100 гадоў мінула з дня народзінаў Васіля Быкава

Ягоныя кнігі пераклалі больш як на 50 моваў. А яго самога вылучалі на Нобелеўскую прэмію. Ці не найвядомейшы ў свеце беларускі пісьменнік нарадзіўся роўна сто гадоў таму. Напаўгалоднае маленства, вайна, пяхотная вучэльня, фронт. Выліць перажытае на паперу стала для Васіля Быкава ўнутранай патрэбай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Папулярнасць яму прынесла аповесць «Трэцяя ракета». Артылерыйскі разлік адрэзаны ад сваіх і мае вытрымаць танкавую атаку немцаў. Змяшчэнне герояў у безвыходнай сітуацыі, калі застаецца адзіны выбар – маральны, стала фірмовым стылем Быкава. Потым былі «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў» і іншыя ваенныя творы, што ўжо сталі класікай.

«Падымаў такія праблемы складаныя, як чалавек на вайне, выбару паміж жыццём і смерцю. Гэтыя тэмы ў прынцыпе вечныя. Яны актуальныя і цяпер, і тады. І яны, вядома, з гераізмам савецкага народу не вельмі спалучаліся», – кажа рэдактар bellit.info Ціхан Чарнякевіч.

Аўтара шальмавалі ў партыйным друку, на яго пісалі даносы, згадваюць біёграфы. Потым савецкая ўлада ўзялася за пернік: Быкава абсыпалі званнямі і ўзнагародамі. Але ў душы ён, падобна, заставаўся антысаветчыкам.

З надыходам перабудовы ў творчасці Быкава загучалі забароненыя раней тэмы. Гэтак, героямі апавядання «На чорных лядах» сталі ўдзельнікі разгромленага бальшавікамі Слуцкага паўстання. Каб уберагчы сваіх родных ад рэпрэсіяў, яны здзяйсняюць калектыўнае самагубства.

На самагубчы бунт наважваюцца і персанажы «Знаку бяды» – Пятрок ды Сцепаніда. Беларусы ў гэтым творы апынаюцца паміж двума таталітарнымі рэжымамі.

«Там акупанты, а тут – свае паліцаі. І гэтая думка, што свае могуць быць жахлівейшымі за чужых, і гэтыя думка потым яшчэ выразней праявіцца ў аповесці – таксама вельмі яе раю – “Пакахай мяне, салдацік”, што фашызм-гітлерызм і бальшавізм-сталінізм – гэта два бакі аднаго медаля», – зазначае літаратар Андрэй Хадановіч.

А вось героі апавядання «Жоўты пясочак» – ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў – змірыліся са сваім лёсам. І нават дапамагаюць штурхаць машыну, якая вязе іх на расстрэл.

Васіль Быкаў. Фота: Яўген Коктыш

«Гэта сур’ёзныя такія тэксты, якія паказваюць ужо сурʼёзнага нацыянальнага пісьменніка. І трагедыю беларускага народу ён адчуваў як ніхто», – кажа Ціхан Чарнякевіч.

«Ніводзін стваральнік штучных трылераў, ніводзін Стывен Кінг ці Эдгар По не стварыў гэткі свет – кашмарны, праўдападобны і блізкі нам. Гэта сон, ад якога мы не можам прачнуцца», – дадае Андрэй Хадановіч.

У апошнія гады жыцця Васіль Быкаў звярнуўся да жанру прыпавесцяў – кароткіх алегарычных апавяданняў. У якіх, аднак, беспамылкова ўгадваецца гістарычная трагедыя Беларусі. Боль за будучыню краіны гучыць і ў кнізе ўспамінаў пісьменніка «Доўгая дарога дадому».

І ўсё ж, нягледзячы на свой песімізм, у апошніх радках «Доўгай дарогі дадому» Быкаваў прызнаваўся, што спадзяецца на лепшы лёс для нашай краіны.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама