ЗСУ адступаюць з Аўдзееўкі

Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі даў загад усім падраздзелам украінскай арміі пакінуць Аўдзееўку. Пры гэтым падкрэсліў: украінскія вайскоўцы зрабілі ўсё магчымае, цытата, «для знішчэння найлепшых расейскіх вайсковых частак». Як патлумачыў Уладзімір Зяленскі, адвод войскаў з Аўдзееўкі быў накіраваны на абарону жыцця ўкраінскіх жаўнераў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Рашэнне правільнае! Каб не трапіць у акружэнне. Прынятае рашэнне адысці на іншыя рубяжы. Гэта не значыць, што людзі адышлі на нейкія кіламетры і Расея нешта захапіла. Яна нічога не захапіла. Мы павінны з вамі зразумець: Расея за два гады вайны старалася на Усходзе нешта зрабіць. Што такое «нешта»? Яны проста разбурылі нейкую колькасць маленькіх паселішчаў, мястэчак. Але больш за ўсё яны разбурылі нашае жыццё».

Таксама прэзідэнт Украіны намякнуў, што адыходу з Аўдзееўкі магло б і не быць:

«Буду чакаць на адпаведную зброю, якой проста не хапіла. Проста не хапае! Кажу вам гэта абсалютна справядліва. Ну няма дальнабойнай зброі! У Расеі ёсць. А ў нас яе вельмі мала. Вось і ўся праўда».

Выхад асабовага складу ЗСУ з Аўдзееўкі адбываўся згодна з распрацаваным сцэнаром пры магчымай змене аператыўнай абстаноўкі, адзначыў камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкаю войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі. Пры гэтым ён прызнаў, што на заключным этапе аперацыі, пад ціскам перавагі сілаў ворага, частка ўкраінскіх вайскоўцаў трапіла ў палон. Увогуле, адступленне – гэта вельмі складаная вайсковая аперацыя, кажа ветэран расейска-ўкраінскай вайны Яўген Дзікі:

«Прынамсі з трох бакоў ад цябе ёсць вораг. Ты адыходзіш так ці інакш пад агнём. Але самая складаная задача – гэта тая, якую выконваюць астатнія часткі. Для асноўнай часткі байцоў задача – проста выйсці. А вось нейкія часткі заўсёды выконваюць самую страшную і гераічную місію – прыкрываюць астатніх. Вось тыя часткі, якія займаюцца прыкрыццём, – яны заўсёды нясуць вельмі сур’ёзныя страты і менавіта яны больш за ўсіх рызыкуюць трапіць у палон».

На кадрах, знятых байцамі 3-й асобнай штурмавой брыгады ЗСУ, відаць, як ва ўмовах інтэнсіўных баёў змушаныя адыходзіць салдаты. Група загружаецца ў бронетранспарцёр, і як толькі машына адʼязджае, у яе прылятае расейскі FPV-дрон. Следам за ім ляціць яшчэ некалькі, і байцы змушаныя ад іх адстрэльвацца са звычайных аўтаматаў.

Самыя ваяры ЗСУ кажуць, што стратэгічнае значэнне Аўдзееўкі для расейцаў было значна большым, чым для Украіны.

«Калі вы паглядзіце на карту, вы ўбачыце, што Аўдзееўка была такім вельмі глыбокім выступам на акупаваных тэрыторыях. Гэта было нешта накшталт нашага нажа, усаджанага глыбока ў кантраляваную расейцамі тэрыторыю. І гэта была найбліжэйшая для нас кропка да Данецку. Мы адтуль маглі даставаць Данецк і рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, і нават ствольнай артылерыяй. Таму для расейцаў выгнаць нас з Аўдзееўкі было вельмі важна», – кажа ветэран расейска-ўкраінскай вайны, вайсковы аглядальнік Яўген Дзікі.

Паводле Яўгена Дзікага, страты расейцаў у Аўдзееўцы ў некалькі разоў большыя, чым іхныя страты ў Бахмуце. У свой час павадыр ПВК Ваґнэра Яўгеній Прыгожын сцвярджаў, што Расея там страціла сама меней 100 тысячаў сваіх жаўнераў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама