Спартовыя санкцыі супраць расейскага і беларускага рэжымаў

Нямецкі алімпійскі камітэт далучыўся да нацыянальных алімпійскіх камітэтаў іншых еўрапейскіх краінаў, якія выступаюць катэгарычна супраць магчымага вяртання беларускіх і расейскіх спартоўцаў да галоўных сусветных спаборніцтваў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Арганізацыя выступіла з заяваю, у якой заклікала да працягу спартовых санкцыяў у дачыненні дзвюх краінаў, адказных за агрэсію супраць Украіны. Аднак, на адрозненне, напрыклад, ад алімпійскіх камітэтаў краінаў Балтыі і Польшчы, Нямеччына не гатовая байкатаваць алімпіяду ў Парыжы, калі туды дапусцяць расейцаў і беларусаў.

«Расеі і Беларусі нельга даваць магчымасцяў выкарыстоўваць удзел і поспехі сваіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах у мэтах прапаганды вайны. Аднак ахвярамі такога байкоту стануць выключна спартоўцы, якія, магчыма, страцяць адзіны шанец ажыццявіць сваю алімпійскую мару», – гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым, галасы за вяртанне расейскіх і беларускіх спартоўцаў у некаторых відах спорту гучаць усё актыўней і часам прыводзяць да рэальнага зняцця абмежаванняў. Гэтак, Міжнародная федэрацыя фехтавання FIE на сваім пазачарговым кангрэсе 10 сакавіка прагаласавала за вяртанне спартоўцаў з Беларусі і Расеі да спаборніцтваў у нейтральным статусе. Амаль не закранулі санкцыі прадстаўнікоў боксу, тэнісу, саначнага спорту.

«У некаторых відах спорту расейскае лобі фармавалася дзесяцігоддзямі. Расейцы былі кіраўнікамі. Некаторыя федэрацыі проста жылі фактычна за грошы расейскіх спонсараў, таго ж «Газпраму». За такі доўгі час там сфармаваліся сувязі, якія працуюць з тых часоў», – кажа выканаўчы дырэктар Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Але нават у тых федэрацыях, што пайшлі на саступкі для расейцаў і беларусаў, няма еднасці ў пытанні допуску да спаборніцтваў. Не згодная з рашэннем FIE, Федэрацыя фехтавання Нямеччыны скасавала правядзенне этапу Кубка свету па жаночай рапіры – аднаго з першых вялікіх турніраў, дзе маглі паўдзельнічаць прадстаўніцы Расеі і Беларусі. Аналагічны крок у дачыненні свайго этапу разглядае і Федэрацыя фехтавання Польшчы.

«Калі будзе кансалідаваная пазіцыя ўрадаў, федэрацыяў, НАКаў уплывовых краінаў (бо цяпер ёсць каля 35 краінаў, якія выступаюць супраць вяртання Беларусі і Расеі)… Дык вось, калі такіх краінаў стане больш за 50 (а я думаю, што гэта здарыцца бліжэй да Алімпійскіх гульняў), то гэта будзе галоўным чыннікам ціску на МАК. І я ўпэўнены, што ніякага масавага вяртання беларускіх і расейскіх рэжымных спартоўцаў не будзе, не будзе іх і на Алімпіядзе», – дадае Аляксандр Апейкін.

Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль не адмяняў рэкамендацыяў адносна бану спартоўцаў з Беларусі і Расеі на турнірах пад сваёй эгідаю. Але там таксама разглядаюць магчымасць допуску прадстаўнікоў дзвюх краінаў – пры ўмове нейтральнага статусу ды адсутнасці актыўнага падтрымання расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пастанова наконт магчымага ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў у парыжскай Алімпіядзе 2024 года можа быць прынятая на чарговым паседжанні МАК ужо ў канцы сакавіка.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама