі працуюць Нямеччына, Чэхія, Польшча і Літва – балтыйская суседка асабліва паспяхова. Але хоць некаторыя выпадкі і расследаваныя – у суд яны не ідуць. Выракаў, абвяшчэння сілавікоў у вышук – няма. Не стае палітычнай волі, лічыць Павел Латушка:

«Ці завышанымі ёсць нашыя жаданні ад еўрапейскіх краінаў? І вось тут я скажу: не, не завышаныя. Проста ў іх заніжанае жаданне выкарыстаць у іх прававыя інструменты. Калі мы разумеем, што права перадусім, і права павінна вырашаць, і толькі на працэдуры, на жаль, час ад часу ўплывае і палітыка».

А прававыя інструменты сапраўды ёсць. Міжнародная канвенцыя супраць катаванняў дазваляе выкарыстоўваць універсальную юрысдыкцыю, якая робіць магчымымі нават завочныя суды над сілавікамі. У свеце ёсць больш за сто паспяховых прыкладаў выкарыстання ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Аляксандр Азараў з «BYPOL» таксама занепакоены тым, што справы не ідуць у суд і плануе развязак праблемы:

«Я сустракаўся з адвакатамі ў Літве – і была такая прапанова, каб парламент Літвы са справаздачай запрасіў да сябе, напрыклад, генеральнага пракурора, і каб ён распавёў пра гэтыя крымінальныя справы. Такім чынам можна зрушыць хаду следства. Можа быць, тады яны заварушацца, нешта зробяць і ўсё ж накіруюць справу ў суд».

Віталя Алейніка катавалі ў жодзінскай турме. Заяву на завядзенне крымінальнай справы мужчына падаў летась у сакавіку ў Літве:

«Шмат якіх матэрыялаў ужо сабрана ў гэтай справе, але літоўская пракуратура, літоўскія следчыя органы падышлі дастаткова комплексна да гэтай справы. Яны збіраюць матэрыялы шмат ад якіх пацярпелых, з публічных крыніцаў, усё гэта супастаўляюць».

Справа Віталя дагэтуль развіваецца. Складанасць у тым, што шмат часу ідзе не толькі на працэсуальныя дзеянні, напрыклад, хадайніцтвы, узаемадзеянне са следчымі органамі і пракуратурай, але і на ўзаемадзеянне з офісам расследаванняў фінансавых злачынстваў. Мэта – кампенсаваць нанесеную шкоду беларускімі актывамі ў Літве.

«Гэтыя актывы, мы бачым, спрабуюць вывесці, прадаць тут. І потым, зразумела, што людзям будзе вельмі цяжка атрымаць і грашовыя кампенсацыі, якія б ні былі», – распавядае Віталь Алейнік.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне заклікае беларусаў працягваць падаваць заявы, каб пашыраць геаграфію такой юрыдычнай практыкі. Пакуль краіны Еўропы разглядаюць дзясяткі справаў. Усяго ж станам на сёлетні кастрычнік праваабаронцы з «Вясны» задакументавалі больш за паўтары тысячы фактаў гвалту ад сілавікоў.

Яна Шэк, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама