На рынку нерухомасці адбыўся бум

Цэны на кватэры растуць, а ў след за імі расце і попыт на гэтыя кватэры. Пры гэтым каля 30% угодаў на продаж кватэраў у Менску беларусы афармляюць з замежжа. З чым звязаныя гэтыя працэсы на рынку нерухомасці?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стала вядомая колькасць угодаў куплі-продажу кватэраў за сакавік. І яна рэкордная, калі параўноўваць з папярэднімі перыядамі, – 1439 угодаў.

«Зіма – гэта зацішша, вясной заўсёды быў перыяд, калі актыўнасць на рынку нерухомасці большая: больш арэнды, больш продажу, больш заключаецца нейкіх дамоваў», – тлумачыць юрыст у сферы нерухомасці Аляксандр Штрыкуль.

Сёлетнія паказнікі – працяг уздыму мінулага год, калі колькасць угодаў на продаж-куплю кватэраў вырасла на 11,9 %.

«Рост колькасці ўгодаў у 2022 годзе шмат у чым выкліканы з’яўленнем на другасным рынку вялікай колькасці кватэраў “Менск-Свет”, рост цэнаў – адтуль жа, бо прадаўцы выстаўлялі жыллё за большы кошт, чым яны заплацілі ў працэсе будаўніцтва», – каментуе парталу myfin.by дырэктар агенцтва нерухомасці «Эксперт» Павел Астапеня.

Сёлета ў сакавіку квадратны метр на другасным рынку кватэраў у Менску каштаваў ад 980 да 1480 долараў. І гэта вышэй, чым цэны мінулага года на 4,3 %. Найбольшаю папулярнасцю карыстаюцца аднапакаёўкі, пасля – двухпакаёўкі, і ў апошнюю чаргу – трохпакаёўкі. 93% угодаў датычыць кватэраў коштам да $ 100 000 ста тысяч долараў у эквіваленце. Рост колькасці дамоваў патлумачыць партал «myfin.by».

«Спажывецкія чаканні негатыўных сцэнароў у эканоміцы і чаканне таго, што гэта адлюструецца на кошце ў горшы бок, зʼяўляецца матывам для таго, каб прадаваць цяпер», – адзначае юрыст у сферы нерухомасці Аляксандр Штрыкуль.

Гэтаксама на рынку жылля заўважны рост продажу кватэраў паводле генеральнай даверанасці. Згодна інфармацыі сайту «realt.by», за 5 гадоў такіх аперацыяў стала болей у 6 разоў, што склала 30 адсоткаў ад агульнай колькасці ўгодаў на продаж кватэраў.

«Гэта кажа пра тое, што беларускі рынак нерухомасці становіцца прагрэсіўным. На захадзе гэта ўжо даўно прынята выпісаць на кагосьці даверанасць і не займацца гэтым. Гэта зручны спосаб для продажу сваёй нерухомасці», – каментуе беларускі агент нерухомасці ў Варшаве Руслан Шуцько.

Сярод краінаў, адкуль беларусы прадаюць жыллё, лідаруе Польшча. Менавіта ў гэтую краіну ў большасці сваёй выязджаюць беларусы пасля пратэстаў 2020 года. Зрабіць даверанасць на продаж нерухомасці ў Польшчы можна праз беларускае консульства. А таксама праз польскага натарыуса.

«Даверанасць павінна быць аформлена толькі як акт натарыяльны. Бо ў Польшчы натарыусы ажыццяўляюць такое дзеянне як звычайнае засведчанне подпісу пад адвольным тэкстам. Такі дакумент, згодна польскаму заканадаўству, натарыяльным актам не зʼяўляецца. Натарыяльныя акты ў Польшчы афармляюцца выключна на польскай мове», – тлумачыць юрыст, які кансультуе беларусаў у Польшчы, Сяргей Прудыус.

Пасля афармлення ў натарыуса акт трэба заверыць у польскім акруговым судзе і засведчыць апастылем у Міністэрстве замежных справаў Польшчы. А напрыканцы – ужо ў Беларусі – перакласці з польскай на дзяржаўную мову і заверыць у беларускага натарыуса.

«Калі кватэра набытая падчас шлюбу, тады на яе продаж будзе неабходная згода сужэнца. Ужо гэтая згода можа быць аформлена ў Польшчы праз засведчанне подпісу ў польскага натарыуса, у гэтым выпадку дакумент можа быць на расейскай мове», – дадае Сяргей Прудыус.

Як паказвае праведзенае намі апытанне, 17% беларусаў замежжа збіраюцца або ўжо прадалі сваю нерухомасць у Беларусі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама