Пра што Пуцін будзе размаўляць з Лукашэнкам?

Пуцін хоча ўзмацніць кантроль над Беларуссю – мяркуе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны. Таму падчас перамоваў з Лукашэнкам, што адбудуцца днямі, акцэнт будзе на паглыбленні інтэграцыі. Імаверна, гэта дапаможа Пуціну падтрымаць сваю папулярнасць унутры Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ўлічыць, што ў Расеі ва Украіне ўсё ідзе не паводле плану, то Пуціну трэба мець нейкую геапалітычную перамогу, якую можна прадаць сваім выбарцам праз 15 месяцаў, калі Пуцін вырашыць пайсці на чарговы прэзідэнцкі тэрмін», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Дарэчы, сёлета 30 снежня – сотыя ўгодкі ўтварэння Савецкага Саюзу. А Пуцін любіць прыгожыя даты, адзначае Дзмітрый Балкунец. Таму, на думку палітолага, на перамовах можа ісці гаворка пра стварэнне нейкага «СССР 2.0» з далучэннем да яго, акрамя Беларусі, нават непрызнаных утварэнняў, накшталт Абхазіі.

Лукашэнка ж акцэнтуе ўвагу не на геапалітыцы, а на больш прыземленых гаспадарчых тэмах, якія нібыта стануць галоўнымі на перамовах. Ён казаў, што будзе абмяркоўваць з Пуціным бюракратычныя перашкоды, якія ўзніклі ў супольнай беларуска-расейскай працы над пераадоленнем санкцыяў ды імпартазамяшчэннем.

«Тут можна адразу ўявіць, што гаворка ідзе пра расейскі крэдыт, які быў абяцаны якраз на імпартазамяшчэнне ў межах саюзнай дзяржавы. І, калі Лукашэнка кажа пра бюракратычныя перашкоды, то, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тое, што грошай не даюць, а грошы трэба», – кажа палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў не думае, што на сустрэчы будзе абмяркоўвацца беспасярэдні ўдзел Беларусі ў вайне. Асабісты візіт гаспадара Крамля можа быць палітычным падарункам за лаяльнасць.

«Беларускія СМІ, беларуская прапаганда будуць акцэнтаваць той факт, што Пуцін прыехаў і паказаў свае адносіны да Лукашэнкі, і тым самым Пуцін падмацуе яго палітычныя пазіцыі ў краіне і сярод эліты, і сярод насельніцтва», – кажа Рыгор Ніжнікаў.

На думку экспертаў, гэты візіт выгадны Крамлю і тым, што дапамагае стварыць дадатковую напружанасць вакол Украіны.

«Гэтая сустрэча ўзмоцніць расейскую інфармацыйную аперацыю, што мае на мэце пераканаць украінцаў… у тым, што Расея можа напасці на Украіну з Беларусі. Няспынныя ўдары Расеі па Кіеве, сталае разгортванне войскаў у Беларусі ды ваяўнічая рыторыка – частка гэтай інфармацыйнай аперацыі», – піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны.

Запланаваная ў Менску сустрэча Лукашэнкі і Пуціна будзе ўжо восьмай з пачатку года.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама