Нацыянальная небяспека: Лукашэнка зноў склікаў Саўбез

Беларусь нікому не пагражала – заявіў кіраўнік сілавога рэжыму. Падчас паседжання Саўбезу лукашэнкаўцы падпісалі дакументы, якія маюць рэгуляваць практычнае выкананне так званай «Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі». Паспрабуем зазірнуць пад грыф «сакрэтна» і высветліць, ці не будуць гэтыя захады небяспечнымі для беларусаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тактычная кашуля, флісавая куртка, баявое кашнэ, тэкстыльныя каўняры замест футравых… Міністэрства абароны прэзентавала новую вайсковую форму. Маўляў, несці службу будзе зручней.

«Канечне, гэта крок наперад з тым, што было ў іх раней, але ўлічваючы тое, як у лукашысцкім войску вядуцца справы, я вельмі сумняюся, што за найбліжэйшыя пару гадоў нехта з жаўнераў тэрміновай службы ці малодшых кантрактнікаў тэрміновай службы гэта пабачыць на ўласныя вочы», – кажа вайсковы аглядальнік «Белсату» Дзмітрый Міцкевіч.

Абгортку змяніць не так хутка. Што казаць пра рэальныя змены ў войску… Лукашэнка склікаў Савет бяспекі, каб падпісаць нарматыўныя акты да прынятай раней так званым Усебеларускім народным сходам Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.

«Патрэбныя канкрэтныя нарматыўна-прававыя акты, якія будуць яе канкрэтызаваць і прызямляць. Гэтыя дакументы – яе незамянімая частка, але, згодна з практыкаю, якая склалася, яны носяць закрыты сакрэтны характар», – заявіў Лукашэнка.

Магчыма, гэты характар датычыць прапісанай у канцэпцыі магчымасці ўжываць ядравую зброю. Але не толькі. Нацыянальная бяспека – гэта дзевяць кірункаў: вайсковая і судовая сістэмы, эканоміка, культура і гэтак далей… Што маглі схаваць службоўцы ад беларусаў і ад сваіх замежных ворагаў у актах пад грыфам «Сакрэтна»?

Паседжанне Савету бяспекі 18 чэрвеня. Фота: president.gov.by

«Верагодна, што можа быць – гэта замацаванне статусу расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта можа быць таксама інтэграцыя ў Расеяй у кірунках, як яны ўжо казалі, кібербяспекі, бо яны ведаюць пра свае сур’ёзныя праблемы ў гэтым кірунку», – дапускае Міцкевіч.

Рэжым сумняецца ва ўласнай бяспецы. Генерал-лейтэнат Аляксандр Вальфовіч апавёў, што трэба ацэньваць рызыкі ў галіне нацыянальнай бяспекі паводле трох крытэраў: стабільны, няўстойлівы, і чырвоны – што патрабуе неадкладных захадаў.

«У мяне ўзнікае пытанне: а якімі метадамі яны будуць гэта рабіць? Асабліва з крытэрамі даверу, асабліва ў такой краіне, дзе няма абʼектыўнай сацыялогіі і скразныя сацыялагічныя апытанні не праводзяцца. Дзе няма дэмакратычнай культуры. Калі ў такім грамадстве нешта такое ўводзяць, гэта значыць, што ўсё будзе вырашацца так, як яны гэтага пажадаюць», – падазрае гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

То бок могуць абвесціць сітуацыю небяспечнай і дзеяць згодна з пратаколам на такі выпадак. Аляксандр Фрыдман перакананы, што гэта чарговы інструмент для развязання рук рэжыму і персанальна Лукашэнку.

«Ён разумее, што вектар развіцця неспрыяльны, у які кірунак бы яно ні пайшло. То бок Лукашэнка рыхтуецца да вельмі цяжкіх часоў, разумее, што могуць узнікнуць праблемы ў заходнім і ўсходнім кірунках. Вось і робіцца ўсё, каб нейкім чынам гэты рэжым умацаваць і мабілізаваць», – лічыць Аляксандр Фрыдман.

Паводле эксперта, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і таемныя нарматыўныя акты адыгрываюць ролю дакументаў, якія дэманструюць субʼектнасць Лукашэнкі, насамрэч залежнага ад рашэнняў Масквы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама