Яшчэ крок быў зроблены да ордару на арышт Лукашэнкі

Новае дакументаванне злачынстваў дыктатара. Пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі прынамсі 2442 дзіцяці ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразлівых групаў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ейлаўскай школы аховы здароўя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Паводле палажэнняў ААН, гвалтоўнае перамяшчэнне дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую ёсць актам генацыду. Факты таго, што ўкраінскія дзеці аказваліся на тэрыторыі Беларусі, азначаюць, што лукашэнкаўскі рэжым фактычна быў саўдзельнікам актаў генацыду», – кажа праваабаронца Мікалай Полазаў.

Паводле 40-старонкавай справаздачы, дзяцей забіралі прынамсі з 17 гарадоў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў Украіны.

Больш за дзве тысячы дзяцей размяшчалі ў дзіцячым лагеры «Дубрава» ў Менскай вобласці Беларусі ў перыяд з верасня 2022 года да траўня 2023 года, а 392 дзіцяці – у 12 іншых установах па ўсёй краіне.

«Гэтая амерыканская справаздача яшчэ раз вельмі дакладна сведчыць і пацвярджае факт незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў на тэрыторыю Беларусі, плюс пераадукацыю ў наратывах “русского мира”, мілітарызацыю», – кажа намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь носіць сістэматычны характар, гаворыцца ў справаздачы. Перавыхоўвалі дзяцей прынамсі ў васьмі з трынаццаці беларускіх установаў.

Прынамсі 6 групаў дзяцей з Украіны прайшлі вайсковую падрыхтоўку, у тым ліку на базах органаў унутранай бяспекі Беларусі.

Падкрэсліваецца ў справаздачы і роля, якую адыгралі ў перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей кіраўнікі краінаў і спецслужбаў Расеі ды Беларусі.

«Дзяцей вывозілі ў тым ліку з франтавой зоны. Дзяржаўны пракурор Украіны называў лічбу 19 тысяч дзяцей. І калі мы кажам пра некалькі тысяч дзяцей, што ўтрымліваюцца ў Беларусі, то маштаб супрацы Лукашэнкі і Пуціна, безумоўна, вялікі», – лічыць Мікалай Полазаў.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Запарожжа прыехалі «на аздараўленне» ў Беларусь. 25 красавіка 2023 года. Фота: Алексей Талай / vk.com

У справаздачы пералічваецца шэраг асобаў, датычных да вывазу дзяцей у Беларусь, сярод якіх – Аляксей Талай. Але займаўся вывазам таксама Беларускі Чырвоны Крыж: яго кіраўнік Дзмітрый Шаўцоў адкрыта казаў пра гэта ў інтэрвʼю праўладным медыям. Ды і Лукашэнка не адмаўляе сваёй ролі:

«Я выйшаў на Пуціна, кажу: давай частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак. Пачалі іх прывозіць. Аздаравілі, яны зʼехалі, зʼязджаць не хочуць. А мяне ў Крымінальны суд. За што?»

Каб пацвердзіць, што ўкраінскіх дзяцей прывозяць менавіта дзеля аздараўлення, лукашэнкаўскія ўлады арганізоўвалі іх сустрэчу ў Наваполацку з замежнымі дыпламатамі, якую праігнаравалі прадстаўнікі заходніх краінаў. Для Лукашэнкі пагроза Міжнароднага крымінальнага суда – моцны ўдар па сістэме, якую ён выбудаваў, лічыць Павел Латушка:

«Калі ён атрымлівае чорную метку як патэнцыйны ваенны злачынца, гэта дэстабілізуе сістэму вакол яго. Гэта не азначае, што заўтра адбудзецца палацавы пераварот у Беларусі, але большасць людзей, якія вакол яго, будуць разумець, што будаваць перспектыву побач з Лукашэнкам няма сэнсу».

Справаздачу пра расейскую праграму перавыхавання і ўсынаўлення ўкраінскіх дзяцей, працягам якой ёсць цяперашняя публікацыя, Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ейлаўскай школы аховы здароўя выпусціла ў лютым. І праз месяц Міжнародны крымінальны суд выдаў ордары на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў Расеі Марыі ЛьвовайБяловай.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама