Прапагандысты выбіраюць для адпачынку «занядбаны Захад»

Рым, Берлін, Парыж. І гэта далёка не ўсе гарады, якія выбіраюцца для адпачынкаў лукашэнкаўскімі прапагандыстамі. З адкрыццём турыстычнага сезону яны забываюцца пра «патрыятызм» і насалоджваюцца замежнымі паездкамі. Пры гэтым з блакітных экранаў надалей апавядаюць пра «занядбаны Захад». Чым выкліканы гэты дысананс?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Па натхненне – у вечны горад. Беларуская прапагандыстка Юлія Леановіч паехала ў адпачынак у Рым. У сацсетках работніца «СБ. Беларусь сегодня» публікуе здымкі з шпацыраў, захапляецца італьянскай ежай і сустрэчаю з Папам Рымскім.

«Мы даведаліся пра гэты выпадак толькі таму, што дзяўчына вядзе актыўна блог і там паказала гэта. Я думаю, гэта можа прывесці да таго, што забароняць весці сацсеткі вельмі адкрыта. Людзям сістэмы звычайна давалі выказваць сваё меркаванне ў сваіх медыях, але цяпер мы бачым такія выпадкі, што іхныя меркаванні могуць пайсці паасобку з дзяржаўнай лініяй», – мяркуе паліталагіня Аліна Харысава.

Паводле выдання «Наша ніва», Леановіч – працаўніца аддзелу культуры, але прапаганды ў ейных матэрыялах дастаткова. У інтэрв’ю з зорнымі гасцямі, сярод якіх – цяперашні міністр інфармацыі Марат Маркаў і нявестка Лукашэнкі ды аўтарка гіта «Ах Аляксандр» Ганна Сялук, прапагандыстка задае падступныя пытанні пра 2020-ы год і падкрэслівае «правільны выбар» прыхільнікаў дыктатара. Ці паўплывае адпачынак у «несяброўскай краіне» на карʼеру дасюль бездакорнай служкі рэжыму?

«Маральных каштоўнасцяў не хапае ў людзей, раз яны могуць вяшчаць і казаць тое, што ім кажа кіраўніцтва. А само кіраўніцтва прапагандысцкіх медыяў усё жыццё рабіла сапраўды гэтак жа: яны бралі грошы за тую прапаганду, якую вяшчаюць на БТ, і едуць у Еўропу», – кажа паліталагіня.

Акрамя Леановіч, заходнія краіны любяць наведваць і іншыя прапагандысты. Раней работнікі БТ Лідзія Заблоцкая і Антон Малюта для адпачынку выбралі Берлін. У сацыяльных сетках пара публікавала фота з сумнеўнымі жартамі. Напрошваецца пытанне: чаму ў той час, калі беларусы маюць праблемы з адкрыццём візаў і атрыманнем ВНЖ, прапагандысты лёгка перасоўваюцца па Еўропе?

«Казаць пра тое, што нам неабходна санкцыянаваць усіх, хто працуе на БТ ці іншых каналах, – гэта немагчыма, бо мэта санкцыяў не пакараць усіх агулам, а персанальна знайсці адказных за тыя ці іншыя правапарушэнні», – адзначае намеснік НАУ Арцём Брухан.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Белтэлерадыёкампанія. Фота: medplast.by

Паводле эксперта, для таго, каб прапагандыста залучылі ў санкцыйны спіс, каманда НАУ мусіць сабраць доказы ягонай антыдэмакратычнай дзейнасці, напрыклад, запіс пакаянных відэа, распальванне варожасці, прапаганда вайны. Пры гэтым Інстытут Еўрапейскага Звязу мае ліміт персанальных санкцыяў.

«Калі мы абіраем людзей, якіх трэба ўнесці ў санкцыі, мы разумеем, што гэта павінен быць кейс, які прымуць. А не проста чалавек працуе і вядзе нейкую перадачу на СТВ», – кажа намеснік НАУ.

А вось зоркі прапаганды з санкцыйных спісаў вымушаныя глядзець у бок унутранага турызму. Гэтак, дэпутат Алег Гайдукевіч днямі апавёў пра наведванне парку гісторыі «Сула», што каля Менску.

«Нават каля Менску цікава! Парк-музей “Сула” – рэкамендую, хто не быў! І добрай суботы!», – напісаў у тэлеграм-канале дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад ЛДПБ Алег Гайдукевіч.

Хвалебны водгук Гайдукевіча выклікаў абурэнне яшчэ аднаго дэпутата – Вадзіма Гігіна, паводле якога, з «Сулай» у мінулым «было шмат пытанняў і праблемаў». Летась на маёнтак апалчыліся лукашысты – праз правядзенне імпрэзаў на тэму беларускай шляхты.

Наста Печанькова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама