Наколькі эфектыўным будзе 9-ы пакет санкцыяў ЕЗ супраць Расеі?

Новы пакет санкцыяў уключае абмежаванні на інвестыцыі ў расейскую здабыўную прамысловасць, энергетычны сектар і банкаўскі сектар. Спрычыняецца і да шэрагу расейскіх кампаній і фізічных асоб. ЕЗ рашырыў таксама экспартны кантроль на пастаўкі ў Расею хімічных рэчываў, электронікі і кампанентаў ІТ, асабліва ў авіяцыйнай і касмічнай галінах. Што ж атрымалася ў выніку?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле еўрадэпутата Пятраса Аўштравічуса:

«Тры камерцыйныя банкі, чатыры тэлевізійныя кампаніі, і недзе, паводле падлікаў, 2 мільярды эканамічнай дзейнасці, звязанай з рознымі кампанентамі, электронікай, што можа выкарыстоўвацца ў вырабе дронаў і іншых кампанентаў магчымага падвойнага выкарыстання».

Наш суразмоўца называе гэты пакет «кампрамісным». З аднаго боку, у санкцыйны спіс трапілі сто восемдзесят расейскіх персаналіяў і юрыдычных асобаў, звязаных з падтрыманнем агрэсіі ва Украіне. З другога – для Расеі ёсць пэўныя паслабленні ў экспарце ўгнаенняў праз еўрапейскія парты.

Асноўная таму прычына – пазіцыя Францыі, Нямеччыны, Нідэрландаў, Бельгіі, Іспаніі ды Італіі. Маўляў, адназначныя абмежаванні экспарту расейскіх угнаенняў праз еўрапейскія парты пагражаюць харчовай бяспецы развіваных краінаў. У першую чаргу, краінаў Афрыкі. Ці мог, аднак, Еўразвяз зрабіць больш дзеля эканамічнага ціску на краіну-агрэсара?

Кажа эканаміст Мікалай Кульбака:

«Наколькі сур‘ёзна будзе гэты пакет дзейнічаць, у прынцыпе залежыць не столькі ад таго, якія меры прынятыя, але ад таго, як яны будуць выконвацца. Мы цяпер не вельмі разумеем і, я падазраю, Еўразвяз не вельмі разумее, дзе будзе вось той самы абмежавальны чыннік, які перашкодзіць Расеі ваяваць і развіваць сваю эканоміку».

Між тым еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус падзяліўся з «Белсатам», як працуе пуцінскае лобі:

«На апошнім этапе прыняцця рашэнняў вялікі сябар Пуціна Орбан запатрабаваў, каб тры міністры РФ: аховы здароўя, энергетыкі і спорту – былі выключаныя з гэтага пакета. Я віншую Пуціна, ён мае свайго сябра Орбана, які працуе на Расею, а не на Еўразвяз і не на карысць Украіны».

А што Крэмль на новы санкцыйны пакет? Пяскоў кажа:

«Давайце спачатку азнаёмімся са спісам, вывучым афіцыйную інфармацыю, а затым сфармулюем некаторыя адказы. Пакуль нічога не абвешчана».

Між тым, напярэдадні Пуцін выхваляўся ростам станоўчага сальда гандлёвага балансу Расеі. Маўляў, санкцыі санкцыямі, але за дзевяць сёлетніх месяцаў пастаўкі асноўных сыравінных тавараў з Расеі ў Еўразвяз выраслі на пяцьдзясят адсоткаў. Што праўда, эканаміст з такім аптымізмам нязгодны:

«Ён (гандаль), можа быць, упаў не так моцна, як мог бы. Гэта па-першае. Па-другое, разумееце, асноўныя санкцыі на гандаль з Еўропай пачалі дзейнічаць з восені. І калі мы будзем браць статыстыку з кастрычніка да лістапада – падзенне будзе нашмат сур’ёзнейшае».

Беларусь жа ў дзявяты пакет санкцыяў не трапіла. Нягледзячы на бразґанне зброяй, ваяўнічую рыторыку і прадстаўленне сваёй тэрыторыі агрэсару. Пятрас Аўштравічус дадае:

«Як заігрывалі з Макеем, думалі, што ён праеўрапейскі міністр замежных справаў Беларусі і спадзяваліся на яго, так і цяпер. Вы ведаеце, ніхто, напэўна, не застрахаваны ад памылак, але такое сістэматычнае іх паўтарэнне мяне проста агаломшвае».

Непашырэнне антырасейскіх санкцыяў на Беларусь эксперты называюць стратэгічнай памылкай ЕЗ. У час Х гэта ніякім чынам не стрымае Лукашэнку ад паўнавартаснага ўступлення ў вайну на баку агрэсара, упэўненыя яны.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама